Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара часопісу “Magazyn Polski” выклікалі ў пракуратуру


Радыё Свабода Сёньня Андрэя Пачобута выклікалі ў абласную пракуратуру даць тлумачэньні. Яму паведамілі, што правялі экспэртызу інфармацыі ў двух нумарах часопісу “Magazyn Polski” ў эміграцыі”, які ён рэдагуе. Але спадар Пачобут адмовіўся даваць тлумачэньні. У пракуратуры знаходзілася супрацоўніца падатковай службы, якую цікавіла: ці не дапамагалі яму польскія журналісты сплаціць штраф за ягоны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце?

У пракуратуры ў Андрэя Пачобута цікавіліся, ці ён аўтар публікацыяў у “Magazynіе Polskiм” у эміграцыі” і чаму ў выданьні няма выходных зьвестак? Дарэчы, у часопісе адно пазначана, што ён надрукаваны з дапамогай камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю”, які заснаваны ў Польшчы. Тое, што ён адмовіўся даваць тлумачэньні, было аформлена ў пратаколе, паведаміў галоўны рэдактар. Паводле яго, тэчка з матэрыяламі адносна часопісу мае вялікі аб’ём, прыблізна старонак чатырыста.

Спадар Пачобут сказаў, што гутарка са старшым памочнікам пракурора вобласьці спадаром Лук’янавым закончылася наступным чынам:

(Пачобут: ) “Было ўражаньне, што праведзена вялікая праца. Ён мне сказаў, што справа пакуль што не заведзена, але сустракацца мы цяпер будзем дастаткова часта. Я разумею, што размова ідзе пра “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”.

Спадар Лук’янаў займаецца ў абласной пракуратуры наглядам за выкананьнем законаў аб дзяржаўнай бясьпецы. Размаўляць з карэспандэнтам “Свабоды” ён адмовіўся.

Андрэй Пачобут адчуў увагу з боку міліцыі і пракуратуры пасьля таго, як у праграме Беларускага тэлебачаньня яго назвалі “патэнцыйным крымінальнікам”, сьцьвердзіўшы, што ён “абвінавачваецца ў некалькіх дробных крымінальных злачынствах”. Хаця дагэтуль журналіст фігураваў як падазраваны толькі ў адной справе — аб запалохваньні дырэктара “Дому польскага” ў Шчучыне. Днямі ў Горадні быў галяндзкі журналіст, які паведаміў спадару Пачобуту, што адзін з чыноўнікаў у інтэрвію яму сказаў, што ў “Magazynіе Polskiм” у эміграцыі” нібыта ўтрымліваецца паклёп на Рэспубліку Беларусь.

У пракуратуре сёньня таксама знаходзілася супрацоўніца падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Горадні. Яе цікавіла: якім чынам Андрэй Пачобут здолеў сплаціць штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся летась у ліпені ў абарону газэты “Glos znad Niemnа”? Тады яго аштрафавалі на 5 мільёнаў 100 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG