Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пытаньне кампэнсацыі страчаных укладаў трэба адрасаваць Лукашэнку”


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” сёньня адказвае выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт, юрыст Алег Гулак і кіраўнік працоўнай групы ценявога ўраду аб’яднаных дэмакратычных сілаў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Спадар: ) “Наконт так званай датэрміновай агітацыі. Такога артыкулу ў знакамітым Выбарчым кодэксе наагул няма, як няма і такога паняцьця — датэрміновая агітацыя. Прашу зьвярнуць вашу ўвагу на гэта і таксама спадара Лазавіка. А то апошнім часам па гэтым пытаньні ўжо прыцягваюць да адказнасьці. І вось ужо знакаміты спадар Гайдукевіч на гэта спасылаецца. Прашу вас, “Свабода”, каб нехта зь юрыстаў даў гэтаму тлумачэньне. Ці ёсьць якая адказнасьць за тэрміновую агітацыю, калі яе няма ў законах?”

На пытаньне слухача адказвае выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт, юрыст Алег Гулак:

(Гулак: ) “Насамрэч, беларускае заканадаўства не ўтрымлівае такога тэрміну, як датэрміновая агітацыя, і прамой забароны на гэта няма. Але заканадаўства пабудавана такім чынам, што артыкул 45 Выбарчага кодэксу рэгулюе перадвыбарчую агітацыю і агітацыю па рэфэрэндумах. Адпаведна з гэтага артыкулу вынікае, што агітацыя кандыдатаў можа пачынацца з моманту рэгістрацыі. Рашэньні Цэнтравыбаркаму падчас гэтай выбарчай кампаніі й папярэдніх грунтаваліся на тым, што датэрміновая агітацыя — гэта значыць, да моманту рэгістрацыі — забароненая, і гэта зьяўляецца парушэньнем. Пакараньне прадугледжана такое, што за парушэньне можна вынесьці папярэджаньне ініцыятыўнай групе, і гэта можа быць улічана выбарчай камісіяй падчас рэгістрацыі кандыдатаў. Гэта можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата — і ўсё”.

Слухачка са Смаргонскага раёну задае такое пытаньне: “Ідучы да ўлады ў 1994 годзе, Аляксандар Лукашэнка абяцаў вярнуць уклады, але не зрабіў гэтага. Маўчаць і іншыя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта цяпер. А нам, хто ня зьведаў па-сапраўднаму ні дзяцінства, ні маладосьці, а ў 1960—1980-я гады сваімі запрацаванымі капейкамі дапамагаў будаваць краіну, вельмі балюча! Гэтыя грошы не прапалі! Яны ўкладзены ў фабрыкі, заводы, дарогі і іншую дзяржаўную маёмасьць. Выходзіць, што нас падманулі і абакралі! Калі ж запануе ў Беларусі справядлівасьць і закон, гарантаваныя дзяржавай? Калі нам, нашым дзецям і ўнукам дзяржава верне давер да яе ў яе дзеяньнях і ў адносінах да свайго народу? Пытаньне Зянону Пазьняку і Аляксандру Мілінкевічу”.

На пытаньне адказвае кіраўнік працоўнай групы ценявога ўраду аб’яднаных дэмакратычных сілаў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Трэба было гэтае пытаньне найперш адрасаваць Аляксандру Лукашэнку, бо ён ужо дванаццаць гадоў ва ўладзе і, на жаль, нічога не зрабіў, каб гэтыя ўклады кампэнсаваць. Нават няма такіх рэалістычных плянаў. Безумоўна, гэтыя грошы ўкладзены ня толькі ў фабрыкі і заводы. Але таксама ў тыя катэджы і іншую нерухомасьць, якая ёсьць вакол кожнага гораду ў Беларусі. Таму што гэта тыя крэдыты, якія брала тагачасная намэнклятура і партыйныя работнікі, а потым альбо вось гэтак “закапала”, альбо перавяла на нейкія свае замежныя рахункі. Мы — Нацыянальны камітэт, ценявы ўрад — разглядалі гэтае пытаньне, і ў нас такі адказ тым людзям, якія страцілі свае ўклады. Рэалістычны сцэнар заключаецца ў тым, каб правесьці народную прыватызацыю і потым грошы –— 60—65% — перавесьці ў пэнсійны фонд, каб павялічыць памер пэнсіяў. І тут можна прадугледзець такі мэханізм, што тыя людзі, якія страцілі свае ўклады, аўтаматычна атрымліваюць пэнсію на 20—30% вышэйшую. І гэта будзе такая паступовая кампэнсацыя ўкладаў. Можна таксама, калі Беларусь пачне дынамічна разьвівацца, людзям, якім 65—70 гадоў, рабіць прамыя выплаты, каб кампэнсаваць гэтыя ўклады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG