Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парлямэнцкія выбары ў Палестыне выйграў "Хамас"


Радыё Свабода Экстрэмісцкая групоўка “Хамас” заявіла пра сваю перамогу на выбарах у парлямэнт Палестынскай аўтаноміі. Прэм’ер-міністар Ахмед Курэй аб’явіў аб сваёй адстаўцы.

(Курэй: ) “Гэта – выбар народу. Яго трэба паважаць. Я думаю, калі бальшыня ў заканадаўчым сходзе будзе належыць групоўцы “Хамас”, ёй і трэба фармаваць новы ўрад.”

“Хамас” заявіў пра пачатак перамоваў з прэзыдэнтам аўтаноміі Махмудам Абасам і ягоным рухам “Фатх” пра фармаваньне ўраду. Былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр, які ачольваў міжнародную каманду назіральнікаў, заявіў, што выбары былі сумленнымі і празрыстымі.

Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што нягледзячы на перамогу руху “Хамас” на парлямэнцкіх выбарах, Злучаныя Штаты ня зьменяць свайго стаўленьня да яго як да тэрарыстычнай арганізацыі. У Ізраілі намесьнік прэм’ер-міністра Шымон Пэрэс сказаў, што перамога “Хамасу” дадае праблем найперш самім палестынцам.

***

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што пакуль групоўка “Хамас”, якая ўчора перамагла на парлямэнцкіх выбарах у Палестынскай аўтаноміі, не адмовіцца ад гвалту, яна ня можа быць партнэрам у мірным працэсе на Блізкім Усходзе. Ізраіль таксама папярэдзіў, што не прызнае палестынскі ўрад, калі яго сфармуе экстрэмісцкая групоўка “Хамас”. Тэгеран цёпла павіншаваў “Хамас” зь перамогай. Расея заявіла, што будзе працягваць супрацоўніцтва з Палестынскай аўтаноміяй.
XS
SM
MD
LG