Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ заклікае да міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі (новае)


Радыё Свабода Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала да міжнароднай ізаляцыі аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і падтрымала дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі.

У часе сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры Асамблея прыняла спэцыяльную рэзалюцыю па Беларусі. Яна грунтавалася на справаздачы, падрыхтаванай прадстаўніком Азэрбайджану ў ПАРЭ Асімам Малазадэ.

81 дэпутат былі «за», 15-супраць, а 4 ўстрымаліся. У рэзалюцыі, у прыватнасьці, асуджаецца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. “У адрозьненьне ад усіх астатніх эўрапейскіх краін, Беларусь не выконвае неабходныя ўмовы ў галіне плюралістычнай дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека, каб стаць сябрам Рады Эўропы”-гаворыцца ў дакумэнце.

У рэзалюцыі адзначаецца неабходнасьць падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі дзеля яе кансалідацыі і заклікаюцца міжнародныя арганізацыі, уключна з Эўразьвязам і АБСЭ, выпрацаваць сумесную стратэгію дапамогі дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі.

Асамблея заклікала пашырыць сьпіс чыноўнікаў беларускага кіраўніцтва, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

У часе сэсіі ПАРЭ дакладчык палітычнага камітэту Рады Эўропы ў справах Беларусі Андрэс Хэркэль заявіў:

(Хэркель: ) “Як нам усім вядома, на жаль, Беларусь - адзіная краіна ў Эўропе, якая, у адрозьненьне ад іншых, не выконвае стандартаў дзеля таго, каб стаць сябрам нашай дэмакратычнай супольнасьці. ...Перш за ўсё я хачу згадаць так званы антырэвалюцыйны закон, а дакладней - цэлы пакет розных законаў. Мне вельмі не падабаецца сама фармулёўка “антырэвалюцыйны закон”. Праўдападобна, больш трапным быў бы назоў “антыдэмакпратычны закон”. Гэта пакет законаў накіраваных супраць грамадзтва ў цэлым, супраць усяго беларускага народу”.

У часе сэсіі АБСЭ шмат увагі было прысьвечана палітычным зьнікненьням у Беларусі. Аўтар справаздачы “Зьніклыя людзі ў Беларусі”, дакладчык камітэту юрыдычных справаў і правоў чалавека Рады Эўропы Хрыстас Пугрурыдэс заклікаў зьбіраць і захоўваць усю даступную інфармацыю пра гэта.

(Пургурыдэс: ) "Карыстаючыся нагодай, я хачу настойліва заклікаць усіх беларусаў, якія валодаюць зьвесткамі, датычнымі зьнікненьня людзей ў Беларусі, перадаць іх мне, альбо ў сакратарыят юрыдычных спраў і правоў чалавека. Мы хочам надзейна сабраць гэтую інфармацыю і захаваць яе для скарыстаньня ў будучыні. Лукашэнка імкліва становіцца на шлях дыктатараў многіх іншых краінаў”.

У прынятай рэзалюцыі заклікаецца да правядзеньня незалежнага расьсьледваньня зьнікненьняў лідэраў апазыцыі і журналіста.

У сэсіі ПАРЭ ўзяў кандыдат на прэзыдэнта аб аб’яднанай апазыцыі-Аляксандар Мілінкевіч. Выступаючы перад удзельнікамі сэсіі, ён заявіў, што “на сёньняшні дзень у Беларусі няма ніякай дэмакратыі” і што “беларускае грамадзтва паралізаванае страхам”.

(Мілінкевіч: ) “Няўжо могуць быць свабоднымі выбары ў сытуацыі, калі крытыка на адрас ўладаў разглядаецца як атака супраць дзяржавы? Са студзеня гэтага году такая крытыка лічыцца крымінальным злачынствам. Ці ж могуць быць свабоднымі выбары ў краіне, дзе не існуе незалежнага радыё і тэлебачаньня? Год таму прэзыдэнт краіны парушыў Канстытуцыю і арганізаваў рэфэрэндум, які дазволіў яму балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы на трэці тэрмін. Ні мы, ні дэмакратыі ўсяго сьвету не прызналі гэтага рэфэрэндуму”.

Сёньня Мілінкевіч мае сустрэцца з генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвісам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам і дакладчыкам Групы за Дэмакратычную Беларусь Стывэнам Гоўардам. У панядзелак адбудзецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з міністрамі замежных спраў Эўразьвязу.

У сэсіі ПАРЭ ўдзельнічаў таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў. У часе свайго выступленьня ён заявіў, што “ў Беларусі ня будзе ніякай каляровай рэвалюцыі”.

(Канаплёў: ) "Я магу Вас запэўніць, што рэвалюцыі ў Беларусі не атрымаецца: ні аранжавай, ні джынсавай, і ніякай іншай. Проста народ гэтага не падтрымае. Мы не разумеем, а магчыма і разумеем, за што вы атакуеце Рэспубліку Беларусь. У нашай краіне сытуацыя ня горшая, а ў многім нават лепшая, чым ў іншых рэгіёнах. Магчыма за тое, што мы не становімся на калені перад Злучанымі Штатамі. А што з таго, калі станем на калені? Што Эўропа выйграе ад гэтага?"

У якасьці адзінага дэлегата Парлямэнцкай Асамблеі беларускае кіраўніцтва падтрымаў сябра расейскай дэлегацыі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімір Жырыноўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG