Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі саміту Беларусі й Расеі?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Віталь Сіліцкі зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Чарговае паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы было чаканым, плянаваным і, як казалі прыхільнікі інтэграцыі, у тым ліку сам Лукашэнка, амаль што лёсавызначальным. Бо меркавалася, што ён пройдзе ў лістападзе мінулага году ў Менску, і на ім павінен быць прыняты Канстытуцыйны акт. Атрымалася, што саміт прайшоў толькі ў студзені пад Санкт-Пецярбургам. Прычым, кіраўнікі Беларусі й Расеі сустрэліся не адмыслова, а паседжаньне адбылося разам з самітам Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Канстытуцыйны акт не прыняты, бакі абмеркавалі толькі тое, як ідзе праца над ім. Усё гэта сьведчыць, мусіць пра тое, што паседжаньне было дзяжурным, мела шараговы характар. Як вы ацэньваеце вынікі саміту пад Санкт-Пецярбургам? Ці можна лічыць яго сродкам падтрымкі Пуціным Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?”

(Кірыл Коктыш: ) “Саміт і ня быў нічым іншым, як сродкам падтрымкі Лукашэнкі. Трэба было неяк прадэманстраваць, што Пуцін і далей будзе працаваць з Аляксандрам Рыгоравічам. Масква ўжо даўно падтрымала Лукашэнку. Яна ўжо паказала, што не зьбіраецца падтрымліваць альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. Расея так ці інакш будзе гарантаваць легітымнасьць дзейнага беларускага кіраўніка па выбарах. Дамоўленасьць пра гэта была дасягнута на папярэдніх сустрэчах двух лідэраў.

Таму, сапраўды, гэтая сустрэча была ня больш як шараговай, дзяжурнай, была нейкім мэсыджам, паведамленьнем для ўсіх, што Масква мае намер падтрымліваць Лукашэнку.

Зь іншага боку, у больш глыбокіх дамоўленасьцях ня быў зацікаўлены Лукашэнка. Цяпер Расея яго падтрымлівае, а што яшчэ трэба? Нейкія істотныя, прарыўныя дамоўленасьці маглі б быць неадназначна ўспрыняты і ў Беларусі, і ў Расеі. Навошта ўскладняць становішча, якое цяпер зусім нядрэннае ў сэнсе электаральных пэрспэктываў Лукашэнкі?”

(Карбалевіч: ) “А як вы ацэньваеце тыя пагадненьні, якія прадугледжваюць прававую, сацыяльную абарону грамадзянаў Беларусі і Расеі ў абедзьвюх краінах?”

(Коктыш: ) “Гэта ініцыятыва Лукашэнкі. Амаль месяц таму ён сваім указам у аднабаковым парадку ўвёў для расяян шмат у якіх сфэрах тыя правы, якія маюць беларусы. І Пуцін ня меў іншага выбару, як адказаць такім жа крокам. Пагадненьне прадугледжвае сымэтрычныя крокі, якія надзяляюць беларусаў у Расеі такімі ж правамі. Гэта зноў вынік пасьпяховага прэсінгу на Расею з боку Лукашэнкі. Сама Расея на такі крок не пайшла б”.

(Віталь Сіліцкі: ) “Мэта гэтага саміту палягала ў тым, каб пазьбегнуць размоваў, чаму сустрэча напярэдадні выбараў не адбылася і што б гэта магло значыць. І вось сустрэча адбылася, дасланы сыгнал, што ўсё ідзе нармальна. Падтрымка Пуціным Лукашэнкі была гарантаваная задоўга да таго, як былі абвешчаныя гэтыя выбары. На фармат сустрэчы значна паўплывала датэрміновае абвяшчэньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Найбольш важным момантам паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы было тое, чаго на ім не адбылося. А не адбылося прыняцьця Канстытуцыйнага акту. Пытаньне цягнецца ўжо некалькі гадоў. Восеньню мінулага году афіцыйныя асобы, найперш расейскія, а таксама мэдыі, шмат распавядалі пра тое, што беларускі і расейскія бакі ўшчыльную падышлі да прыняцьця гэтага дакумэнту, які павінен даць штуршок разьвіцьцю інтэграцыі. Але пытаньне зноў адкладзена. Чаму шмат гадоў Беларусь і Расея ня могуць прыняць Канстытуцыйнага акту, хоць шмат пра яго гавораць?”

(Коктыш: ) “Канстытуцыйны акт цяпер ня надта патрэбны дакумэнт і Беларусі, і Расеі. З аднаго боку, гэты дакумэнт у тым выглядзе, як ён падрыхтаваны, спрабуе стварыць нейкую ідэальную дзяржаву, якая існуе недзе на невядомай плянэце. Бо Канстытуцыйны акт ня мае ніякіх стыковак з рэчаіснасьцю Беларусі і Расеі. Гэта дэклярацыя пра тое, як пабудаваць нейкую канструкцыю з сваёй асобнай сыстэмай прыняцьця і выкананьня рашэньняў. Але гэтая сыстэма, якая закладзена ў Канстытуцыйным акце, ніяк не суадносіцца з сыстэмай прыняцьця рашэньняў ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Таму гэта проста пустая папера, якая ня можа быць прынятая як сур’ёзны дакумэнт.

А зь іншага боку, гэты дакумэнт можа быць і вельмі небясьпечным. Вынесьці яго на рэфэрэндум і атрымаць падтрымку — рэч няхітрая. Але мэханізм інтэрпрэтацыі сувэрэнітэту, які закладзены ў Канстытуцыйны акт, дазваляе ў пэўны момант выканаўчым рашэньнем аднаго прэзыдэнта, які будзе ачольваць кіраўніцтва, пашырыць на ўсю тэрыторыю Расеі і Беларусі ўладныя паўнамоцтвы. То бок, дакумэнт утрымлівае магчымасьць ажыцьцяўленьня дзяржаўнага перавароту безь ніякіх публічных мэханізмаў кантролю.

Таму, калі разглядаць сытуацыю з гэтых двух пунктаў гледжаньня, то Канстытуцыйны акт ня будзе прыняты, у ім не зацікаўлена ні Беларусь, ні Расея. Як піяр-рэчаіснасьць ён яшчэ будзе існаваць нейкі час, але як практычны дакумэнт, ён ніколі ня будзе прыняты”.

(Сіліцкі: ) “Канстытуцыйны акт ня быў прыняты таму, чаму ён, магчыма, ніколі ня будзе прыняты. Я згодны з тэзай спадара Коктыша, што, здавалася б, фармальная прававая магчымасьць у пэўнай сытуацыі можа быць рэалізаваная. Напрыклад, пункт Канстытуцыі СССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце саюзных рэспублік, які семдзесят гадоў лічылі чыста фармальным, урэшце спрычыніўся да развалу Савецкага Саюзу.

“Папяровы” Канстытуцыйны акт таксама можа прывесьці да цалкам непрадказальных наступстваў. Хутчэй, ён можа пагражаць Лукашэнку, чым Пуціну. Таму што тут справа у фізычным аб’ёме сілы, улады, уплыву, моцы, памеру дзяржавы. Цягам 2005 году быў пэўны прэсінг на Лукашэнку, каб прымусіць яго прыняць нейкія дакумэнты, скіраваныя на рэальную інтэграцыю. Калі б выбары адбываліся ў ліпені, то нейкія падводныя плыні ў гэтай тэме мы б назіралі.

Але цяпер падпісваць Канстытуцыйны акт — гэта ўздымаць у Беларусі хвалю абароны незалежнасьці. Гэта адзіная хваля, якая ў цяперашняй сытуацыі можа тэарэтычна ўзьняцца. І гэта найперш нявыгадна самому Лукашэнку. Бо ён сам апошні час у нейкім сэнсе, фармаце гэтую тэму незалежнасьці апанаваў”.

(Коктыш: ) “Ёсьць яшчэ адна прычына, зь якой цяпер гэты Канстытуцыйны акт ня можа быць падпісаны. Цяпер не існуе ні праекту пад назвай “Беларусь”, ні праекту пад назвай “Расея”. Інакш кажучы, не існуе вызначанага шляху, якім дзяржавы будуць разьвівацца. Незразумела, куды будуць рухацца абедзьве краіны. У такой сытуацыі цяжка аб нечым дамовіцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сам факт саміту Беларусі й Расеі можна лічыць формай падтрымкі Пуціным Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Падпісаныя пагадненьні, акрамя палітычнага значэньня, маюць і ўжытковы характар, ствараюць пэўныя ўмовы для прававой, сацыяльнай абароны грамадзянаў абедзьвюх краінаў. Гэта рэдкі ў практыцы беларуска-расейскай інтэграцыі не піяраўскі, а рэальны крок для абароны людзей. Што тычыцца Канстытуцыйнага акту, то ў яго прыняцьці не зацікаўлены ні Пуцін, ні Лукашэнка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG