Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія абвясьціла аб пачатку радыё- і тэлеперадаваньня на Беларусь


Радыё Свабода Эўрапейскі камісар у замежных сувязях Бэніта Фэрэра-Вальднэр, выступаючы на пасяджэньні міжнароднай камісіі Эўрапейскага парлямэнту, абвясьціла пра пачатак незалежнага тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь ўжо напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр паведаміла, што дзеля вяшчаньня на Беларусь камісія выдаткавала 2 мільёны эўра кансорцыюму на чале зь нямецкай кампаніяй.

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Я рада абвясьціць канчатковае рашэньне выдаткаваць 2 мільёны эўра на праект перадаваньня на Беларусь. Кансорцыюм, які ачольвае нямецкая кампанія і ў які ўваходзяць партнэры з Польшчы, Літвы, Эўрапейскага Зьвязу, Беларусі і Расеі, будзе выкарыстоўваць наяўную інфраструктуру і тым самым ён гарантуе пачатак вяшчаньня ўжо ў наступным месяцы. Гэта значыць, да прэзыдэнцкіх выбараў.”

Фэрэра-Вальднэр падкрэсьліла важнасьць праўдзівага інфармаваньня насельніцтва Беларусі пра тое, што адбываецца насамрэч у краіне. Мінулай восеньню пачала вяшчаць на Беларусь на расейскай мове нямецкая радыёстанцыя “Нямецкая хваля”, але яна мае невялікі бюджэт. Новы мэдыйны праект будзе значна большым, ён уключае радыё- і тэлеперадачы на беларускай і расейскай мовах.

Фэрэра-Вальднэр таксама паведаміла, што ў наступны панядзелак 30 студзеня ў Брусэлі адбудзецца сустрэча прэтэндэнта на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча зь міністрамі замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу. Таксама Мілінкевіч сустрэнецца з каардынатарам замежнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу Хавіерам Салянам і самой Фэрэрай-Вальднэр. Эўрапейскі камісар таксама паведаміла, што на пачатку лютага Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты выпусьцяць сумесную заяву пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Фэрэра-Вальднэр вітала рашэньне Менску запрасіць назіральнікаў ад АБСЭ на сакавіцкія выбары. Беларуская апазыцыя заявіла, што яна хацела б, каб многія заходнія назіральнікі прысутнічалі і ў часе дэманстрацыяў пратэсту, якія чакаюцца пасьля Лукашэнкавай амаль ужо вырашанай перамогі на выбарах.

Фэрэра-Вальднэр таксама сказала, што Эўрапейская камісія ніяк ня можа адкрыць у Менску сваё сталае прадстаўніцтва ў Менску. У якасьці ўмовы Лукашэнка называе поўную нармалізацыю стасункаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю, а гэта, на думку Фэрэры-Вальднэр, пакуль цяжка дасягнуць. Эўракамісар падкрэсьліла, што за Беларусьсю застаецца права на ўдзел у новай Эўрапейскай палітыцы суседзтва, аднак, сытуацыя, якая складваецца ў краіне, робіць гэта немагчымым. Спачатку Беларусь павінна прысьвяціць сябе выкананьню буйнамаштабных палітычных і эканмічных рэформаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG