Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Гурыновіч


Уладзімер Арлоў, Менск Ад школьных гадоў памятаецца: “Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею, За тое, што ў сэрцы абудзіў ты надзею...”

Гэтыя не дасканалыя , наіўныя і шчырыя радкі, зьвернутыя да Францішка Багушэвіча, належаць пяру Адама Гілярыя Гурыновіча.

Зямны шлях будучага паэта пачаўся 25 студзеня 1869 году ў радавітай шляхецкай сям’і на Мядзельшчыне. Пасьля Віленскай рэальнай вучэльні ён атрымаў студэнцкую кніжку Санкт-Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, які ад сярэдзіны XIX стагодзьдзя быў магутным агменем вальнадумства. Там вучыўся, дарэчы, беларус Ігнат Грынявіцкі, які выканаў сьмяротны прысуд, абвешчаны “Народнай воляй” імпэратару Аляксандру II.

На сьветаразуменьне Адама Гурыновіча моцна паўплывалі ідэі пецярбурскай групы “Гоман”, што складалася з студэнтаў-беларусаў. Яны выдавалі на гектографе аднайменны часопіс, які заяўляў пра існаваньне беларускай нацыі, што пасьля краху Расейскай імпэрыі мусіць атрымаць самастойнасьць.

Але гэтага краху яшчэ нішто не прадвяшчала. Усемагутны корпус жандараў мэтадычна вынішчаў любыя парасткі дэмакратычных ідэяў. У 1893-м Адам Гурыновіч – кіраўнік нелегальнага “Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай” мусіў памяняць студэнцкія аўдыторыі на вусьцішныя казэматы Петрапаўлаўскай фартэцы. Выйсьці адтуль і вярнуцца пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак паблізу Смаргоні ўдалося толькі з прычыны невылечнай хваробы.

Часу на жыцьцё і творчасьць ужо не заставалася. У студзені 1894 году паэт, яшчэ пасьпеўшы адзначыць 25-ты дзень нараджэньня, памёр ад чорнай воспы. Ён так і ня ўбачыў сваіх твораў у друку. Амаль праз трыццаць гадоў вершы Адама Гурыновіча ўпершыню апублікуе газэта “Беларускі звон”. Уступны артыкул напіша Браніслаў Тарашкевіч.
XS
SM
MD
LG