Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праблемаў пры зборы не было, толькі крыху абмарозіўся"


Радыё Свабода Заўтра, 27 студзеня, апошні дзень збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Ініцыятыўныя групы, што зьбіраюць подпісы, ужо падсумоўваюць зробленае, але шмат дзе зборшчыкі яшчэ працягваюць хадзіць па кватэрах з падпіснымі лістамі. Пра тое, як ідзе збор подпісаў у Наваполацку — апытаньне, праведзенае сярод тамтэйшых зборшчыкаў.

(Трубкін: ) “Я Аляксей Трубкін. Прадстаўляю Партыю БНФ. На сёньняшні дзень сабраў роўна 100 подпісаў. Мог і больш, але бракавала часу. Праблемаў не было, калі не лічыць, што падчас збору крыху абмарозіўся”.

(Сухарукаў: ) “Прозьвішча маё Сухарукаў Ігар. Зьбіраем подпісы за Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча. Па Наваполацку агулам сабралі каля чатырох тысяч подпісаў. Зьбіраць будзем да апошняга дня. Сябры ініцыятыўных групаў зазналі прэсінг з боку ўладаў: былі пагрозы адміністрацыі аб звальненьні, прыходзілі ўчастковыя на кватэры — нібыта дзеля знаёмства, у аднаго нашага сябра падчас збору подпісаў адабралі пасьведчаньне, але потым вярнулі”.

(Студэнтка ўнівэрсытэту: ) “Мы зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Наша група агулам сабрала прыкладна трыста подпісаў, але з-за таго, што дзьвюх дзяўчат выклікалі на размову дэканы, 100 подпісаў давялося скасаваць і засталося каля двухсот”.

(Амосаў: ) “Я Ўладзімер Амосаў. Пазаўчора ў мяне адмовіліся засьведчыць падпісныя лісты, бо я памылкова паставіў свой подпіс яшчэ ў прыёмным пакоі. Фармальна яны маюць рацыю. Выявіць бы такую прынцыповасьць і пры зваротах назіральнікаў!”

(Шаўчэнка: ) “Асабіста я, Валеры Шаўчэнка, зьбіраю подпісы на карысьць Аляксандра Казуліна, і на маім рахунку ўжо каля пяцісот подпісаў. Можна было сабраць значна больш, калі б улады на розным узроўні не стваралі перашкодаў. Нас, напрыклад, не пускалі ў шматлюдныя інтэрнаты, парушаючы пры гэтым правы ініцыятыўных групаў і саміх выбаршчыкаў”.

(Крышталёў: ) “Я, Крышталёў Вячаслаў Мікалаевіч, сабраў на гэты момант 813 подпісаў: зьбіраў іх за Аляксандра Мілінкевіча. Праблемаў ніякіх не было. Людзі актыўна падпісваюцца, і пра гэта сьведчыць такі прыклад: у пад’езьдзе 36 кватэраў, а былі пад’езды, дзе зьбіралі 42 подпісы”.
XS
SM
MD
LG