Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа для збору подпісаў – шыльда з назвай вёскі


Радыё Свабода Як зьбіраюць подпісы на Рагачоўшчыне?

Сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, якія зьбіраюць подпісы ў Рагачоўскім раёне, сьцьвярджаюць, што некаторыя вясковыя кіраўнікі ў раёне выконваюць функцыі выбарчых камісіяў — правяраюць сапраўднасьць подпісаў вяскоўцаў за Аляксандра Мілінкевіча. Самі кіраўнікі з гэтымі абвінавачаньнямі не пагаджаюцца.

Тацяна Слугарова зьбірала подпісы за Мілінкевіча ў вёсках Ціхінічы і Кашара. Аднак у Ціхініцкім сельскім савеце яна не змагла засьведчыць 48 подпісаў за апазыцыйнага палітыка:

(Слугарова:) “Старшыня сельскага савету Галіна Серабро стала зьбіраць тых, хто паставіў подпісы, учыняла разборкі. Некаторыя бабулькі, маўляў, старэнькія, яны ня могуць падпісацца. І я нібыта хадзіла ад імя Лукашэнкі і падманам зьбірала подпісы. Урэшце подпісы яна не заверыла”.

Старшыня Ціхініцкага сельсавету Галіна Серабро дала такі камэнтар:

(Серабро: ) “Я ім сказала пачакаць, пакуль я зьвяжуся са старшынём раённай выбарчай камісіі. Яны, калі зьбіралі подпісы, то называліся работнікамі райвыканкаму, і подпісы нібыта зьбіраюць за прэзыдэнта Лукашэнку. У сапраўднасьці — зьбіралі за Мілінкевіча. І адразу на другі дзень да мяне паступілі скаргі жыхароў”.

У вёсцы Кашара Тацяна Слугарова змагла сабраць толькі 16 подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Паводле сьведчаньня сябра ініцыятыўнай групы апазіцыйнага палітыка Віктара Жылінскага, старшыня сельгаскаапэратыву “Кашара” Ніна Церашкова адмыслова папярэдзіла вяскоўцаў, што яны мусяць падпісвацца толькі за Лукашэнку. Тацяне Слугаровай наагул заявіла, што яе мяжа для збору подпісаў — шыльда з назвай вёскі:

(Жылінскі: ) “Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву пагражала ёй, што калі яна будзе зьбіраць подпісы за Мілінкевіча, то далей за ўказальнік вёскі наагул ня зойдзе”.

Старшыня сельгаскаапэратыву “Кашара” з аднайменнай вёскі Ніна Церашкова патлумачыла, што добра ведае выбарчае заканадаўства, нікому ніякіх перашкодаў у зборы подпісаў ня чыніць:

(Церашкова: ) “Бог ты мой, няхай зьбіраюць. Я што — супраць? Я што — кагосьці спыніла альбо запярэчыла? Нейкае насланьнё на гэтую Церашкову”.
XS
SM
MD
LG