Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэйме Польшчы створаная група салідарнасьці зь Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У польскім Сэйме створаная “Дэпутацкая група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю”. Яе сябры – а гэта дэпутаты і кіруючай партыі, і апазыцыі – маюць намер актывізаваць працу польскага парлямэнту і парлямэнтаў суседніх дэмакратычных краінаў у справе ціску на цяперашнія беларускія ўлады, каб яны паважалі правы грамадзянаў.

Дэпутатская група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю паўстала з ініцыятывы дэпутатаў буйнейшай апазыцыйнай фракцыі “Грамадзянская плятформа” і дэпутатаў ад кіруючай партыі “Закон і справядлівасьць”. Гаворыць адзін з галоўных ініцыятараў яе стварэньня, дэпутат зь Беласточчыны Робэрт Тышкевіч.

(Тышкевіч: ) “Мы бачым чатыры сфэры парлямэнцкай дзейнасьці, якія мы маглі б актывізаваць. Па-першае, гэта прыняцьцё ўсемагчымых рэзалюцыяў у справе парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Падаецца, што цяпер у гэтай справе больш актыўны эўрапейскі парлямэнт, а ня польскі – гэта трэба зьмяніць. Мы павінны заняць цьвёрдую пазыцыю і ціснуць на рэжым Лукашэнкі. Па-другое, мы хочам зьвярнуць увагу парлямэнтаў суседніх дэмакратычных краінаў – Літвы, Латвіі, Украіны - на тое, што адбываецца ў Беларусі, каб мы разам на міжнароднай арэне маглі выступаць у гэтай справе.

Па-трэцяе, трэба націскаць на ўрад, каб Польшча больш актыўна падтрымлівала дэмакратычныя сілы ў Беларусі, адстойвала правы нашай нацыянальнай меншасьці. І, нарэшце, супрацоўніцтва зь недзяржаўнымі арганізацыямі”.

Спадар Тышкевіч спадзяецца, што да новай парлямэнцкай групы далучацца дэпутаты ад усіх палітычных сілаў, прадстаўленых у цяперашнім польскім парлямэнце.

(Тышкевіч: ) “На карысьць гэтага сьведчыць перадусім тое, што так шмат дэпутатаў былі ў залі паседжаньняў парлямэнту ў часе ўчорашняга выступу Аляксандра Мілінкевіча, тое, як яго віталі. Яшчэ зьвярту ўвагу, што група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю паўстала з ініцыятывы апазыцыйнай і кіруючай партыяў. Як бы горача мы не спрачаліся ў парлямэнце што да нашых унутрыпольскіх справаў, дык калі гаворка ідзе пра Беларусь, мы разам. Так што я думаю, што ўсё будзе добра”.

Сябры групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю ўжо пачалі каардынаваць справы, зьвязаныя з выездам польскіх дэпутатаў-назіральнікаў на выбары ў Беларусь, а таксама робяць захады ў справе паскарэньня адкрыцьця беларускага радыё на тэрыторыі Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG