Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cяргей Скрабец здымаецца з выбарчай гонкі на карысьць Казуліна


Радыё Свабода Сабраўшы 101 тысячу 618 подпісаў, ініцыятыўная група палітвязьня Сяргея Скрабца спыняе працу. Сам прэтэндэнт праз кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы заявіў пра выхад з выбарчай кампаніі й заклікаў прыхільнікаў галасаваць за Аляксандра Казуліна.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк атрымаў з турмы ліст Сяргея Скрабца з заявай, у якой той тлумачыць, што ня верыць у сумленныя выбары ў Беларусі, у тое, што яго зарэгіструюць кандыдатам, а таму адмаўляецца ад далейшага ўдзелу ў кампаніі.

У сваёй заяве спадар Скрабец заклікае сваіх выбарцаў падтрымаць Казуліна, погляды якога яму бліжэйшыя, паведаміў спадар Галаганюк.

(Галаганюк: ) “У нас вялізны ўплыў Расеі, на наш народ, таму патрэбная альтэрнатыва ў асобе Казуліна. І яшчэ як вялікі фактар ён тлумачыць, што трэба, каб паверыла намэнклятура, чыноўнікі, службоўцы, якія баяцца з боку дэмакратыі рэпрэсіяў”.

Спадар Галаганюк паведаміў, што атрымаў інструкцыі працаваць на выбарах разам са штабам Казуліна, і ўжо правёў перамовы зь лідэрам БСДП. Аляксандар Казулін вітаў учынак Скрабца — як крок, скіраваны на аб’яднаньне апазыцыйных сілаў:

(Казулін: ) “Скрабец — чалавек вельмі мужны, які, разумеючы, на што ён ідзе, і што ўлада яму гэтага не даруе, разам з тым ня збочыў з вызначанай дарогі, а праходзіць свой шлях да канца. Такіх людзей я заўсёды паважаў, паважаю і буду паважаць”.

Аляксандар Казулін разьлічвае на падтрымку ня толькі каманды Скрабца, але і былой дэпутацкай групы “Рэспубліка”, якую той калісьці ўзначальваў.

Ігар Азарка, кіраўнік ініцыятыўнай групы іншага сябра групы “Рэспубліка” Валерыя Фралова, заявіў, што не разумее, чаму Скрабец выступіў у падтрымку Казуліна:

(Азарка: ) “Я лічу, што падпісацца ў падтрымку Казуліна — гэта, шчыра кажу, другі праект Лукашэнкі, вось і ўсё”.

Спадар Азарка запэўніў, што ягоны кандыдат ня будзе здымацца з выбарчай гонкі. Кіраўнік прэсавай службы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Вазьняк гэтак пакамэнтаваў крок Скрабца:

(Вазьняк: ) “Гэта асабістая справа кожнага грамадзяніна Беларусі, каго падтрымліваць на прэзыдэнцкіх выбарах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG