Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За маразы плаціць насельніцтва


Радыё Свабода Міністэрства аховы здароўя Беларусі афіцыйна паведаміла, што за чатыры дні найвялікшых маразоў па мэдычную дапамогу зьвярнуліся амаль 850 чалавек. З дыягназам “абмаражэньне” шпіталізавана больш як 200 пацыентаў.

Літаральна ля сьценаў Менскай цеплаэлектрастанцыі ТЭЦ-5 месьціцца пасёлак Дружны Пухавіцкага раёну. Але й тутэйшыя жыхары скардзяцца на холад у кватэрах. Гаворыць Васіль Ігнатовіч.

(Ігнатовіч: ) “У нас холадна ў кватэрах у пасёлку Дружны. Батарэі халодныя. Патэлефанавалі ў ЖКГ, прыйшла майстар-жанчына са сваім градусьнікам. Памерала тэмпэратуру і кажа: “Што ж вы хочаце? Зіма...” Сядзім апранутыя, у шкарпэтках, у ватоўках. Сьпім апранутыя”.

Аўтаномны абагрэў каштуе дадатковых выдаткаў. Напрыклад, у менскай краме, што на вуліцы Казлова, раскупленыя ўсе электраабагравальнікі. “Папулярныя цяпер нават дарагія імпартныя прыборы”, – кажа прадавец Вольга Крук.

(Крук: ) “Самая простая мадэль каштуе 112 тысяч 500, ну і да 180 тысяч. Набываюць абагравальнікі. А куды ў такія маразы дзецца?”

Свае прыбыткі падлічваюць і вытворцы цёплай нацельнай бялізны. Паведамляе кіраўніца службы маркетынгу салігорскай фірмы “Купалінка” Валянціна Маталыцкая.

(Маталыцкая: ) “Мы вось адгрузілі на “Нямігу” кальсоны. “Беларусь”, ЦУМ – усе цэнтральныя крамы Мінска атрымалі трыкатаж. Камплект каштуе 15 тысяч. Кальсоны – 7-8 тысяч. Нават крышку хваляваліся, што будуць астаткі. Але, слава Богу, ударылі маразы і ўвесь зімовы асартымэнт зрушыўся”.

Бум попыту ў Беларусі на матроскія цяльняшкі, якія вырабляе віцебскае акцыянэрнае таварыства КІМ. Гутару са спэцыялістам прадпрыемства Кацярынай Лаўковай.

(Лаўкова: ) “Вось толькі што Менску адгрузілі, Брэсту, Менскай вобласьці, у Гародню павязем. У нас ня толькі цёплая, але й халодная цяльняшка ёсьць. Сёньня наша аўтамашына ў Менску разгружаецца...”
XS
SM
MD
LG