Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: “Лукашэнка прасіў пра сустрэчу з Салянам”


Сьвятлана Курс Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

“Наша Ніва” ў артыкуле “Мілінкевіч ідзе на абвастрэньне” піша: “Па меры таго як становіцца ясна, што ў выбарчыя камісіі ня ўключаць ніводнага незалежнага ад уладаў чалавека, апазыцыя траціць надзею на сумленны падлік галасоў. На апошнія сустрэчы ў рэгіёнах – у Смаргонь, Ашмяны, Горадню – Аляксандар Мілінкевіч прыехаў зь ясным пасланьнем да прыхільнікаў. Ён заклікаў іх галасаваць 19 сакавіка ад 12-й да 14-й, сядаць на цягнік ці іншы транспарт і кіраваць у Менск. Ягоны штаб разглядае некалькі варыянтаў збору людзей у сталіцы для сустрэчы з кандыдатам. Сярод іх – Кастрычніцкая плошча, плошча Свабоды, Прывакзальная плошча.

Паводле НН, Лукашэнка прасіў пра сустрэчу з Салянам. Такую інфармацыю газэта атрымала ў амбасадзе адной з эўрапейскіх краінаў. “Просьба была перададзеная міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым. Аднак Брусэль устрымліваецца ад любых крокаў, якія лукашэнкаўцы здолелі б выкарыстаць у прапагандысцкіх мэтах. Таму беларускую сталіцу паінфармавалі пра немагчымасьць сустрэчы на высокім узроўні і прапанавалі прыняць супольную эўрапейска-амэрыканскую місію ў складзе Пэта Кокса, былога старшыні Эўрапарлямэнту, і Дэніэла Фрыда, былога пасла ЗША ў Польшчы, а цяпер намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі. Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі ад беларускіх дыпляматаў няма,” – піша НН.

Прэса працягвае тэму моцных маразоў

“КП ў Беларусі” паведамляе: за пяць марозных дзён 18-23 студзеня абмарозіліся 838 беларусаў, зь іх у Менску 184, на Берасьцейшчыне 104, на Віцебшчыне – 135, на Гомельшчыне – 108, на Гарадзеншчыне – 68, на Магілеўшчыне – 95 і на Меншчыне 144. Афіцыйна пацьверджана, што ў краіне замерзьлі шэсьць чалавек – адзін у Менску, тры на Віцебшчыне, двое на Берасьцейшчыне.

“Тым часам толькі на Вялейшчыне замерзла 5 чалавек”, – распавядае журналістка “Рэгіянальнай газэты” Марына Сьліж.

(Сьліж: ) “У Вялейцы ў сваім доме замерзьлі 57-гадовыя муж і жонка. Яны вялі паўбяздомны лад жыцьця й злоўжывалі сьпіртным. У вёсцы Журыгі замёрз на ўласным падворку 75-гадовы мужчына – не пасьпеў дайсьці да свайго дому. У вёсцы Шчукі ў сваім доме замерзла 47-гадовая самотная жанчына. У вёсцы Рабунь ля ўласнага дому замерз 57-гадовы мужчына, які працаваў апальшчыкам у краме”.

"Витебский курьер" падае, што на Віцебшчыне замерзьлі 10 чалавек.

“Бабруйчане стойка перанесьлі мароз, – піша”Бобруйский курьер”. – Сьмяротныя выпадкі не зафіксаваныя, хаця абмарожаных шмат. Рэзка ўзрасла колькасьць пажараў. Былі аварыйныя сытуацыі з ацяпленьнем, але ЖКГ адрэагавала досыць апэратыўна. З-за холаду спыніліся каля 40 ліфтаў у шматпавярховіках.

Журналістка слуцкага “Інфа-кур’ера” Ганна Венская анансуе сьвежы нумар.

(Венская: ) “Абмарожаных у нас каля 8-9 чалавек. Ёсьць і ў рэанімацыі. Ну і 15 чалавек лёгкаабмарожаных – вушы, пальцы. Самая асноўная тэма ў газэце – падвядзеньне вынікаў году на сэсіях райсавету дэпутатаў. Цікава, што гадаваньне сьвіньняў і буйной рагатай жывёлы прыносіць адны страты. Рэнтабэльнасьць сьвінагадоўлі – 0,8%. Найбольш прыбыткаў дае расьлінаводзтва – рапс, бульба, гародніна, зерне – да 29%”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG