Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры адбудуцца дэбаты “Канаплёў-Мілінкевіч”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Страсбуры, дзе ў гэтыя дні праходзіць зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы эўрапейскія парлямэнтары абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі перад выбарамі прэзыдэнта краіны. З дакладам выступіць старшыня падкамітэту па Беларусі эстонскі дэпутат Андрыс Хэркель. Слова атрымаюць і адмыслова запрошаныя на сэсію – сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч.

Сёньня беларуская сытуацыя будзе абмяркоўвацца на пленарным паседжаньні, то бок з удзелам усіх эўрапейскіх дэпутатаў. Ужо адно гэта азначае, што сытуацыі ў Беларусі аддаецца надзвычайная ўвага. Дэбаты пройдуць цягам дзьвюх гадзінаў: паводле стандартаў ПАРЭ – нямала. Ну і, зразумела, замежныя парлямэнтары змогуць ацаніць дуэль двух прадстаўнікоў Беларусі.

(Мілінкевіч: ) "Мы б хацелі мець тэледэбаты ў сябе ў краіне. Але нам у гэтым адмаўляюць. Няхай дэбаты Канаплёў – Мілінкевіч адбудуцца там".

Пры слове “Страсбур” звычайна згадваюцца Лябедзька, Раманчук, Вячорка... Менавіта іх раней запрашалі на сэсіі ПАРЭ. Чаму гэтым разам туды прыехаў Аляксандар Мілінкевіч, тлумачыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Гэта лягічна. Таму што ён адзіны прэтэндэнт на прэзыдэнта ад аб''яднаных дэмакратычных сілаў. Яго запрашэньне – гэта сьведчаньне таго, што ў Рады Эўропы ёсьць цікавасьць да Беларусі. Толькі дзьверы ў гэту арганізацыю могуць быць адчынены, калі будуць новы прэзыдэнт, новая каманда і новая палітыка".

Па выніках абмеркаваньня беларускага пытаньня будзе прынятая адмысловая рэзалюцыя. Праект яе ўжо падрыхтаваны. Дэпутат літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч амаль чатыры апошнія гады быў сябрам ПАРЭ, актыўна займаўся беларускімі справамі. Праўда, з гэтага году ў літоўскай дэлегацыі ў Страсбуры адбылася ратацыя. Але спадар Станкевіч рыхтаваў разгляд сёньняшняга пытаньня, ён па-ранейшаму цікавіцца Беларусьсю. Вось што ён адзначае як найбольш істотнае.

(Станкевіч: ) "У гэтай рэзалюцыі (я бачыў праект) ёсьць некалькі канкрэтных пунктаў. І яны, я ўпэўнены, будуць прынятыя. Па-першае, будзе вельмі сур’ёзны і зразумелы зварот да Эўразьвязу, каб той фінансава значна дапамог журналістам, якія працуюць у дэмакратычных мэдыях. Таксама вельмі значны зварот да краінаў Эўразьвязу, каб яны зьнізілі цэны на візы для беларускай моладзі, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў і гэтак далей. Я лічу, што гэты пункт таксама пройдзе. Ну, а далей паглядзім. Але ж рэзалюцыя вельмі сур’ёзная".
XS
SM
MD
LG