Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трасянка – зьнішчэньне ці абарона беларускай мовы?


Севярын Квяткоўскі, Менск Моўная трасянка – шырока распаўсюджаная ў Беларусі зьява. Паводле ацэнак навукоўцаў, мяшанае маўленьне зь перавагаю або беларускіх, або расейскіх элемэнтаў характэрнае для большай часткі насельніцтва Беларусі. Часам можна пачуць меркаваньне, што трасянка – гэта натуральная абарона беларускай мовы ад русыфікацыі. Радыё “Свабода” працягвае дасьледаваць фэномэн трасянкі.

Трасянка – гэта код, свайго кшталту пароль, зразумелы, бадай, кожнаму жыхару Беларусі.

(Актор: ) “Алё, здрастуйце, гэта баба Зіна зь дзярэўні. Чаго ад вас лукам пахнець ці часнаком?”

Прыведзены фрагмэнт узяты з запісу жывога этэру адной са сталічных FM-станцыяў, якая з дапамогай “бабы Зіны зь дзярэўні” ладзіла тэлефонныя разыгранкі. Вядома, пэрсанаж прыдуманы. Гераіню агучвае актор. Але жарт стаўся вельмі пасьпяховым і папулярным менавіта таму, што радыйная баба Зіна нічым не адрозьніваецца ад дзясяткаў тысяч вясковых жыхароў Беларусі, якія намагаліся размаўляць па-расейску і ўрэшце стварылі гэты фэномэн – трасянку.

Найбольш пашыранае тлумачэньне трасянкі дае сьпявак Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Што такое трасянка? Трасянка – гэта мова чалавека, які на сваёй малой радзіме збольшага карыстаўся беларускай мовай. Калі такі чалавек прыяжджае ў горад ці гарадзкі пасёлак, дзе людзі “чыста па-руску разгаварывают”, ён хоча адразу быць гарадзкім чалавекам. Таму яму трэба абсалютна адцурацца ад таго, чым ён карыстаўся раней, бо гэта вясковае – “калхознае”.

Зрэшты, сытуацыя больш складаная. Сёньня і ў аддаленых ад гораду вёсках маладзейшага веку людзі часьцяком гавораць не па-беларуску, а менавіта трасянкай. Як узор сучаснай вясковай трасянкі паслухаем маналёг маладой прадавачкі ў адной з крамаў Валожынскага раёну:

(Прадавачка: ) “Ну што тут браць? Грэчку нада браць. Ана дарагая – дзьве тысячы. Большэ рыбы есьці. Хто яе возьме за пяць тысяч шчытай... Самае глаўнае, што гэта косьць укрэпляе, жэлеза паднімае: маркоўка, напрымер, сокі... У ўсех грошай няма. Хай бы паменьшэ цэны ўвялі нам”.

На сёньня ў беларускай навуцы зусім няшмат грунтоўных дасьледаваньняў моўнае сытуацыі ў краіне – дасьледаваньняў, у якіх сярод іншага аналізуецца й фэномэн трасянкі. Да таго ж бальшыня такіх працаў рыхтавалася яшчэ за савецкім часам. Ёсьць спробы некаторых расейскіх дасьледнікаў вызначыць ролю і месца трасянкі ў жыцьці беларускага грамадзтва. Адна з апошніх такіх працаў прысьвечаная вывучэньню месца трасянкі ў Менску. Пецярбурскія навукоўцы акрэсьлілі трасянку як сацыяльны дыялект, які паўстаў у выніку абмежаваньня сфэры ўжываньня беларускае мовы ў сучаснай Беларусі.

***

Суржык – украінскі аналяг беларускай трасянкі. У першасным значэньні суржик – гэта сумесь жыта з пшаніцаю або, скажам, ячменю з аўсом, а таксама мука з такой сумесі; трасянкай жа ў традыцыйным беларускім вясковым абыходку называюць стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле.

Сучасныя моўныя трасянка і суржык – вынік размываньня беларускай і ўкраінскай моваў элемэнтамі расейскай мовы. У варунках Расейскай імпэрыі такое размываньне адбывалася з XIX стагодзьдзя. Узьнікненьне Савецкага Саюзу толькі ўзмацніла тэндэнцыю: былыя вяскоўцы, носьбіты беларускай і ўкраінскай моваў, пачалі больш актыўна інтэгроўвацца ў пераважна расейскамоўныя індустрыялізаваныя гарады.

Украінская дасьледніца Леся Ставіцька мяркуе, што фэномэн мяшанай мовы глыбейшы. На думку дасьледніцы, прычына ў тым, што нацыянальная самаідэнтыфікацыя ўкраінцаў адбываецца не паводле моўнай прыкметы, а базуецца на традыцыйна-побытавай культуры, на адчуваньні супольнай тэрыторыі і веравызнаньня. З другога боку, ужо больш за сто гадоў значная колькасьць украінцаў карыстаецца менавіта моўнай мяшанкай, не аддаючы перавагі той ці іншай літаратурнай мове. Сярод прычын гэтага дасьледніца называе моўную ляноту.

Філёляг Юрась Бушлякоў так тлумачыць сытуацыю з трасянкай у Беларусі:

(Бушлякоў: ) “«Ну, мы так гаворым, гаворым»… Але людзі наўрад ці скажуць, што лічаць сваю трасянку каштоўнай зьяваю, што гатовыя стаяць пры ёй, што ім важна жыць з гэтым... Я ня ведаю, ці называць гэта моўнай талерантнасьцю, ці моўнай індыфэрэнтнасьцю”.

Намесьнік галоўнага рэдактара “БелГазеты” Віктар Марціновіч спакойна ставіцца да трасянкі “бабы Зіны”, але абураецца, калі чуе моўную мяшанку з вуснай чыноўнікаў:

(Марціновіч: ) “Чыноўнікі, улада, асабліва прадстаўнікі культуры, павінны размаўляць на чыстай мове. Гэта відавочна”.

Беларусы да трасянкі ставяцца па-рознаму. Меркаваньне Юрася Бушлякова:

(Бушлякоў: ) “У сталічным успрыманьні, успрыманьні чалавека зь вялікага гораду – гэта, як правіла, нізкі статус. А ва ўспрыманьні чалавека зь беларускай правінцыі – гэта тыповая шараговая зьява, якая ні з плюсам, ні зь мінусам, яна проста ёсьць”.

***

“Трасянка – гэта расейскія словы, агучаныя беларускім ротам”, – так у 2000 годзе выказалася рэдакцыя газэты “Наша Ніва”. Вось гэтая самая “беларускасьць ратоў” надае аптымізму прыхільнікам ідэі трасянкі як шляху да літаратурнай беларускай мовы. Сярод аптымістаў перакладнік Васіль Сёмуха, і, напрыклад, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Любая палка мае два канцы. З аднаго боку, калі няма літаратурнай мовы, то трасянка – гэта першая прыкмета заняпаду. Але ў нашым выпадку літаратурнай мовай за савецкі час створана ўнікальная літаратура”.

Юрась Бушлякоў, у сваю чаргу, трактуе трасянку як простую дарогу да расейскага маўленьня большасьці беларусаў:

(Бушлякоў: ) “Так, носьбіты трасянкі яшчэ не навучыліся добра гаварыць па-расейску. Ім яшчэ трэба трошкі, а камусьці яшчэ шмат часу. Але яны да гэтага могуць прыйсьці, бо пад уплывам той інфармацыйнай прасторы, у якой жыве сёньня беларускі чалавек, у трасянкавым маўленьні расьце колькасьць небеларускіх элемэнтаў”.

Тым часам сучасныя беларускія творцы нярэдка выкарыстоўваюць трасянку ў творах. Пра матывы – Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Па-першае, трасянка – гэта добры творчы інструмэнт. Трасянку можна выкарыстаць у песьні ці ў празаічным мастацкім творы. Гэта інструмэнт, каб пазабаўляцца, пасьмяяцца ў кампаніі сяброў ці ў нейкіх грамадзкіх месцах абсурду навесьці... Але ясна, што трасянка – непаўнавартасная мова”.

Што трэба, каб носьбіты трасянкі прыйшлі да беларускай мовы? Мяркуе Юрась Бушлякоў:

(Бушлякоў: ) “Для гэтага яны павінны прапусьціць сябе празь беларускую інфармацыйную прастору. Яны павінны пачаць чытаць па-беларуску, слухаць па-беларуску. А калі так, то яны будуць прыходзіць да беларускага літаратурнага стандарту, які ён ёсьць на сёньняшні дзень”.

Такім чынам, моўная праблема трасянкі перарастае ў праблему палітыкі – дзяржаўнай палітыкі. Як сказаў адзін мысьляр, спачатку трасянка павінна зьнікнуць з думак, тады зьнікне з вуснаў.
XS
SM
MD
LG