Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму некаторыя былыя палітычныя дзеячы сышлі ў цень


Іна Студзінская, Менск Чым займаюцца цяпер людзі, якія ў розны час заяўлялі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі? Чаму яны не выстаўлялі саве кандыдатуры на маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары?

Гутару з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым.

(Карэспандэнтка: ) “Некаторыя спадзяваліся, што вы будзеце выстаўляць сваю кандыдатуру...”

(Лявонаў: ) “Я наагул не сыходзіў ніколі ў цень. Калі б былі выбары, то можна было б думаць. Але ж выбараў няма. Выбараў не было і няма”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы, можа, каму-небудзь сымпатызуеце, дапамагаеце парадай прэтэндэнтам цяперашнім?”

(Лявонаў: ) “Не, гэта марнатраўства, ніякага сэнсу няма”.

Васіль Лявонаў не захацеў казаць, чым ён цяпер займаецца. А вось экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір распавёў, што працуе цяпер у Маскве па спэцыяльнасьці, у камэрцыйнай банкаўскай структуры.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не было ў вас жаданьня яшчэ раз паспрабаваць гэтым разам?”

(Чыгір: ) “Не, такога жаданьня не было. Вы ж ведаеце, якія ў мяне справы, таму і ня браў удзел. Ёсьць дастойныя кандыдаты, хай змагаюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “З гэтых прэтэндэнтаў вы камусьці, можа, дапамагаеце, сымпатызуеце?”

(Чыгір: ) “Не, нікому я не дапамагаю, бо цяпер працую ў Маскве. Тут бываю наездамі. Я многіх нават добра і ня ведаю”.

Натальля Машэрава, якая ў 2001 годзе пад ціскам зьняла сваю кандыдатуру, цалкам адышла ад палітыкі.

(Машэрава: ) “Нецікава мне гэта. Аб’ектыўна і суб’ектыўна сытуацыя складаецца так, што я прывыкла справу рабіць і прыносіць нейкі вынік. У дадзенай сытуацыі мой удзел нічога ня даў бы ні мне, ні справе”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа, вы зараз камусьці з прэтэндэнтаў дапамагаеце, сымпатызуеце?”

(Машэрава: ) “Не-не-не! Да мяне зьвярталіся, але калі ўжо не гуляць у гэтыя гульні, то сумленна, да канца”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым наагул вы займаецеся зараз?”

(Машэрава: ) “Нічым. Я домам займаюся ўпершыню ў жыцьці і сабою. Так добра! Я ўпершыню сябе адчуваю жанчынай!”.

Чаму былыя палітычныя дзеячы, якія некалі заяўлялі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, палічылі за лепшае сысьці ў цень? Меркаваньне палітоляга Андрэя Фёдарава.

(Фёдараў: ) “Магчыма, яны не атрымалі падтрымкі, на якую разьлічвалі, ад тых людзей, на якіх разьлічвалі. Магчыма, хтосьці зь іх правёў кансультацыі зь іншымі прэтэндэнтамі і вырашыў, што ў яго няма шанцаў і не захацеў ісьці супраць кагосьці з тых. Могуць быць самыя розныя прычыны. Хтосьці, магчыма, па стану здароўя – адчуў, што ня вытрымае той нагрузкі вялікай. Як мы бачым па вандроўках Мілінкевіча, гэта сапраўды нагрузка вельмі вялікая”.
XS
SM
MD
LG