Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія вынікі візыту А.Мілінкевіча ў Варшаву? (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 25 студзеня ў Варшаве кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з кіраўніцтвам польскай дзяржавы і выступіў у Варшаўскім унівэрсытэце і Сэйме. Мілінкевіч стаў першым беларускім грамадзянінам, якому было прадстаўленае права выступіць перад польскім парлямэнтам. Пра вынікі візыту Мілінкевіча ў Польшчу расказвае варшаўскі карэспандэнт.

Візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Варшаву пачаўся з сустрэчы маршалкам Сэйму Маркам Юркам. Празь пятнаццаць хвілінаў спадар Мілінкевіч ужо выйшаў на трыбуну польскага парлямэнту.

Дэпутаты ўсталі і прывіталі беларускага палітыка і першага грамадзяніна Беларусі, які атрымаў права выступіць у Сэйме, авацыямі.

Аляксандар Мілінкевіч гаварыў пра супольную гісторыю палякаў і беларусаў, змаганьне за свабоду, а таксама пра тое, што цяпер большасьць беларусаў добра ставяцца да суседняга народу, а палякі, у сваю чаргу разумеюць, што нельга адчуваць сябе цалкам вольнымі, калі несвабодныя суседзі.

(Мілінкевіч: ) "Беларусы надалей змушаныя адстойваць уласную незалежнасьць, гонар, айчыну. Маем перад вачыма красамоўны прыклад пасьпяховага змаганьня і ніколі не адмовіўся ад уласных адвечных мараў – ідэалаў незалежнай, вольнай дзяржавы Беларусі".

Беларускі палітык адзначыў, што сытуацыю ў сваёй краіне могуць зьмяніць толькі самі беларусы, аднак міжнародная падтрымка, перадусім стварэньне крыніцаў альтэрнатыўнай інфармацыі для беларусаў, вельмі важныя.

(Мілінкевіч: ) "Беларусы зразумелі – свабода і дэмакратыя могуць быць дасягнутыя. Яны на адлегласьці працягнутай рукі. Патрэбнае толькі магутнае жаданьне быць свабоднымі".

Вось як ягоны выступ ацаніў сэнатар Стэфан Несялоўскі:

(Несялоўскі: ) "Я вельмі ганаруся тым, што мы можам прыймаць у парлямэнце спадара Мілінкевіча. Яшчэ зусім нядаўна езьдзіў у дэмакратычныя краіны і таксама прасіў падтрымкі ад імя палякаў Лех Валэнса".

Потым Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся зь лідэрамі найбуйнейшых фракцыяў парлямэнту, віцэ-сьпікерам польскага Сэнату Кшыштафам Пухтам, які пасьля размовы зь беларускім палітыкам заявіў, што Варшава адназначна выказваецца за дэмакратычныя перамены ў Беларусі і будзе гэтым пераменам спрыяць.

(Пухта: ) “Мы робім усё магчымае, каб як мага хутчэй пачало вяшчаць польскае радыё для Беларусі, а таксама гатовыя аказаць тэхнічную дапамогу ў часе перадвыбарчай кампаніі”.

Наступная сустрэча Аляксандра Мілінкевіча – з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім была закрытай для журналістаў.

Па яе завяршэньні спадар Мілінкевіч заявіў, што быў вельмі зьдзіўлены тым, як добра польскі прэзыдэнт арыентуецца ў беларускіх падзеях.

Напрыканцы свайго знаходжаньня ў Варшаве Аляксандар Мілінкевіч ўзяў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай Беларусі і выступіў зь лекцыяй ў перапоўненай залі варшаўскага ўнівэрсытэту, дзе яго віталі студэнты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Падсумоўваючы вынікі візыту, спадар Мілінкевіч сказаў Радыё Свабода:

(Мілінкевіч: ) “Я не чакаў, што тут у Польшчы я буду прыняты ўсімі ўладнымі структурамі і што атрымаю магчымасьць выступіць у Сэйме. Для нас гэта вялікая падтрымка, бо прапаганда кажа, што ніхто нас у Эўропе не чакае. Але мой сёньняшні візыт даводзіць, што наадварот – у Эўропе чакаюць, калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя зьмены”.

Фотарэпартаж


А.Мілінкевіч выступае ў Сэйме


А.Мілінкевіч выступае ў Сэйме


А.Мілінкевіч сустракаецца з прэзыдэнтам Польшчы


А.Мілінкевіч сустракаецца з прэзыдэнтам Польшчы


А.Мілінкевіч сустракаецца са студэнтамі Варшаўскага ўнівэрсытэту


А.Мілінкевіч чытае лекцыю студэнтам Варшаўскага ўнівэрсытэту

Гл. таксама • Поўны тэкст выступу А.Мілінкевіча у польскім Сэйме
XS
SM
MD
LG