Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры будзе прэзэнтаваны даклад аб сытуацыі ў Беларусі


Радыё Свабода “Выкладзеныя ў справаздачы эстонскага дэпутата Андрэса Хэркеля высновы і рэкамэндацыі па Беларусі падзяляе найбольшая колькасьць ўдзельнікаў зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ў Страсбуры”, паведамілі Свабодзе ў палітычным камітэце Парлямэнцкай Асамблеі. Даклад “Сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў” будзе прадстаўлены Асамблеі заўтра а 10-й раніцы. Напярэдадні тэкст дакумэнту быў распаўсюджаны сярод парлямэнтароў для азнаямленьня.

Як вынікае з дакладу Андрэса Хэркеля, “патэнцыял для дэмакратычных пераўтварэньняў у часе маючых адбыцца сакавіцкіх выбараў невялікі, паколькі рэжым Лукашэнкі сканцэнтраваў у сваіх руках усе галіны ўлады”.

Тым ня меней, “значэньне маючых адбыцца выбараў ня можа быць недаацэненае”.

У дакумэнце адзначаецца важнасьць згуртаванасьці апазыцыі ў часе вылучэньня агульнага кандыдату і выказваецца надзея, што падобная згуртаванасьць праціўнікаў рэжыму можа быць вельмі эфэктыўнай пасьля выбараў;

надаецца ўвага ўнікальнасьці сытуацыі з адзіным кандыдатам, “які мае шанцы прасунуць дэмакратыю сярод электарату, узьняць імідж дэмакратычных сілаў у Беларусі, а, з другога боку, прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці ў справе далейшай падтрымкі дэмакратыі ў краіне”;

выказваецца надзея, што будучыя выбары стануць каталізатарам для ўсё яшчэ нескаардынаваных паміж сабой намаганьняў міжнародных арганізацыяў.

У якасьці галоўнай перашкоды для прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі міжнародная супольнасьць бачыць абмежаваны доступ насельніцтва краіны да інфармацыі, гаворыцца ў дакумэнце,

падкрэсьліваецца, што асноўнае значэньне будзе па-ранейшаму надавацца замежнаму вяшчаньню на Беларусь;

адзначаецца неабходнасьць ўсебаковай падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў, запрашэньня іхных прадстаўнікоў на сэсіі ПАРЭ, іншыя міжнародныя сустрэчы;

вітаюцца спробы правядзеньня самых розных мерапрыемстваў па пытаньнях дэмакратызацыі Беларусі, уключна з маючай адбыцца канфэрэнцыяй у Празе;

выказваецца мэтазгоднасьць аднаўленьня працы Парлямэнцкай тройкі, якая б засяродзіла сваю ўвагу ня толькі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006, але і на парлямэнцкіх 2008;

рэкамэндавана, каб Эўразьвяз у межах сваёй кампэтэнтнасьці у пытаньнях візавай палітыкі і іміграцыі, надаў бы больш увагі візавым запытам з боку беларускіх грамадзянаў і студэнтаў, а таксама распаўсюдзіў бы візавую забарону на большую колькасьць беларусаў, якія актыўна зьвязаныя з рэжымам;

рэкамэндавана, каб Эўразьвяз зрабіў актыўныя захады па ідэнтыфікацыі і замаражваньні замежных банкаўскіх рахункаў і актываў, якія належаць прэзыдэнту Лукашэнку.

Ацэньваючы цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, ПАРЭ ня бачыць магчымым аднавіць гасьцявы статус гэтай краіны ў арганізацыі.

ПАРЭ патрабуе ад беларускіх уладаў зьмяніць цяперашнюю палітыку і наблізіцца да эўрапейскіх стандаратаў. У гэтым зьвязку праведзеныя ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі маючыя адбыцца выбары могуць стаць тым важным момантам, які будзе улічаным ПАРЭ.
XS
SM
MD
LG