Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік міжнародных прафсаюзаў напісаў ліст Лукашэнку


Радыё Свабода Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Гай Райдэр запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі спыніць на прадпрыемстве “Гродна Азот” перасьлед сябраў Беларускага незалежнага прафсаюзу. Нагадаем, некалькі тыдняў таму адміністрацыя гэтага прадпрыемства ініцыявала кампанію, у выніку якой рабочыя пачалі масава пакідаць шэрагі дэмакратычнага прафсаюзу.

Гай Райдэр у сваім лісьце да Лукашэнкі выказаў занепакоенасьць прафсаюзнымі падзеямі ў Беларусі. Генэральны сакратар МКСП зьвярнуў увагу на падзеі на “Гродне Азоце”, якія, на яго думку, супярэчаць міжнародным нормам прафсаюзнага жыцьця. Гаворыць старшыня суполкі незалежнага прафсаюзу гэтага прадпрыемства Сяргей Антусевіч:

(Антусевіч: ) “Ліст Гая Райдэра – гэта сьведчаньне, што самая галоўная, самая найвышэйшая прафсаюзная арганізацыя выказала падтрымку. Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў нагадвае, што Беларусь ратыфікавала канвэнцыю №87 Міжнароднай арганізацыі працы на свабоду аб’яднаньняў і тое, што на адну з арганізацый, якая ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, аказваецца ўціск, гэта ёсьць грубым і прамым парушэньнем згаданай канвэнцыі”.

Паводле спадара Антусевіча, антыпрафсаюзныя дзеяньні з боку адміністрацыі “Гродна Азоту” працягваюцца. На сёньняшні дзень ужо каля 300 рабочых прадпрыемства падалі заявы на выхад зь незалежнага прафсаюзу:

(Антусевіч: ) “З тымі, хто не пагадзіўся на першы раз з “прапановай” начальнікаў цэхаў, размаўляюць другі, трэці раз... І частка гэтых людзей, натуральна, не вытрымлівае. Бо калі чалавеку кожны дзень нагадваюць, што ён зьяўляецца сябрам незалежнага прафсаюзу, і каб ён падумаў пра сваю будучыню, падумаў, якім чынам ён будзе далей працаваць, бо фактычна 99 працэнтаў людзей зьяўляюцца кантрактнікамі.

Такім чынам ідзе запалохваньне людзей. Я думаю, што тыя людзі, якія распачалі гэта, яны не разумеюць, што гэта таксама б’е і па іміджы прадпрыемства. Мы не хацелі такой “славы” для нашага прадпрыемства”.

Тым ня менш, нягледзячы на ціск, як зазначыў прафсаюзны лідэр, у прафсаюзнай суполцы яе сябрамі на сёньняшні дзень усё яшчэ застаецца каля паўтысячы рабочых прадпрыемства.
XS
SM
MD
LG