Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя яшчэ чатыры актывісты ініцыятыўнай групы З.Пазьняка


Радыё Свабода Прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал паведаміў “Свабодзе”, што сёньня ўвечары ў цэнтры Менску былі зноў затрыманыя чатыры сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якія зьбіралі подпісы і раздавалі інфармацыйныя ўлёткі пра працэдуру "народнага галасаваньня".

Міліцыя затрымала Уладзімера Юхо, Георгія Ярашуку, Маргарыту Лявоцкую, Уладзімера Талкачова.

Былі канфіскаваныя 600 улётак і плякат “Народным галасаваньнем спынім фальсыфікацыі рэжыму”.

Пры гэтым міліцыянты выклікалі прадстаўніка выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна Менска для складаньня адпаведнага акту аб заўчасным галасаваньні, у якім было запісана, што ўлёткі ўтрымліваюць матэрыялы "антыканстытуцыйнага характару".

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў паведаміў пасьля вызваленьня актывістаў, што копію гэтага акта яны не атрымалі. Спадар Папкоў зьбіраецца абскарджваць дзеяньні міліцыі і прадстаўніка камісіі ў пракуратуры.

На думку сябраў ініцыятыўнай групы раздача не зьяўляецца парушэньнем закону, і яны расцэньваюць гэтыя матэрыялы як інфармацыйныя, а не агітацыйныя. Улады, у прыватнасьці, Цэнтарвыбаркам маюць іншае меркаваньне. На мінулым тыдні ініцыятыўныя групы Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка атрымалі папярэджаньні ад Цэнтарвыбаркаму менавіта за раздачу друкаваных матэрыялаў. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік казаў тады:

(Лазавік: ) “Гэтыя дзьве групы падчас збору подпісаў распаўсюджваюць агітацыйныя матэрыялы: улёткі, календары, газэты. Падчас збору подпісаў можна паказваць выбаршчыкам нейкія матэрыялы, можна расказваць, але не раздаваць”.
XS
SM
MD
LG