Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя кандыдаты патрабуюць доступу да тэлебачаньня


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы апазыцыйных прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах патрабуюць роўнага доступу да тэлебачаньня. Пасьля ўчарашняга выступу ў праграме “Панарама” Беларускага тэлебачаньня кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана, кіраўнікі іншых ініцыятыўных груп напісалі ў на БТ і ў ЦВК пра сваё жаданьне выказацца на канале дзяржаўнага тэлебачаньня з камэнтаром хады выбарчай кампаніі, прычым зь іншымі, чым у Шэймана, ацэнкамі.

Віктар Шэйман казаў, што больш за паўтара мільёна беларусаў без усякага адміністратыўнага ціску падпісаліся за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта.

Кіраўніка ініцыятыўнай групы Казуліна Мечыслава Грыба абурылі ня столькі гэтыя словы, колькі рэдакцыйны камэнтар БТ аб тым, што ўсе перадвыбарчыя штабы апрача Лукашэнкавага замоўчваюць інфармацыю пра ход збору подпісаў.

Спадар Грыб накіраваў зварот на БТ і ў ЦВК з патрабаваньнем забясьпечыць роўнасьць і даць яму магчымасьць выступіць па тэлебачаньні наконт кампаніі па зборы подпісаў.

(Грыб: ) “А наколькі я ведаю, ніхто нікому нічога не прапаноўваў, то навошта ж хлусіць. Мы гатовыя выступіць”.

Кіраўнік штабу кандыдата аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін накіраваў аналягічныя звароты ў ЦВК і на тэлебачаньне. Прычым ён хоча паспрачацца зь Віктарам Шэйманам:

(Калякін: ) “Што да ягонага выказваньня пра тое, што яны сумленна і справядліва сабралі подпісы, то думаю, што большасьць беларускіх грамадзян, якія паставілі подпісы, маглі б ім расказаць, як ім заломавалі рукі пад пагрозай і звальненьня, і іншых рэпрэсіяў прымушалі падпісвацца”.

На гэты конт ініцыятыўная група Мілінкевіча накіроўвала ў ЦВК і пракуратуру шмат скаргаў, паведаміў спадар Калякін.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч таксама выказаў зьдзіўленьне заявай БТ, што ўсе кандыдаты хаваюць інфармацыю пра ход кампаніі, прынамсі яму ніхто з БТ не тэлефанаваў, зазначыў спадар Гайдукевіч і заявіў, што таксама зьвернецца на БТ ў ЦВК з просьбай выканаць прынцып роўнасьці магчымасьцяў для патэнцыйных кандыдатаў.

(Гайдукевіч: ) “Я б усё распавёў, я ні ад каго нічога не хаваю. Любы кандыдат на прэзыдэнта: і я, і Мілінкевіч, і Казулін,– зацікаўленыя як мага больш даваць інфармацыю”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на гэты конт заявіў, што каго паказваць вырашае тэлеканал:

(Лазавік: ) “Не прадугледжана выбарчым заканадаўствам прадстаўленьне эфірнага часу кіраўнікам ініцыятыўных груп… Рэгуляваньне гэтага пытаньня па-за кампэтэнцыяй Цэнтральнай камісіі”.
XS
SM
MD
LG