Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": эротыка і сэкс у беларускай літаратуры


Радыё Свабода Літаратары, крытыкі і выдаўцы на адзін голас кажуць пра адчувальную прысутнасьць эратычных матываў у беларускай літаратуры на розных этапах яе існаваньня. Як выглядае тое сёньня?

Шляхціч Эрат, або Беларусь у сэксуальных апавяданьнях. Частка 2

Напачатку зьвернемся да чытачоў. Ці ёсьць у іх цікавасьць да беларускай эратычнай літаратуры?

(Спадар: ) “Ведаеце, я чытаю мала, але здараецца, што нават хочацца пачытаць эратычную літаратуру”.

(Дзяўчына: ) “Не. Я нават ня маю ўяўленьня, што такая існуе”.

(Спадар: ) “Я цяпер наагул не магу знайсьці што-небудзь на беларускай мове”.

(Спадарыня: ) “Так. Час ад часу трапляюцца эратычныя тэксты. Зь беларускіх? Толькі што Глобус, напэўна, і ягоны “Дамавікамэрон”.

Чытач Віктар Шалкевіч, беларускі бард, таксама згадаў толькі “Дамавікамэрон” Адама Глобуса.

(Шалкевіч: ) “Гэта адначасова быў і пачатак і канец эратычнай літаратуры. Яна паказалася і ціха памерла. Калі беларусы як эратычная нацыя прачнуцца, калі ў нас пытаньне сэксу паўстане рабром, тады паўстане і пытаньне зьяўленьня эратычнай літаратуры, зьявяцца беларускія эратычныя часопісы, беларускі “Плэйбой”. А пакуль нават часопіс для дамашніх хазяек, і той выходзіць тыражом дзьве тысячы экзэмпляраў. Спасіба. Якая ўжо тут эратычная літаратура?”

Блізкія да літаратурнага працэсу асобы пэсымізму спадара Шалкевіча не падзяляюць. Сярод заснавальнікаў сучасных эратычных традыцыяў у беларускай літаратуры называюць Максіма Багдановіча і Рыгора Барадуліна. Крытык Ганна Кісьліцына згадала верш Аркадзя Куляшова “Яна і я”, які пісаўся адначасова з хрэстаматыйнымі “Камуністамі”, а Ўладзімер Някляеў — колькі апавяданьняў Івана Шамякіна. Калі ж браць пад увагу, што толькі апошнім часам умовы спрыяюць стварэньню паўнавартаснай літаратурнай эротыкі, то паводле нашых суразмоўцаў аднагалосная кандыдатура першапачынальніка — Адам Глобус.

(Глобус: ) “Я ня буду цягнуць коўдру на сябе, што я — адзін з заснавальнікаў менавіта такой літаратуры выразна эратычнай, назавём так. Тое, што цяпер ствараў Някляеў, Барадулін, мне здаецца, што гэта даніна модзе, а не сутнасна пісьменьніцкая зьява, што яны былі мабілізаваны часам, а не сваёй творчай сутнасьцю. Для мяне гэта сутнасьць”.

Маніфэст адной з творчых іпастасяў пісьменьніка Адама Глобуса — не аднойчы згаданы “Дамавікамэрон” — пабачыў сьвет у 1994 годзе. Менавіта ў гэты час назіраецца ўздым эратычнага слова, кажа Ганна Кісьліцына.

(Кісьліцына: ) “У гісторыі найноўшай літаратуры можна выдзеліць пэўныя пэрыяды. Напрыклад, сярэдзіна 1990-х гадоў — ўсплёск эратызму ў беларускай літаратуры: гэта Чаропкі “Эрагенная зона”, “Апосталы нірваны” Юрыя Гумянюка, тэксты Ігара Сідарука, вершы Славаміра Адамовіча”.

Другая хваля новай эратычнай літаратуры супадае з пачаткам новага стагодзьдзя. Хто сёньня піша на эратычныя тэмы і, галоўнае, зь якой мэтай? Тлумачыць Ганна Кісьліцына:

(Кісьліцына: ) “У першую чаргу, гэта маладыя жанчыны: Вольга Гапеева, Вальжына Морт. Але гэты эратызм скарыстоўваецца ў якасьці палавой стратыфікацыі: “мы, жанчыны, маем права пісаць тое, што мы думаем”. З другога боку, назіраецца такі дзіўны фэномэн, калі да эратычнай літаратуры сталі зьвяртацца мужчыны досыць сталага ўзросту. Гэта выклікае пэўнае непаразуменьне, таму што ня моладзь піша пра эротыку і сэкс, а менавіта людзі старэйшага ўзросту. Тут таксама бачыцца не цікавасьць да самой эротыкі, а спроба пазбавіцца нейкіх комплексаў”.

Згаданая маладая жанчына-літаратар Вольга Гапеева пра падзел на жаночую і мужчынскую эратычную літаратуры мае іншае меркаваньне:

(Гапеева: ) “Я думаю, праблема ня ў тым, што хто хоча давесьці, а праблема ў тым, што ў жанчыны таксама ёсьць патрэба выказваць сваё цела. Большасьць фэмінісцкіх тэарэтыкаў кажа, што жанчына — яна піша цела. Для мужчынскай эратычнай літаратуры жанчына — гэта аб’ект. Я думаю, жанчыны ня могуць пісаць так, як гэта робяць мужчыны, таму што ў іх іншая фізіялёгія, іншае цела, яны па-іншаму сябе фармулююць, па-іншаму ставяць. Я ня думаю, што гэта будзе тая ж самая эратычная літаратура, якую пішуць мужчыны”.

На думку маладой пісьменьніцы, кожны аўтар мусіць прайсьці эратычны этап у сваёй творчасьці. А вось што гаворыць паэт Андрэй Хадановіч пра адметнасьці эратычных экспэрымэнтаў літаратараў новай фармацыі:

(Хадановіч: ) “Раптам скончыліся гульні ў вычварэньні ў літаратуры. Новае пакаленьне, якое прыходзіць, можна называць імёны, можна згадваць “Пагер-вершы” Глеба Лабадзенкі, альбо вершы, песьні, пэрформансы Паўла Сьвярдлова, альбо крышачку старэйшую ад іх Веру Бурлак, альбо Віялету Пачкоўскую, маладую паэтку — гэтыя людзі перасталі саромецца казаць пра каханьне. Прыйшлі людзі, якія скінулі зь сябе баляст стомленасьці ад культуры. Ім ня сорамна быць крышачку дурнавата-наіўнымі. Беларуская літаратура прыйшла да поўнай адсутнасьці закамплексаванасьці”.

Галоўнае — пачуцьцё меры, працягвае гуру маладых літаратараў:

(Хадановіч: ) “Калі цела становіцца вельмі шмат, наступае перасычэньне. Гэта перастае хваляваць. Звыклага каханьня не хапае. З часам не хапае звыклага сэксу. Трэба нейкія нестандартныя вырашэньні. Старонкі падрабязнага, часам фізіялягічнага апісаньня сэксу мяне абсалютна не хвалююць, і таму для мяне ня ёсьць эротыкай. Нішто ў душы, не гаворачы ўжо пра цела, не адгукаецца на гэта”.

Што ж можа крануць душу і цела паэта? Сцэна з раману Ўладзімера Някляева “Лабух”, калі герой усю ноч размаўляе з жанчынай праз замочную шчыліну:

“— Прасуньце адну ў адтуліну замка... Яна шырокая, ён вялікім ключом мяне замыкае... А ў мяне на ўсю ноч і паўпачка не засталося...

— На ўсю ноч?..

— Ён раніцай прыяжджае...

Я прасунуў цыгарэту, якую яна выцягнула і спытала:

— Выйшла нешта накшталт сэксу, праўда?..

Нічога не адказаўшы, я стаў прасоўваць цыгарэты адну за адной... Яна засьмяялася:

— Ой, хопіць... Калі многа, дык непадобна…” (Уладзімер Някляеў. “Лабух”)

Менавіта такія тэксты такіх аўтараў спрыяюць разьвіцьцю эратычных традыцый беларускай літаратуры, сьцьвярджае Андрэй Хадановіч. Сам паэт з посьпехам іх працягвае:

(Хадановіч: ) “што мы зьбіраемся пазлам бываем плазмай і плазам што я кладуся а ты сядзіш на мне нібы наркаман і чуючы твае словы: чакай давай кончым разам хто скажа, што мы дачытваем адзін на дваіх раман”
XS
SM
MD
LG