Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пінгвінаў у Дрэздэне перавялі з вуліцы ў закрытае памяшканьне


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сёлетняя зіма прынесла ў Эўропу моцныя маразы. Натуральна паўстае пытаньне: ці ня ёсьць гэта сьведчаньнем глябальнай зьмены клімату?

Вельмі нізкія тэмпэратуры гэтым тыднем адзначаюцца ад Уралу да Аўстрыі. У Бэрліне адзін з турыстаў дэталізаваў, што ён апрануў на сябе два швэдры, куртку, дзьве майкі, двое штаноў і дзьве пары шкарпэтак.

У заапарку Дрэздэна, дзе тэмпэратура ўпала да 21 градусу ніжэй нуля, нават пінгвінаў перамясьцілі у закрытыя памяшканьні. Але самае жахлівае – ад маразоў гінуць людзі.

Украіна і Расея паведамілі, што ў іх загінулі ад абмаражэньня болей чым па 50 чалавек. У Польшчы – 40 ахвяраў. Сьмяротныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў Румыніі, Чэхіі, Турэччыне, Італіі.

Улады прымаюць тэрміновыя захады ў барацьбе з марозам. Так, у Рызе будынак муніцыпалітэту ўначы адкрываюць для бамжоў. У Празе вайскоўцы ставяць цёплыя намёты і паходныя кухні. У Польшчы пераразьмяркоўваюць паліва з прамысловых прадпрыемстваў на жылыя дамы.

Аднак, сёлетнія маразы навукоўцы не сьпяшаюцца зьвязваць з глябальнай зьменай клімату. Амэрыканскі экспэрт у пытаньнях клімату Гэвін Шмідт патлумачыў нашаму радыё.

(Шмідт: ) “Глябальнае пацяпленьне – рэальная зьява. Зямная куля становіцца ўсё болей цёплай. Марскі лёд растае. Таяць леднікі. Павялічваюцца тэмпэратуры акіяну і зямлі. Амаль штогод вясна настае раней. Аднак, гэта не азначае, што кожную асобную кліматычную зьяву трэба зьвязваць з глябальным пацяпленьнем. У прыватнасьці, сёлетнія халады ў Эўропе насамрэч ёсьць толькі вынікам перамяшчэньня вятроў, якія ўплываюць на надвор’е.”

Экспэрт таксама ставіць пад сумнеў тэзу, што глябальнае пацяпленьне прывядзе да рэзкіх тэмпэратурных хістаньняў. На ягоную думку, нават ва ўмовах глябальнага пацяпленьня як і раней могуць здарацца халодныя зімы, але ўвогуле тэндэнцыя скіроўваецца ў бок цяплейшых зімаў.

Меркаваньне Гэвіна Шмідта пацьвярджаюць і дадзеныя Амэрыканскага нацыянальнага касьмічнага агенцтва NASA, што 2005 год быў самым цёплым годам з усіх калі-небудзь зарэгістраваных. Вось жа і прыбіральшчыца ў маскоўскім мэтро тае ж думкі:

(Надзея: ) “Што тут такога? Гэта ж звычайныя маразы. Проста сёлета вось так бухцяць: “Маразы! Маразы!”. Напэўна, не запасьліся палівам, вось і крычаць. А так... 25 – 30 заўсёды былі...”
XS
SM
MD
LG