Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зборшчыкаў подпісаў засталося два дні


Альгерд Невяроўскі, Менск Завяршаецца збор подпісаў за вылучэньне сямі беларускіх палітыкаў кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Зь якімі праблемамі сутыкаліся за гэты месяц сябры ініцыятыўных групаў? Колькі ім удалося сабраць подпісаў грамадзянаў?

У гэтыя дні адно з найбольш палітычна актыўных месцаў у Менску — падземны пераход пад плошчай Якуба Коласа. Адразу некалькі сябраў ініцыятыўных групаў Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка і Аляксандра Казуліна зьбіраюць там подпісы. Час ад часу каля сталоў зборшчыкаў зьбіраюцца людзі, і пачынаюцца палітычныя дыскусіі. Пра тое, як праходзіла кампанія збору подпісаў, распавядае сяброўка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Ірына Дзядзюля:

(Дзядзюля: ) “Самае складанае было — хадзіць па кватэрах. Складанасьць была ў тым, што перада мной прайшлі каманды Лукашэнкі й Казуліна. Таму людзі нават не разумелі. Казалі: “Мы ўжо прагаласавалі, і ўсё”. Я кажу: “Галасаваць вы будзеце ў дзень выбараў”, але ўсё роўна не разумелі. Многія наагул глядзелі, як на вар’ятку, маўляў, як гэта можна за кагосьці іншага зьбіраць подпісы”.

А вось сябру ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Зьмітру Комару найцяжэй было трываць моцныя маразы:

(Комар: ) “Самае цяжкае — гэта былі тыя маразы пад 25—30 градусаў. А ў астатнім — ніякіх перашкодаў з боку ўладаў не было. Я лічу, што ў цэлым кампанія праведзена някепска”.

Сяброўка ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Аўгінія Багінская таксама гаворыць, што зімой зборшчыкам подпісаў працаваць вельмі складана. Разам з тым, яна распавяла, што людзі падпісваюцца даволі актыўна:

(Багінская: ) “Найбольшая актыўнасьць была ў пачатку кампаніі. Цяпер я таксама назіраю — два дні засталося да заканчэньня збору, і народ актыўна пачаў падпісвацца”.

А вось як патлумачылі свой выбар людзі, якія адпаведна падпісаліся за Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка і Аляксандра Казуліна:

(Спадарыня: ) “У нашым жыцьці патрэбныя перамены”.

(Спадар: ) “За Пазьняка. Бо ён больш дэмакратычны. Трэба, каб больш было свабоды”.

(Хлопец: ) “Ва ўсім павінна быць нейкая разнастайнасьць”.
XS
SM
MD
LG