Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто гэтыя апазыцыянэры? Лайдакі ды абібокі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Празь некалькі дзён з вуліц беларускіх гарадоў і вёсак зьнікнуць зборшчыкі подпісаў, якія запрашалі выбаршчыкаў падтрымаць вылучэньне таго ці іншага палітыка кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Тэма хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў, да якіх застаецца менш як два месяцы — галоўная ў нашай пошце гэтых халодных студзеньскіх дзён.

Наш слухач Сымон Булыга з Баранавічаў паведамляе, што раней удзельнічаў у якасьці актывіста ў трох выбарчых кампаніях. Але цяпер ад такой працы стаў катэгарычна адмаўляцца і лічыць выбарчую кампанію, як ён піша “гульбішчам, разьлічаным на недалёкіх людзей”. Вось як разважае Сымон Булыга пра сёньняшнюю апазыцыю:

“Гэта ж дзіцячыя гульні, дый толькі. Дзяржаўныя мэдыі, калі заходзіць размова пра выбары, нібы вады ў рот набіраюць. А Аляксандар Рыгоравіч гэтую апазыцыю апярэджвае па ўсіх кірунках. Бо хто гэтыя апазыцыянэры? Лайдакі, абібокі, якія чакаюць, што хтосьці прыйдзе і будзе за іх працаваць галавой. А яны пакуль працуюць толькі языкамі. Час для гэтага даўно мінуў.

Вось прыклад. На наш баваўняны камбінат Лукашэнка прыяжджаў тройчы, і кожны раз абяцаў “падняць” яго. У якім стане баваўняны цяпер? Апазыцыя павінна зрабіць аналіз, расказаць і паказаць, як жывуць тэкстыльшчыкі. А колькі ў Баранавічах “даўгабудаў”, якія стаяць і разбураюцца. Напрыклад, недабудаваны мясакамбінат. Ці, напрыклад, вёска Паланэчка. Паводдаль — новыя “прэзыдэнцкія” дамкі, а побач — забітая дошкамі старая школа. Старая цягне на саначках дровы. Разбураныя машынныя двары… Усё гэта трэба бачыць, фатаграфаваць і паказваць… Няхай улада апраўдваецца, а не хваліць свае так званыя “дасягненьні”.

Апазыцыя, спадар Булыга, можа, і напісала б, і сфатаграфавала б, ды якая газэта, які беларускі тэлеканал усё гэта надрукуе і пакажа? Вы ж самі штодня назіраеце, пра што дазволена, а пра што забаронена паведамляць дзяржаўным мэдыям. Да таго ж на якой падставе вы разьлічваеце, што хтосьці прыедзе да вас у Баранавічы, каб вырашаць вашы мясцовыя праблемы: змагацца зь неразваротлівымі начальнікамі, расказваць пра безгаспадарчасьць, зьвяртаць увагу грамадзкасьці на ня выкананыя ўладай абяцаньні? А калі сам вы вырашылі больш не займацца грамадзкімі справамі, то чаму абураецеся, што імі не займаюцца іншыя?

Наступны ліст, таксама на тэму хуткіх выбараў, даслаў нам Мікалай Дамброўскі з Горадні:

“Вельмі расчароўваюць нашы пэнсіянэры, якія прадаліся гэтаму рэжыму за кавалак каўбасы і бутэльку чарніла. І пры гэтым яны не задумваюцца пра будучыню сваіх унукаў і праўнукаў, адцягваючы іх жыцьцёвыя пэрспэктывы на дзесяцігодзьдзі назад. Іх ні ў чым не пераконвае прыклад Беларускага гуманітарнага ліцэю і многае іншае. На маю думку, трэба цьвяроза і цьвёрда прызнацца сабе: гэты рэжым добраахвотна ня сыдзе — ні цяпер, ні ў далёкай пэрспэктыве. Надзея застаецца толькі на саміх сябе — на тое, што самі пазбавімся ад уласнага страху і згуртуемся адначасова ў адзіны дружны народ. Разам нас многа, і мы — сіла. Веру, што людзі пасьля выбараў зьбяруцца ўсе разам і выкажуць сваё стаўленьне да вынікаў. А каб не баяцца быць апазнаным на фота і відэаздымках, можна схаваць твар пад павязкай”.

Пры гэтым слухач папярэджвае, што сваё сапраўднае прозьвішча называць баіцца. Грамадзяне Беларусі, спадар Дамброўскі, нават паводле дзейнай сёньня Канстытуцыі, маюць права свабодна выказваць стаўленьне да падзеяў у сваёй краіне, зьбірацца дзеля гэтага на мітынгі, праводзіць шэсьці. А калі вы ўдзельнічаеце ў справядлівай і законнай справе, навошта хаваць свой твар і трымаць у сакрэце імя? Вядома, у вас ёсьць уласны адказ на гэтае пытаньне — і вашыя аргумэнты ў Беларусі ўсім вядомыя. Тое, што правы запісаныя ў Канстытуцыі, яшчэ ня значыць, што яны выконваюцца ў рэальнасьці. Але тыя людзі, для якіх страх і адчуваньне небясьпекі мацнейшыя за імкненьне да свабоды і годнага жыцьця, ня выйдуць адстойваць свае правы ні ў павязках, ні без павязак. Тым больш, што павязка ад міліцэйскай дубінкі і ад арышту не ўратуе.

У аглядзе пошты, які прагучаў у нашым эфіры 11 студзеня, я цытаваў ліст Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Слухач, разважаючы пра хаду выбарчай кампаніі, прыйшоў да высновы, што дэмакратычнаму кандыдату неабходная новая, арыгінальная ідэя разьвіцьця грамадзтва, якая магла б завабіць большую частку беларускага насельніцтва. Гэтая новая Беларусь, паводле Алеся Марціновіча, павінна будавацца на грунце расейскай мовы. З такім падыходам не пагаджаецца наш слухач Мікола Віцязь зь Белаазёрску. Ён піша:

“Па сутнасьці, Алесь Марціновіч заклікае зрабіць Беларусь навечна расейскамоўнай, гэта значыць — зьнішчыць беларускі народ. Той народ, у якога багатая эўрапейская гісторыя і культура, прыгожая славянская мова. Так можа пісаць толькі маскоўскі агент, беларусафоб і калябарант. Марціновіч хоча быць большым асымілятарам беларусаў, чым маскоўскія шавіністы-калянізатары. А мова — душа любога народу. Зьнікае мова — зьнікае і народ, носьбіт гэтай мовы. Так было з шумэрамі, этрускамі, прусамі і многімі іншымі народамі сьвету. Беларусы могуць быць свабоднымі толькі са сваёй мовай. Расейская мова для беларусаў ёсьць інструмэнтам іх заняволеньня. Вось чаму цяпер на Беларусі ажыцьцяўляецца татальная прымусовая русіфікацыя. І за такія дзеяньні нясе адказнасьць кожны жыхар Беларусі”.

Лёгка зразумець, спадар Віцязь, вашы патас і заклапочанасьць лёсам беларускай мовы. Мушу, аднак, заўважыць, што ў лісьце Алеся Марціновіча вялася размова крыху пра іншае. У прыватнасьці, пра тое, як спалучыць дэмакратычную ідэю са спэцыфічным стаўленьнем значнай часткі беларускага насельніцтва да нацыянальных каштоўнасьцяў, у тым ліку і да мовы. Абвінавачваць у цяперашнім стане беларускай мовы толькі “маскоўскіх калянізатараў” ды “маскоўскіх агентаў”, як робіце вы, спадар Віцязь, гэта ўсё ж надта спрошчаны падыход. Не агенты і не калянізатары прагаласавалі на рэфэрэндуме 1995 году за тое, каб пазбавіць беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай і забараніць нацыянальныя дзяржаўныя сымбалі.

На заканчэньне ліст ад Эдуарда Зяновіча зь Ліды:

“Дзень добры, Радыё Свабода і асабіста Валянцін Жданко. Вашу і нашу “Свабоду” слухаю з 1960-х гадоў. Быў тады ў мяне прыймач “Рэкорд”. Лавіў галасы праз шум “глушылак”. Слухаючы “Свабоду”, адчуваю глыток чыстага паветра і праўдзівай інфармацыі. За гэта вельмі вам удзячны. Цяпер самая актуальная тэма — прэзыдэнцкія выбары. Кожны прэзыдэнт, заступаючы на пасаду, складае прысягу. Але ня кожны яе выконвае. Нам, беларусам, трэба моцна задумацца перад 19 сакавіка. Ян Павал ІІ некалі сказаў заняволеным камуністамі народам Усходняй Эўропы : “Ня бойцеся!”. І людзі не пабаяліся”.

Далей у сваім лісьце Эдуард Зяновіч зь Ліды разважае пра тое, ці варта Беларусі адмаўляцца ад сваёй грашовай адзінкі:

“Наш прэзыдэнт добра робіць, што не сьпяшаецца зь пераходам на расейскія рублі. Я ведаю з гісторыі ўласнай сям’і, што ніякага дабра ад чужых грошай не бывае. Зрабілі бальшавікі ў 1917 годзе рэвалюцыю, “згарэлі” царскія рублі — падманулі дзеда. Потым абясцэніліся савецкія чырвонцы — падманулі бацьку. У 1990-я гады абрынулася фінансавая сістэма ў СССР — падманулі нас усіх. Вось якія “смачныя” чужыя грошы. …Зрэшты, можа, раскудахтаўся я і зашмат. Не агледзісься, як парушыш кодэкс Палаты — і загрыміш за краты”.

Сапраўды, спадар Зяновіч, цяпер Аляксандар Лукашэнка абараняе нацыянальную грашовую сыстэму і ўсяляк стрымлівае працэс пераходу Беларусі на расейскі рубель. Але ці была б патрэба ў такой абароне, калі б, пачынаючы з 1994 году, той жа Аляксандар Лукашэнка не заклікаў Маскву да як мага больш шчыльнай інтэграцыі аж да аб’яднаньня ў адзіную дзяржаву?

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Леанід Балдуеў зь вёскі Волеўкі Дубровенскага раёну, Уладзімер Башкіраў з Магілёва, Пятрусь Кветка са Слоніму, Алесь Станкевіч з Горадні, Алесь Шустоўскі з Барысава і Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG