Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вадзім Сашурын: “Па беларускім біятлёне гучаць апошнія пахавальныя акорды”


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Палацы спорту беларускіх алімпійцаў афіцыйна выпраўляюць у Турын — сталіцу ХХ зімовых алімпійскіх гульняў. Самалёт з адміністрацыйна-гаспадарчай групай адляціць у Італію 27 студзеня; 2 лютага першымі з алімпійцаў на Апэніны выправяцца біятляністы. Якія шанцы маюць беларусы ў галоўных зімовых спаборніцтвах чатырохгодзьдзя?

Беларусь на Алімпіядзе ў Турыне будуць прадстаўляць трыццаць чалавек у сямі відах спорту: біятлёне, фрыстайле, канькабежным спорце, фігурным катаньні, скачках з трампліну, шорт-трэку і лыжных гонках. Паводле аптымістычных прагнозаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту, беларусы могуць здабыць у Італіі пяць мэдалёў — перадусім, у біятлёне, фрыстайле і каньках. Аднак дзейныя спартоўцы не падзяляюць такога аптымізму. Гаворыць адзін з самых тытуляваных біятляністаў Вадзім Сашурын:

(Сашурын: ) “Я, шчыра кажучы, прагматык у сэнсе вынікаў. Ня веру я ў “выбухі”, “усплёскі”. Якісьці ўзровень ёсьць, яго і паказваеш. Праўда, Алімпіяда — гэта спаборніцтва шэрагу “з ног на галаву”. Як ні парадаксальна, вельмі часта людзі, не гатовыя да высокіх вынікаў, з мэдалямі вярталіся. А хто рэальна на першае месца прэтэндаваў, заставаўся ні з чым. Але што да беларускага біятлёну, то, думаю, па ім гучаць практычна апошнія пахавальныя акорды”.

Вадзім Сашурын — адзін з мацнейшых беларускіх біятляністаў, але ўжо чацьверты алімпійскі цыкль ён застаецца па-за складам зборнай. Калі дагэтуль перашкодай былі траўмы і станоўчая допінг-проба, то сёлета яго адкінулі за “фізычную некандыцыю”. Вадзім скардзіцца: не трапляючы ў стартавы пратакол, цяжка паказваць патрэбныя вынікі.

(Сашурын: ) “У сьпісах зборнай я быў да нядаўняга часу, але шчыра кажучы, мяне ўжо і на старты не выстаўлялі, не давалі магчымасьці. А як паказаць вынік, не стартуючы? На жаль, спартовае жыцьцё кароткае, і калі б толькі ад спорту залежала спартовая кар’ера... На жаль, тут ня толькі спорт, але і палітыка. Так што ў Турын я не трапляю, чацьвертую запар Алімпіяду мне не даюць выступіць. Але што зробіш? Ня першы ўдар у маім жыцьці, таму можна не хвалявацца — перажыву”.

Кампанію Сашурыну сёлета склаў прызэр зімовай Алімпіяды ў Нагана і адзін зь лідэраў каманды Аляксей Айдараў. У апошні момант рашэньнем кіраўніцтва НАК прозьвішча Айдарава выкрэсьленае са сьпісаў біятлённай зборнай.

Няпэўная сытуацыя вакол ці не асноўнай мэдалёвай надзеі — канькабежкі Анжалікі Кацюгі. Нягледзячы на атрыманыя нядаўна алімпійскія ліцэнзіі, ці дапусьцяць беларуску на алімпійскія старты, вырашыць 31 студзеня Спартовы арбітражны суд.

Больш-менш лагодны настрой у лягеры фрыстайлістаў. Спартоўцы выступаюць досыць роўна і рэгулярна вяртаюцца зь міжнародных спаборнцітваў з мэдалямі. Праўда, пры гэтым лідэрка каманды жаночага фрыстайлу Ала Цупер кажа, што супернікі ў беларусаў надзвычай моцныя:

(Цупер: ) “І ў нас, і ў мужчынаў канкурэнцыя істотная. Прыкладам, вельмі моцныя цяпер кітаянкі. Кітайцы хутка будуць лідэрамі ва ўсім. Потым яшчэ аўстралійкі, канадкі. Але перад Алімпіядай мы яшчэ будзем трэніравацца. 1 лютага ад’яжджаем у Чэхію на Кубак сьвету, дзе застанемся дзён на дзесяць дзеля трэніроўкі. Так што, нейкія спадзяваньні на фрыстайл ёсьць”.

Шэфам беларускай алімпійскай місіі ў Турыне прызначаны старшыня дырэктарату нацыянальных камандаў Міністэрства спорту і турызму Аляксандар Шэвель. Таксама едуць на Алімпіяду міністар спорту Аляксандар Грыгараў і кіраўнікі НАК — першы віцэ-прэзыдэнт Генадзь Аляксеенка, віцэ-прэзыдэнт Аляксандар Мядзьведзь і генсэк Георгі Катулін. Паездка ў Турын прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі, паводле спадара Аляксеенкі, “пакуль не плянуецца”, бо “час правядзеньня Алімпіяды супадае зь вельмі важнай палітычнай кампаніяй у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG