Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэгулярна слухаць радыёперадачы стала неабходнасьцю совецкіх людзей”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 25 студзеня. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Сялянская ніва”, 1926 год:

“У Коўне нядаўна паўстала беларуска-літоўскае таварыства На чале яго стаў В.Ластоўскі. Рэшта сяброў так-жа выдатныя беларусы і літоўцы. Мэта гэтага таварыства — збліжэньне беларускага і літоўскага народаў, а так-жа дапамаганьне беларусам у іх змаганьні за сваю поўную незалежнасьць… Найбольш аднак прыемным для беларусаў у гэтым таварыстве, гэта — імкненьне да незалежнасьці Беларусі. Той, хто вольны ад рознага роду варункаў цэнзуральных, найлягчэй можа разьвіваць незалежніцкую думку. А гэтую вольнасьць прадусім мае, як заўсёды, эміграцыя”.

“Звязда”, 1956 год. Нехта А.Салавей:

“Рэгулярна слухаць радыёперадачы стала неабходнасьцю совецкіх людзей. Таму вельмі важна, каб строга захоўваўся графік трансляцый асноўных радыёстанцый. Аднак Старадарожскі радыёвузел сістэматычна парушае графік перадач, асабліва з Масквы і Мінска. Ён часта пачынае работу на 20—30 мінут пазней вызначанага часу. У сувязі з гэтым насельніцтва не можа праслухаць перадавы артыкул газеты “Правда”, іншыя матэрыялы… Аб перабоях у рабоце раённага радыёвузла і парушэнні ім графіка вяшчання паступілі сігналы ў Старадарожскую раённую кантору і абласное ўпраўленне сувязі, але канкрэтныя меры не прыняты”.

“ЛіМ”, 1966 год:

“Дзяржаўны мастацкі музей БССP папоўніўся палатном мастака Івана Дамеля “Павел І наведвае Касцюшку ў турме”. Гэты твор вядомага майстра ХІХ ст., які доўгія гады жыў і працаваў у Мінску, паднесла ў дар Траццякоўская галерэя. Іван Дамель пісаў галоўным чынам на гістарычныя тэмы і партрэты. Яго творы экспанаваліся ў Мінскай карціннай галерэі, але разам з іншымі яе мастацкімі каштоўнасцямі былі ўкрадзены нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Лёс іх, як і іншых твораў жывапісу, скульптуры і графікі, невядомы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG