Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заканчваецца вылучэньне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі (абноўлены)


Радыё Свабода На гэтым тыдні заканчваецца вылучэньне кандыдатаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. У краіне створана больш за шэсьць з паловай тысяч адпаведных камісіяў. У Цэнтравыбаркаме мяркуюць, што агульная колькасьць іх сябраў дасягне прыкладна 70 тысяч.

Менская гарадзкая, раённыя і першасныя суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі плянуюць вылучыць у 668 участковых камісіяў сталіцы прыкладна 550 кандыдатаў. Абсалютная бальшыня зь іх вылучаецца ад партыйных структураў. Перадача адпаведных дакумэнтаў у выканкамы пачынаецца сёньня, гаворыць старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык:

(Шынкарык: ) “Па Менску мы вылучаем ад партыйных арганізацыяў. У нас у кожным раёне ёсьць зарэгістраваныя раённыя і першасныя суполкі, ну і, зразумела, гарадзкая. Таму мы вылучаем кандыдатаў не праз збор подпісаў, а ад партыйных арганізацыяў”.

А вось у Астравецкім раёне, дзе Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама мае зарэгістраваныя філіі, вырашылі спалучаць абедзьве формы вылучэньня, паведамляе старшыня раённай арганізацыі Іван Крук. З сарака аднаго ўчастку тут плянуюць ахапіць шаснаццаць:

(Крук: ) “Я туды стаўлю, дзе ў нас самыя буйныя ўчасткі. Там, дзе 100, 110 альбо 90 выбарцаў — туды не”.

(Карэспандэнт: ) “А самыя вялікія — гэта колькі?”

(Крук: ) “Гэта каля тысячы”.

Спадар Крук гаворыць, што ад АГП і Клюбу выбарцаў у тэрытарыяльную выбарчую камісію вылучаліся два прэтэндэнты, але ў склад яе яны ня трапілі. Як будзе гэтым разам? Іван Крук распавядае, як хадзіў да старшыні райвыканкаму і ягоных намесьнікаў, як завяраў подпісы:

(Крук: ) “Я так справы не пакідаю. На мінулым тыдні наш чалавек пайшоў у райвыканкам завяраць подпісы за Мілінкевіча. Не хацелі завяраць. На наступны дзень я сам пайшоў. Кажу: ня будзеце завяраць, накірую тэлеграмы ў Цэнтравыбаркам. І адразу старшыня райвыканкаму заверыў падпісныя лісты. Асабіста. Я не даю нікому спаць”.

Вылучэньне ва ўчастковыя камісіі працягнецца да 29 студзеня ўключна. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што пакуль зьвестак пра колькасьць ужо вылучаных кандыдатаў у галоўнай камісіі няма. Гэтым, паводле ягоных словаў, займаюцца выключна мясцовыя адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG