Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы, выступіў у Сэйме


Радыё Свабода Сёньня кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч выступіў у Сэйме Польшчы і сустрэўся з польскім прэзыдэнтам. Мілінкевіч стаў першым беларускім грамадзянінам, якому было прадстаўленае права выступіць перад польскім парлямэнтам. “Вяртаньне Беларусі на шлях свабоды і дэмакратыі ёсьць абавязкам саміх беларусаў, аднак мы таксама разьлічваем на падтрымку з боку дэмакратычных краінаў сьвету”, – заявіў Мілінкевіч падчас выступу.

Прапануем поўны тэкст 20-хвіліннага выступу Аляксандра Мілінкевіча:

(Мілінкевіч: ) "Хачу падзякаваць за атрыманую магчымасьць прамаўляць перад Сэймам Рэчы Паспалітай. Для мяне гэта вялікі гонар прамаўляць перад дэмакратычна абраным парлямэнтам дэмакратычнай і блізкай нам краіны.

Надзвычай важна тое, што палякі разумеюць сытуацыю Беларусі, што прадстаўнікі польскага народу ў Сэйме вырашылі запрасіць у Сэйм дэмакратычную беларускую апазыцыю, паказваючы гэтым самым, што палякі маюць намер дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі гэтак жа пасьлядоўна, як некалі змагаліся за дэмакратыю ва ўласнай дзяржаве.

Інкарпарацыя Беларусі ў Расейскую імпэрыю адбілася трыма паўстаньнямі, якія адбываліся пад заклікам “За нашую і вашую вольнасьць!”. Мой прадзед удзельнічаў у апошнім з гэтых паўстаньняў. Паўстанцы разумелі: калі суседні народ у няволі, дык і мой народ ня будзе вольны.

Мы разам змагаліся за нашую незалежнасьць, за вашую і нашую свабоду, плячо да пляча, баронячы гонар і бацькаўшчыну да апошняй кроплі крыві. Палякі ніколі не кідалі марыць пра ўласную свабоду, свабоду сваёй айчыны, і вам удалося. Сёньня Польшча ёсьць незалежнай дзяржавай, дэмакратычнай і квітнеючай краінай.

Беларусы надалей змушаныя біцца за ўласную незалежнасьць, уласны гонар, уласную Айчыну. Маем перад сабой красамоўны прыклад пасьпяховага змаганьня і ніколі не адмовімся ад уласных адвечных мараў, ад ідэалаў незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай дзяржавы Беларусі.

Дэмакратызацыя Польшчы паказала нам, што значыць сфармаваная і адказная грамадзянская супольнасьць. Год таму мы назіралі салідарнасьць палякаў з дэмакратычнымі пераменамі ва Ўкраіне. Тут, у Польшчы, бачым як працуюць палітычныя эліты, якія маюць пачуцьцё адказнасьці за ўласную краіну і за ўласны народ. Назіраем палякаў, якія цешацца ўласнай вольнасьцю, якія дачакаліся спаўненьня ўласных мараў разьвіцьця і дабрабыту. Сёньняшнія беларускія ўлады лічаць, што гэта дрэнны прыклад. І робяць усё, каб беларусы ніколі не даведаліся пра гэты пасьпяховы прыклад – блякуюць польскія радыё і тэлебачаньне, спрабуюць маніпуляваць польскай супольнасьцю на Беларусі і запалохваць яе актывістаў, не пускаюць польскіх дэпутатаў і журналістаў празь мяжу.

Вось ужо больш за дзесяць год Беларусь вяртаецца ў мінулае, найперш да самаізаляцыі часоў Савецкага Саюзу, стагнацыі часоў Брэжнева, а цяпер і да рэпрэсій сталінскіх часоў. Якой будзе наступная фаза – можна толькі здагадвацца і прагназаваць. Цяпер мы перажываем дээвалюцыю, вычварэнскае разьвіцьцё нашай гісторыі. Мы ўжо даўно не пытаемся, што такое страх, бо ім нас спрабуюць апаноўваць штохвіліну і на кожным кроку. Ужо з цяжкасьцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова, бо адкрытае казаньне праўды пра сытуацыю ў краіне сёньня караецца артыкуламі Крымінальнага кодэксу, такімі як, напрыклад, “дыскрэдытацыя дзяржавы”. Мноства людзей большыя альбо меншыя тэрміны сядзелі ці сядзяць у турмах. Фармальна, безумоўна, не за палітыку, але ўсе разумеюць, якую задачу ставіць перад сабой улада: сеяць страх у душах.

У Беларусі няма ніводнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня, гвалтоўна зьмяншаецца колькасьць беларускіх клясаў у сярэдніх школах. Зачынены ўладамі адзіны беларускамоўны ліцэй. І гэта ўсё робіцца ў краіне, дзе 48 адсоткаў людзей карыстаецца штодзённа беларускай мовай, а 74 адсоткі лічаць беларускую мову роднай.

Культура перажывае нечуваную дагэтуль стагнацыю. Акрамя таго, што радыё і тэлебачаньне абавязаныя перадаваць у эфір 75% беларускай музыкі, ёсьць “чорны сьпіс” музыкаў, якія знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму. Перадаваньне музыкі гэтых аўтараў у эфір забароненае. Саюз пісьменьнікаў, які аб''ядноўвае найбольш паважаных паэтаў і пісьменьнікаў Беларусі, з прычыны таго, што крытычна ацэньвае сёньняшнюю ўладу, быў змаргіналізаваны праз стварэньне паслухмянай уладам пісьменьніцкай арганізацыі.

У Беларусі няма ніводнага незалежнага тэлевізійнага каналу ці радыёстанцыі, якая б дазваляла сабе хаця б самую ціхую крытыку ўладаў. Тыднёвы наклад усіх незалежных газэт меншы, чым аднадзённы наклад галоўнай праўладнай газэты “Советская Белоруссия”.

Гаспадарка надалей знаходзіцца ў дзяржаўных руках – толькі 20% унутранага валавага прадукту сёньня прадукуецца прыватным сэктарам, які зрэшты не можа існаваць, калі не зьвязаны з уладамі. Незалежных ад улады прадпрымальнікаў цісьне адміністрацыя і даводзіць да банкруцтва, альбо да поўнай ляяльнасьці і падпарадкаваньню патрэбам улады. Сярэдняя зарплата каля 150 даляраў, а кошты на прадукты і камунальныя паслугі такія самыя, як у Польшчы. Калі толькі беларусы пачалі езьдзіць да Польшчы па прадукты, улада адразу ж увяла абмежаваньне на ўвоз гэтых прадуктаў.

Замежныя стасункі Беларусі сёньня не разьвіваюцца. Скандал з польскай супольнасьцю, абвінавачваньне Літвы ў падрыхтоўцы зьвяржэньня беларускага ўраду, абраза ў бок прэзыдэнта Юшчанкі ў тым, што ён марыянэтка Захаду. Нават стасункі з Уладзімерам Пуціным знаходзяцца ў найбольш халодным пункце хіба за ўвесь час прэзыдэнцтва расейскага палітыка. Апошняе пагадненьне пра нізкія кошты на газ ня ёсьць вынікам добрых адносінаў з Расеяй, а толькі тым, што кантроль над беларускай сеткай газапровадаў перададзены расейцам узамен за падтрымку Лукашэнкі Крамлём на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. Эўразьвяз падаецца беларускай прапагандай як край дзікага капіталізму, у якім людзі сьпяць на вуліцах, жабруюць і грэбаюцца ў сьметніках, дзе грамадзяне забіваюць адзін аднаго пасярод сьветлага дня. Злучаныя Штаты, якія атаясамляюцца прапагандай з НАТО, ёсьць месцам найбольшага зла для “сінявокай Беларусі”, і калі б не Лукашэнка, даўно б зрабілі зь Беларусі калёнію, як зрабілі калёнію з Польшчы ці з прыбалтыйскіх краінаў.

Улада ў любой сыстэме абапіраецца на людзей. Гэта людзі маюць права выбіраць уладу ці зьмяняць яе. Беларускія дэмакратычныя сілы хочуць бачыць Беларусь адкрытай і незалежнай беларускай дзяржавай, у якой шануецца годнасьць кожнага чалавека. Усе здаровыя дэмакратычныя сілы ў маёй дзяржаве аб’ядналіся на плятформе свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці. Партыя Беларускага народнага фронту, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская, Сацыял-дэмакратычныя Грамада, Партыя Працы, Партыя Зялёных, Партыя жанчын “Надзея” былі падтрыманыя грамадзкімі арганізацыямі ды ініцыятывамі.

Вынікам гэтага аб’яднання стаўся Кангрэс Дэмакратычных Сіл, якія адбыўся на пачатку кастрычніка 2005 году і сабраў 1200 удзельнікаў. Яны прадстаўлялі ўсе беларускія рэгіёны, усе дэмакратычныя партыі, прафсаюзы, і амаль 200 няўрадавых арганізацый. Ад часу, калі Лукашэнка ў 1996 годзе разагнаў дэмакратычна абраны Парлямэнт, Беларусь ня ведала падзеі такога высокага ўзроўню легітымнасьці.

Не зважаючы на запэўнены сацыяльны мінімум, беларусы змучаныя жыцьцём у пагардзе. Беларусы сёньня скутыя страхам. Першай задачай дэмакратычных сіл ёсьць пераламаньне гэтага страху, а таксама павелічэньне актыўнасьці людзей з дапамогай інфармацыйнай кампаніі і падтрымка іх самаарганізацыі. Толькі ў гэтым выпадку не адбудзецца сцэнар сфальшаваных псэўдавыбараў, якія вядуць да чарговай запраграмаванай “элегантнай перамогі” Лукашэнкі. Хацеў бы падкрэсьліць – мы не спадзяемся, што тое, што адбудзецца 19 сакавіка ў Беларусі, будзе тым, што ва ўсім сьвеце называецца выбарамі. Але, між тым, маем шанцы змусіць улады да празрыстых і дэмакратычных выбараў.

Кажу гэта, як прадстаўнік шырокай кааліцыі ўсіх тых сіл, якія хочуць вярнуць маю дзяржаву да вялікай сям’і дэмакратычных народаў сьвету. Наша сіла ў адзінстве і толькі адзінства можа стацца падмуркам перамогі. Будзем шчасьлівыя, калі ўсе тыя, каму неабыякавы лёс Беларусі, хто падзяляе нашыя каштоўнасьці і бачаць Беларусь дэмакратычнай, далучацца да нашай шырокай кааліцыі. Разам нам будзе лягчэй.

Вяртаньне Беларусі на шлях свабоды і дэмакратыі ёсьць абавязкам саміх беларусаў, аднак таксама лічым на падтрымку з боку дэмакратычных краінаў сьвету. Скаардынаваныя дзеяньні ўсіх тых, якія хочуць бачыць Беларусь свабоднай, неабходныя ў наступных накірунках:

– пашырэньне абсягу альтэрнатыўнай інфармацыі, вольнай ад цэнзуры ўлады ў Менску;

– салідарнасьць з актывістамі дэмакратычнага руху, рэпрэсаванымі за палітычныя погляды, асуджанымі да турмаў, пакаранымі грашовымі штрафамі, звольненымі з працы ці выкінутымі з унівэрсытэтаў;

– падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, здольных прафэсійна выконваць свае абавязкі ў новай дэмакратычнай Беларусі;

– адкрытасьць дэмакратычнага сьвету для звычайных беларускіх грамадзянаў, дзякуючы аблягчэньню візавага рэжыму, і адначасова ўзмацненьня гэтага візавага рэжыму для тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях і нішчэньню правоў чалавека.

Да Польшчы як суседкі, блізкай, зьвязанай зь Беларусьсю стагодзьдзямі супольнай гісторыі, пераважная большасьць беларусаў ставіцца з сымпатыяй. Таму мы зычым палякам і Польшчы посьпеху. Ваш посьпех дае нам прыклад, што толькі свабода, незалежнасьць і дэмакратыя спрыяюць рэалізацыі патэнцыялу народу. Мусім таксама памятаць, што маем унікальную магчымасьць пабудовы мастоў паразуменьня з дапамогай меншасьцяў – беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Гарантыя захаваньня моўна-культурнай і рэлігійнай самасьвядомасьці, магчымасьці навучаньня ў роднай мове, гаспадарчае разьвіцьцё рэгіёну, заселенага этнічнымі беларусамі ў Польшчы служаць добрым аргумэнтам на карысьць дэмакратычнай сыстэмы. З свайго боку запэўніваю, што па вяртаньні Беларусі на шлях свабоды, польская меншасьць у Беларусі замест перасьледу будзе мець поўную падтрымку з боку дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Дыктатар ніколі ня марыў пра адкрытую і дэмакратычную Беларусь. Для яго не было важнейшай справы, як татальны кантроль над грамадзтвам, на думкамі людзей ды іх лёсам. Аднак беларусы зразумелі – свабода і дэмакратыя могуць быць дасягнутыя, яны на адлегласьці выцягнутай рукі. Патрэбная толькі магутнае жаданьне быць свабодным".

Milinkevich (Milinkiewicz) - Kaczynski
Мілінкевіч сустракаецца з польскім прэзыдэнтам Лехам Качыньскім. 25 студзеня 2006 году

Гл. таксама: • Вынікі візыту і фотарэпартаж з Варшавы
XS
SM
MD
LG