Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялейка: “Ледзь не за каўнер цябе хапаюць — давай, падпішуся за Мілінкевіча!” <B>(фота)</B>


Ягор Маёрчык, Вялейка, Меншчына (эфір 23 студзеня)

Над Вялейскім райвыканкамам лунае савецкі сьцяг — не, не цяперашні дзяржаўны, а менавіта эсэсэсэраўскі, чырвоны. Такім чынам у 30-тысячным райцэнтры Меншчыны ганаруюць перадавікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасьці.

У будынку знаходжу пакоі аддзелу ідэалёгіі. Адчыняю дзьверы, прадстаўляюся і прапаную паўдзельнічаць у праграме. У адказ бачу спалоханыя вочы чыноўніцы:

(Чыноўніца: ) “Я нават ня ведаю, чым вам дапамагчы, наша начальніца сёньня ў Менску”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня маеце права гаварыць безь ягонага дазволу?”

(Чыноўніца: ) “Натуральна, дзе ж мы будзем нешта казаць бязь ейнай згоды! Пачакайце мяне хвілінку тут”.

Спадарыня выбягае з кабінэту. У калідоры чуваць цокат абцасаў. Празь пятнаццаць хвілінаў яна вяртаецца і паведамляе:

(Чыноўніца: ) “Выбачайце, што вас затрымала. Ведаеце, я спрабавала пагаварыць з намесьнікам старшыні. Але ён цяпер заняты, да яго прыехала праверка”.

У будынку раённай вэртыкалі адбываецца паседжаньне адміністрацыйнай камісіі, на якім разглядаецца справа сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Малярчука. Ён удзельнічае ва ўсіх палітычных кампаніях апошніх пятнаццаці гадоў, займаецца праваабарончай дзейнасьцю, выдае незарэгістраваную газэту “Аб’ектыў”.Сам зьяўляецца аўтарам, рэдактарам і выдаўцом.

Малярчука затрымалі на рынку, калі ён распаўсюджваў улёткі пра Дзень Салідарнасьці, які ладзіцца штомесяц 16-га чысла. Міліцыянтам не спадабаліся, што ў звароце Аляксандар Лукашэнка названы дыктатарам. Пасьля паседжаньня камісіі мы сустракаемся з Уладзімерам на цэнтральным пляцы Вялейкі. Ён дзеліцца навіной: аштрафавалі на 150 тысяч. Апазыцыянэра такі фінал не засмучае. Кажа, што змаганьне ня скончанае, што ён будзе падаваць у суд на райвыканкам і міліцыю.

(Малярчук: ) “Аднойчы я стаяў у ланцугу неабыякавых людзей. Мяне за гэта асудзілі і апісалі маёмасьць. Паўтара году я дамагаўся праўды, урэшце напісаў у камісію ААН па правах чалавека. Яны напісалі ва ўрад, што Беларусь могуць прыцягнуць да суду за парушэньне правоў чалавека ў Вялейцы. Старшыня Вярхоўнага суду Сукала скасаваў пастанову пра маё пакараньне, мяне апраўдалі. Улады былі шакаваныя, асабліва калі ўлічыць, што гэта быў другі суд, які я выйграў.

Пасьля гэтага я пачаў разважаць: мяне судзілі за тое, што прыйшлі неабыякавыя людзі, а што будзе, калі захочуць сустрэцца іншыя групы насельніцтва? Пасьля гэтага я напісаў у райвыканкам заяву, каб дазволілі сустрэчу лысых і валасатых гараджанаў у гарадзкім парку. Старшыня выканкаму на поўным сур’ёзе мне адказаў, што для таго, каб лысыя і валасатыя пачалі сустракацца, трэба стварыць арганізацыю лысых і валасатых, зарэгістраваць яе ў райвыканкаме, і толькі пасьля гэтага мы будзем мець права сустракацца”.



(Карэспандэнт: ) “Як мы можаце прааналізаваць збор подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча? Як ён адбываецца?”

(Малярчук: ) “У нас збор подпісаў ідзе як і ва ўсёй Беларусі. Шмат што залежыць ад самога зборшчыка подпісаў. Менавіта ад ягонага іміджу і камунікацыі залежыць колькасьць сабраных подпісаў. У 2001-м, калі я зьбіраў подпісы ў незнаёмых, шмат хто ставіў, чуючы маё прозьвішча. Сёньня сытуацыя пагоршала. Нават тыя людзі, якія былі нашых поглядаў, цяпер прытрымліваюцца думкі, што жыцьцё ў нас стабільнае і яго ня трэба варушыць”.

У Вялейцы зьбіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку і за Аляксандра Мілінкевіча. Іншыя ініцыятыўныя групы пакуль не заўважаны. Мілінкевічу тут дапамагаюць 17 чалавек — гэта сябры дэмакратычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў. Беспрацоўны Алесь Наркевіч на маё пытаньне, чаму пайшоў у ініцыятыўную групу, адказвае сустрэчным пытаньнем: “А хто, калі ня я? Трэба ж нейкаму рабіць гэтую працу”.

(Наркевіч: ) “Я пакуль што падпісаў 29 чалавек — гэта мала, можна назьбіраць і болей. Я хаджу па хатах і кватэрах, размаўляю зь людзьмі, слухаю, што яны кажуць. Пытаюцца ў мяне мала. Хто падпісваецца, той ведае, навошта ён гэта робіць. Няма такіх, хто ня ўпэўнены ў сваіх дзеяньнях. Шмат такіх, якія кажуць: “Я пэнсіянэр, мне нічога ня трэба і не дурыце мне галаву, я за Лукашэнку!” А ёсьць такія, хто ледзь не за каўнер цябе хапае: “Няма пытаньняў! Давай, падпішуся за Мілінкевіча”.

(Карэспандэнт: ) “Калі перапытваюцца, то якое самае частае пытаньне?”

(Наркевіч: ) “А хто гэта такі? Я ж яго ня ведаю! — кажуць. У мяне адна настаўніца адмовілася. Паводле правілаў, лісты сваімі подпісам зацьвярджаюць альбо старшыня райвыканкаму, альбо ягоны намесьнік. Настаўніца гэтага спужалася, хаця ўжо была гатовая несьці пашпарт”.

У лепшы час на вялейскім заводзе “Зэніт”, якія выпускае аптычную тэхніку, разам з фотаапаратамі і прыцэламі, працавала 8 тысяч чалавек. Пяць год таму гэтыя лічба скарацілася на 3 тысячы. У 2001-м перад выбарамі прадпрыемства наведаў Аляксандар Лукашэнка, які паабяцаў падняць завод. Ён запэўніў, што гэта справа знаходзіцца на ягоным асабістым кантролі. За другую пяцігодку прэзыдэнцтва колькасьць працоўных яшчэ зьменшылася — цяпер тут тысяча зь лішкам чалавек.

Пры мікрафоне кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу “Зэніту” Аляксандар Сыракваша:

(Сыракваша: ) “Прадпрыемства цяпер знаходзіцца ў такім стане, калі балянс роўны нулю — гэта значыць, што сталай працы няма. Выратоўваюць толькі выпадковыя замовы. Нядаўна ідэалягічная служба прадпрыемства праводзіла сацыялягічнае апытаньне, дзе людзі выказвалі сваё стаўленьне да кіраўніцтва прадпрыемства. Шмат хто адказаў, што не давяраюць ні майстрам, ні кіраўніцтву заводу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца на прадпрыемстве, што ў Беларусі ідзе прэзыдэнцкая выбарчая кампанія?”

(Сыракваша: ) “Не, на заводзе такога няма. На сёньняшні момант ёсьць недавер да выбараў. Інфармацыі мала. Ёсьць толькі інфармацыя з аднаго боку, а пра альтэрнатыўных кандыдатаў людзі нічога ня ведаюць. Людзі пытаюцца: за каго паставіць подпіс?”

Пяць год таму звольненыя працоўныя “Зэніту” ішлі на рынак гандлярамі. Вашай увазе архіўны запіс, зроблены часам падрыхтоўкі першай праграмы пра Вялейку:



(Гандлярка: ) “Калі дадуць на хлеб ды на масла, то пойдзем на завод. Будзем працаваць у дзьве зьмены, каб утрымліваць сваіх дзяцей. У мяне іх трое. Таму я сюды і прыйшла. А працавала на заводзе 18 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “А вы верыце, што калі-небудзь надыдзе такі дзень, калі...”

(Гандлярка: ) “Што вы?! Ніякай веры зусім няма. Гэтак будзе і дваццаць, і трыццаць гадоў. І ўсё горай, і горай. Мы атрымлівалі столькі, што хапала дзецям банан купіць. Цяпер і на гэта грошай няма. Нават тут сталі ўдвая меней атрымліваць. Падаткі вялікія. А я здароўя ня маю. Почка хворая, сэрца. Рукі ад сумак адняліся зусім”.

Вялейскі рынак папрыгажэў. Намёты зьмяніліся на шэрагі павільёнаў. Гандляры, праўда, жаляцца, што за прыгажосьць давялося выкласьці з кішэняў тысячу даляраў кожнаму. Маўляў, райвыканкам усё вырашыў і паставіў іх перад фактам, што пераабсталяваньне рынку будзе рабіцца за кошт прадпрымальнікаў. Улады не прымушалі, але неаднаразова падкрэсьлівалі, што на месцы незадаволеных могуць прыйсьці больш згаворлівыя бізнэсоўцы.

За пяць гадоў паболела прыватных крамаў ня толькі на рынку, але і ва ўсім горадзе. Я завітаў у фотасалён “Варыянт” і сустрэўся з гаспадаром Віталём Паўлоўскім:

(Паўлоўскі: ) “Я мяркую, што колькасьць прадпрымальнікаў не памяншаецца. Я нічога ня чуў пра згортваньне бізнэсу, але бачыў канкрэтныя прыклады, калі зьяўляліся новыя прадпрымальнікі. Магу прывесьці ў прыклад сябе. Якое прадпрыемства ў Вялейцы ні ўзяць, паўсюль крызіс. Таму людзі вымушаныя карміцца сваімі сіламі: нехта едзе на заробкі ў Расею, а нехта спрабуе распачынаць свой бізнэс”.

(Карэспандэнт: ) “Ці даўно ў вас салён?”

(Паўлоўскі: ) “Ён яшчэ і паўгоду не працуе. Нашы паслугі — усё, што тычыцца лічбавага фота: ад фатаграфаваньня да мантажу, сканаваньня нэгатываў, запісу на дыскі”.



(Карэспандэнт: ) “Тое, што вы бачыце на чужых здымках... Ці можна паводле гэтага меркаваць, як жыве народ?”

(Паўлоўскі: ) “У нас спэцыфічная кліентура, бо ў нас лічбавае фота. Нашыя кліенты — матэрыяльна забясьпечаныя людзі. На іхных здымках адпаведныя рэчы — гэта замежныя паездкі і адпачынак. І гэтыя частка людзей жыве нармалёва. Колькасьць уласьнікаў лічбавых фотакамэраў павялічваецца. У грамадзтве адбываецца пэўнае расслаеньне. Ёсьць людзі з нармальным прыбыткам, якія могуць дазволіць набыць лічбавую камэру, зьезьдзіць за мяжу і нават набыць аўтамабіль”.

Шыльда фотасалёну “Варыянт” напісана па-беларуску. Віталь зазначае, што бізнэсоўцы ўсё часьцей зьвяртаюцца да роднай мовы. А пяць гадоў таму адшукалася толькі адна беларускамоўная аб’ява — расклад імшы на дзьвярах Касьцёлу ўзвышэньня Крыжа сьвятога.

У першай праграме ўдзельнічаў малады ксёндз Алег Мурзіч.

(Мурзіч: ) “Прыходзячы сюды, чалавек адчувае сябе сапраўды чалавекам, у поўным сэнсе. Я думаю, што з Божай ласкі я дапамагу людзям знайсьці гэтую веру. Я чую, што ў большасьці людзей гучаць словы па-беларуску, значыць, гэта для іх не чужая мова. Таму я адпраўляю імшу па-беларуску, каб несьці Бога роднай мовай для кожнага чалавека”.

Цяпер ксёндз Мурзіч служыць у Бярэзіне. А беларуская мова гучыць сёньня ў Вялейцы ня толькі на каталіцкіх набажэнствах, але і на рок-канцэртах. Тэксты песьняў для гурту “Дзень Незалежнасьці” піша саліст Генадзь.



(Генадзь: ) “Гурт стварыўся два гады таму навучэнцамі маёй школы. Нас чатыры чалавекі. Пачыналі мы з панк-року, а цяпер у нас больш цяжкая музыка. Запісалі мы пяць песень. Якасьць дрэнная, бо такая ў нас апаратура. А наагул у нашай праграме каля пятнаццаці песень. У нас было тры канцэрты. Аўдыторыя рэагуе на нас вельмі добра. Ёсьць публіка, якая стала ходзіць на нашы канцэрты”.

(Карэспандэнт: ) “Ужо зьявіліся фанаты?”

(Генадзь: ) “Зьявіліся. І для такога гораду, як Вялейка, гэта шмат, блізу трыццаці чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму выбралі беларускую мову як афіцыйную для свайго гурта?”

(Генадзь: ) “Гэта ідзе ад душы, гэта мова маіх продкаў і бацькоў. Я ж нарадзіўся тут. Да гэтага ў нашым горадзе не было беларускамоўных рок-гуртоў. Мы вырашылі стаць першымі”.

(Карэспандэнт: ) “А як да беларускай мовы паставілася аўдыторыя?”

(Генадзь: ) “Ім спадабалася, бо да нас гэтага ніхто не рабіў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы вучыцеся ў школы. Як да вашага захапленьня ставяцца настаўнікі і выкладчыкі?”

(Генадзь: ) “З адміністрацыяй ніякіх праблемаў не ўзьнікае”.

Пяць гадоў таму ў перадачы пра мястэчка гучала такое назіраньне: “Вялейка — горад традыцыйнай заходнебеларускай мэнтальнасьці. Тут усе, хто навідавоку — улада, апазыцыя, міліцыя, настаўнікі, сьвятары — добра ведаюць адзін аднаго. Усе ўсіх разумеюць, але кожны робіць сваю справу”. Новая вандроўка толькі пацьвердзіла старое назіраньне.
XS
SM
MD
LG