Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: замерзьлі 10 чалавек. Слонім: старыя замярзаюць у сваіх дамох


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў незалежнага друку

Грамадзкая дзяячка Аксана Новікава зьвярнулася ў пракуратуру Менска з просьбай распачаць крымінальную справу супраць Яўгена Новікава, аўтара праграмы «Палітычныя тэхналёгіі» на БТ, – паведамляе «Народная воля». У сваёй заяве Новікава пазначае, што яе цёзка выкарыстаў у сваёй праграме прапаганду вайны, якую нібыта мерацца распачаць супраць Беларусі НАТА й Польшча. Што, на думку заяўніцы, падпадае пад дзеяньне арт. 123 КК Беларусі – «прапаганда вайны».

«Ці знайшліся мільёны Лявонава?», – аўтарка «НВ» Марына Коктыш нагадвае, што два гады таму гендырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў быў асуджаны на 10 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці за выкраданьне 15 млн. даляраў у дзяржавы. Гэтыя грошы асуджаны так і не вярнуў. Невядома, дзе яны цяпер. «Віна Лявонава ў зьдзяйсьненьні гэтых злачынстваў не пацьвярджаецца сьведчаньнямі й матэрыяламі справы,» – заяўляюць адвакаты.

“Газэта Слонімская” падае рэпартаж аб паездцы Аляксандра Мілінкевіча ў Слонім, Ваўкавыск ды Жыровічы. “Нашы штабы створаныя больш чым у ста раёнах краіны. Штодня яны зьбіраюць 10 тыс. подпісаў. Ніхто сядзець дома і гуляць па чужых правілах ужо не збіраецца. Крыніцай агульнага пэсымізму зьяўляецца адсутнасьць інфармацыі. Аднак людзям ужо надакучыла баяцца, улады перабралі меру ўціску,” – вось квінтэсэнцыя таго, пра што гаварыў Мілінкевіч са слонімцамі.

«У жылах стыне кроў, калі ў трубах стыне вада» – піша «ГС». У многіх дамох тэмпэратура не падымаецца вышэй за 15 градусаў Цэльсія. Але найгорш у прыватным сэктары – там у вадаправодзе замерзла вада. 80-гадовая Ніна Юдзіцкая цэлымі днямі сядзіць, прытуліўшыся да печы. Яе муж памёр гэтымі днямі. На вуліцу ня выйсьці: мароз. Есьці не прыгатаваць: у кране замерзла вада. Дачка Іна, якая жыве ў іншым горадзе, прасіла дапамогі ў ЖКГ, МНС і выканкаму – каб адагрэлі трубы. Адказ адзін: «Вас такіх шмат, чакайце».

"Витебский курьер" ў артыкуле “Студзеньскія апёкі” паведамляе: за 5 дзён, калі тэмпэратура апускалася ніжэй за 30 градусаў, на Віцебшчыне 613 чалавек былі шпіталізаваныя, 10 – загінулі. Сярод замерзлых – 63-гадовы рыбак з Паставаў, 35-гадовы лясьнік зь Лепеля. 67-гадовы лепелец забыў ключы ад хаты, палез у фортку, завяз у ёй і так замёрз. Двое віцебскіх бяздомных абмарозілі ногі так, што патрабуецца ампутацыя. З-за маразоў былі аварыі аўтобусаў, маршрутак і цягнікоў.
XS
SM
MD
LG