Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці цёпла ў маразы ў беларускіх вязьніцах


Радыё Свабода Вялікія маразы, якія другі тыдзень стаяць ў Беларусі, істотна паўплывалі на розныя сфэры жыцьця. А як пераносяць халады вязьні сьледчых ізалятараў, турмаў і калёніяў?

У беларускіх турмах, сьледчых ізалятарах і калёніях знаходзяцца болей за 40 тысяч чалавек. Былы дэпутат Сяргей Скрабец, якога зь мінулага тыдня судзяць у Вярхоўным судзе, днямі заявіў, што перад чарговым паседжаньнем яго гадзінамі трымаюць ў камэры, дзе поўна людзей, а вакно расчынена, і стаіць жудасны холад. Судзьдзя ніяк не адрэагаваў на гэтую заяву. Дарэчы, тады ў залі Вярхоўнага суда слупок тэрмомэтра не падымаўся вышэй за 13 градусаў.

Мой суразмоўца, менчук Васіль Сямашка, які шмат месяцаў адбыў у ізалятары на вуліцы Валадарскага і ў менскай калёніі, пацьвердзіў: у СІЗО, дзе знаходзіцца цяпер Сяргей Скрабец, ёсьць камэры, за якія больш халодныя толькі карцэры для парушальнікаў турэмнага рэжыму.

(Сямашка: ) “ Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе камэру, якую на турэмным дыялекце называюць “адстойнікам”. Туды зьмяшчаюць вязьняў, якіх толькі прывезьлі, альбо тых, каго вязуць у суд. Там бруд, шмат паляць, таму вакно бяз шкла. Скрабец кажа суцэльную праўду, магу яго зразумець”.

Паводле майго суразмоўцы, іншыя камэры ізалятараў трэба падзяляць на дзьве катэгорыі. Адны больш камфортныя, дзе ў кожнага ёсьць свой ложак. Там цяпер ня вельмі цёпла, але, як кажуць, жыць можна. А ў камэры, дзе трымаюць болей за 10 вязьняў (ёсьць і такія), толькі зь вялікімі маразамі на вуліцы і можна нармальна дыхаць. Там цяпер замест трапічнай сьпякоты нармальная цеплыня.

Іншая рэч – калёніі. Шмат іх ацяпляюцца праз кацельныя, а таму тэмпэратура залежыць ад таго, ці назапасілі паліва, ці добра працуе абсталяваньне, ці добрасумленныя кіраўнікі адміністрацыі? Звычайна зімой там тэмпэратура некалькі ніжэй за норму ў 18 градусаў, але ня ў гэтым галоўная праблема. Яна ў тым, што вязьні часта прастуджваюцца за межамі жыльлёвай зоны. Расказвае Васіль Сямашка.

(Сямашка: ) “Вельмі цяжка стаяць на праверках. За дзень праверкі ладзяць двойчы, ўсе атрады выводзяць з памяшканьняў, шыхтуюць, як салдатаў, і даводзіцца чакаць, пакуль кантралёры па картачках назавуць кожнага. Пры любым надвор’і вязьні стаяць хвілінаў 20”.

Ці праводзяць такія праверкі на двары гэтымі марознымі днямі? Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімір Коўчур запэўніў мяне, што надвор’е ўлічваецца.

(Коўчур: ) “Кожны начальнік вырашае сам, адмяняць праверкі ў двары ці не. Ранішнюю зарадку адмянілі, а праверкі – як вырашыць начальнік паводле надвор’я.”

Кіраўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі таксама паведаміў нашаму карэспандэнту, што ў месцах зьняволеньня выпадкаў масавага захворваньня няма, аварыяў у сыстэмах ацяпленьня не было, а ў памяшканьнях падтрымліваецца сярэдняя тэмпэратура 18-20 градусаў цяпла. Пацьвердзіць гэтую інфармацыю зь іншых крыніцаў не ўдалося.
XS
SM
MD
LG