Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канаплёў і Мілінкевіч выступяць у Страсбуры


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Страсбур, дзе праходзіць сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, прылятаюць сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і ўдзельнік прэзыдэнцкай гонкі Аляксандар Мілінкевіч. Сытуацыю ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі ПАРЭ будзе разглядаць заўтра, але ўжо напярэдадні палітычныя апанэнты спрабуюць знайсьці падтрымку падчас рабочых сустрэч.

Аляксандар Мілінкевіч так фармулюе сутнасьць свайго заўтрашняга выступу:

(Мілінкевіч: ) “Мяне запрасілі з дакладам, і я буду расказваць аб сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі, аб тым, як ідзе падрыхтоўка да выбараў, у якіх умовах яны будуць адбывацца. І таксама апавяду пра тое, што ў Беларусі ёсьць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, пра нашую працу і пра нашыя пэрспэктывы”.

Сярод тых, хто рыхтаваў матэрыялы для Ўладзімера Канаплёва, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі. Ён чакае ад абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Страсбуры наступнага:

(Красуцкі: ) “Перадусім ёсьць спадзяваньні, што там уважліва аднясуцца да выступу сьпікера нашага парлямэнту, аб''ектыўна ацэняць тыя пытаньні, якія ён будзе асьвятляць, і прымуць узважанае рашэньне. Галоўнае тое, што ў нас ёсьць магчымасьць данесьці да эўрапейскіх парлямэнтароў пазыцыю беларускага парлямэнту”.

Статус спэцыяльна запрошанага для Беларусі быў замарожаны Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы яшчэ 13 студзеня 1997 году. Менавіта так эўрапейскія парлямэнтары адрэагавалі на тыя шматлікія парушэньні, зь якімі праводзіўся рэфэрэндум у Беларусі ў лістападзе 1996 году. Што Беларусь страціла за гэтае амаль дзесяцігодзьдзе, знаходзячыся па-за межамі Парлямэнцкай асамблеі?

Тут трэба абавязкова памятаць, што Эўропы – гэта, так бы мовіць, першыя дзьверы для эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Не прайшоўшы празь іх, ня пройдзеш і праз другія, трэція і г. д.

А вось пра тое, што магло б даць звычайнаму беларусу, нават селяніну, сяброўства краіны ў Радзе Эўропы, я папрасіў паразважаць Анатоля Лябедзьку – ён неаднойчы ўжо быў у Страсбуры і добра ведае, што ж такое ПАРЭ.

(Лябедзька: ) “Самае галоўнае, што Беларусь траціць, гэта – рэпутацыя. Нават у маленькай вёсачцы, калі ты маеш рэпутацыю гультая, цябе ніхто ня будзе паважаць, ты ня будзеш мець сяброў. Так і тут. І гэта – не на карысьць краіне. Пасьля гэтага пачынаюцца і ўсе астатнія пытаньні, перадусім эканамічныя. Прыкладам, я не магу прыехаць і працаваць у Беларусі, мець тут бізнэс, адкрываць новыя прадпрыемствы таму, што ў гэтай краіны такі імідж. Трацяць усе, пачынаючы ад тых, хто жыве на вёсцы, пэнсіянэры, настаўнікі ды ўсе астатнія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG