Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Ўладзімер Сіўчыкаў, Анатоль Вярцінскі, Фэлікс Янушкевіч і Ларыса Геніюш


Радыё Свабода (эфір 22 студзеня) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Выдавецкі варштат

Уладзімер Сіўчыкаў: “Мы выдаем наш слоўнік для Эўразьвязу і вершы нашага намінанта на Нобэля”

Валянціна Аксак, Менск

Распаўсюд — адна з галоўных праблемаў незалежных выдавецтваў. Дзяржаўны манапаліст “Белкніга”, зь якім трэба штогоду заключаць дамову на продаж выданьняў праз кнігарні, адмаўляецца браць кнігі неляяльных да цяперашняе ўлады аўтараў. А недзяржаўная сетка распаўсюду ў межах краіны ня створана з прычыны шматлікіх афіцыйных рэглямэнтацыяў. Таму няма гарантыяў, што нават выдадзеная кніга патрапіць да чытача — што, несумненна, адбіваецца на плянах выдаўцоў. Што выдаюць і хочуць выдаваць незалежныя выдавецтвы? Расказваюць каардынатар беларускіх праектаў выдавецтва “Логвінаў” Зьміцер Вішнёў і дырэктар выдавецтва “Радыёла-плюс” Уладзімер Сіўчыкаў.

У Ігара Логвінава выдавацца цяпер прэстыжна. Імідж выдаўца, які прыгрэў ля свайго друкарскага варштату ці ня ўсіх таленавітых маладых і ўжо ня надта маладых беларускіх аўтараў, спрыяе больш уважліваму стаўленьню крытыкі, дадае вартасьці нават пачаткоўцам. Летась у Логвінава дзьве новыя кнігі кожны выдалі Алесь Разанаў і Ўладзімер Арлоў, адну — Вінцэсь Мудроў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Рублеўскі, Адам Глобус, Ігар Бабкоў. Чакаюцца новыя кнігі Ганны Кісьліцынай, Альгерда Бахарэвіча, Людкі Сільновай. Сьпіс далёка ня поўны.

Выдавецтва працуе зь беларускімі аўтарамі хутчэй зь любові да сучаснага айчыннага прыгожага пісьменства, чым з камэрцыйнага інтарэсу. Кнігарні зь вялікай неахвотай бяруць на продаж неклясычную беларускую літаратуру, амаль зусім адмаўляюцца ад паэтычных зборнікаў, кажа Зьміцер Вішнёў, куратар беларускіх праектаў выдавецтва “Логвінаў”.

(Зьміцер Вішнёў: ) “Паэзія, на жаль, даецца нам больш за ўсё крывёй, таму што яна даволі цяжка прадаецца. І тут можна назваць некаторыя толькі імёны, якія вядомыя чытачу ня толькі на слых, але і вядомыя на хатніх кніжных паліцах. Такіх вельмі мала”.

Ці не таму іншае недзяржаўнае беларускае выдавецтва, “Радыёла-плюс”, аддае перавагу праверанай клясыцы, прычым ня толькі ў мастацкай літаратуры. “Артаграфічны слоўнік беларускай мовы” Алены Баршчэўскай, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” і “Слоўнік іншамоўных словаў” Аляксандра Булыкі і ягоны ж, у суаўтарстве з Натальляй Паляшчук, “Беларуска-расейскі і расейска-беларускі слоўнік”, і яшчэ цэлы шэраг выдадзеных і перавыдадзеных беларускіх слоўнікаў, даведнікаў, каталёгаў — гонар дырэктара выдавецтва Ўладзімера Сіўчыкава. Гэтыя тамы запатрабаваныя ў сучасных чытачоў, а таму даюць “Радыёле-плюс” мажлівасьці быць і фінансава незалежным выдавецтвам.

Сёлета “Радыёла-плюс” мяркуе выдаць слоўнік, якога яшчэ не было ў айчыннай лінгвістыцы, але які, мяркуюць выдаўцы, зацікавіць усіх, хто лічыць Беларусь эўрапейскай краінай і верыць у тое, што яна хутка далучыцца да Эўразьвязу.

(Сіўчыкаў: ) “Чакаем здачы ў выдавецтва рукапісу ўнікальнага беларуска-эўрапейскага слоўніка. Думаю, што нават некаторыя спэцыялісты могуць задацца пытаньнем: што ж гэта за слоўнік? Гэта перакладны беларускі слоўнік на мовы краінаў Эўразьвязу. Мяркуецца, што ў ім будзе прадстаўлена больш за дваццаць моваў Эўропы”.

Але якімі б пасьпяховымі ні былі ўсе гэтыя вучэбна-навуковыя ці даведнікавыя выданьні, душу дырэктара “Радыёлы-плюс” грэюць зусім іншыя кнігі. Летась ён выдаў першую ў гісторыі нацыянальнае літаратуры анталёгію беларускае любоўнае лірыкі “Яна і я”, а сёлета тэма каханьня зойме дзьве важнейшыя выдавецкія пазыцыі. Імёны і назвы могуць заінтрыгаваць, кажа Ўладзімер Сіўчыкаў, ня толькі юных і рамантычных чытачак, але і ўстановы досыць паважныя, кшталту музэю Максіма Багдановіча, уласьніка інтымнага дзёньніка паэта.

(Сіўчыкаў: ) “Рыхтуем да выданьня, зноў жа ў аздабленьні Арлена Кашкурэвіча, выбраныя творы Максіма Багдановіча пад назваю “Інтымны дзёньнік”. Ну і марым таксама вось у гэты шэраг кніжак у тым жа фармаце і ў тым жа аздабленьні, як “Яна і я” і “Інтымны дзёньнік”, што стане і важкі томік выбраных твораў з умоўнай пакуль назвай “Руны Перуновы” народнага паэта Беларусі намінанта Нобэлеўскае прэміі па літаратуры Рыгора Барадуліна”.

Вельмі хутка, прагназуюць адмыслоўцы, беларускія выдаўцы будуць моцна канкураваць за права выданьня айчыннага намінанта на Нобэля. Застаецца дачакацца часу, калі беларускія чытачы будуць выстройвацца ў кнігарнях у доўгія чэргі па томік свайго нобэлеўскага ляўрэата.

Кніга і аўтар

Анатоль Вярцінскі: “Беларусы — народ без адзінага гадзіньніка”

Міхась Скобла, Менск

“Беларускі гадзіньнік” — гэтак завецца кніга Анатоля Вярцінскага, што нядаўна пабачыла сьвет у Кіеве ў перакладзе на ўкраінскую мову. Сярод іншых у яе ўвайшлі і вершы, якія раней у Беларусі не друкаваліся.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Анатоль, сёньня кнігі беларускіх пісьменьнікаў за мяжой выходзяць вельмі рэдка. Як пачынаўся ваш шлях да ўкраінскага чытача?”

(Анатоль Вярцінскі: ) “Пачатак быў па-свойму сымбалічны, асьвечаны імем Кабзара. Бо са сваім будучым перакладчыкам Олексам Палійчуком я пазнаёміўся колькі гадоў таму падчас Шаўчэнкаўскага сьвята паэзіі, па дарозе з Кіева ў Канеў, да Тарасавай гары. Олекса сказаў, што чытаў мае вершы ў перакладзе на ўкраінскую мову ў зборніку “Калінавыя масты” (выходзіў на пачатку 1970-х і быў прысьвечаны маладой беларускай паэзіі). І ён пачаў перакладаць. У выніку яго шматгадовай працы і зьявіўся зборнік “Беларускі гадзіньнік”. Апрача перакладчыка-энтузіяста я надзвычай удзячны рэдактару і аўтару прадмовы Віктару Грабоўськаму і мастаку Сьвятлане Клачко. Я ўспрыняў гэтую кнігу яшчэ і як знак добрай волі, як акт нашага выпрабаванага часам сяброўства, братняй салідарнасьці ў гэты нялёгкі для Беларусі час. Калі праўда, што слова ёсьць справай, то перакладное мастацкае слова — справа падвойная, гэта зьява ня толькі літаратурна-эстэтычная, але і маральная”.

(Скобла: ) “Апошні час ва Ўкраіне пабачылі сьвет кнігі М.Багдановіча, В.Быкава, У.Арлова, А.Хадановіча. Вось і вашая ў гэтым шэрагу. А чым беларусы аддзячваюць сваім украінскім пабрацімам?”

(Вярцінскі: ) “Сапраўды, міжволі думаеш у гэтай сытуацыі пра неабходнасьць аналягічнай ініцыятывы зь беларускага боку. У справе перакладаў з украінскай на беларускую сёе-тое робіцца. Пры ўсіх сёньняшніх выдавецкіх цяжкасьцях за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў па-беларуску пабачылі сьвет творы Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Лесі Ўкраінкі, Міколы Вінграноўскага, Ліны Кастэнкі, Аксаны Забужкі”.

(Скобла: ) “Празь мяжу сябраваць заўсёды цяжэй. Ці ўдаецца захаваць ранейшыя адносіны з украінцамі?”

(Вярцінскі: ) “Нягледзячы на неспрыяльныя рэаліі, сяброўскія адносіны захоўваюцца — у той альбо іншай форме. Сустракаліся, размаўлялі з Іванам Драчом, Раманам Лубкіўскім. Дарэчы, Лубкіўскі — ініцыятар і перакладчык кнігі “Страцім-лебедзь” (паэзія М.Багдановіча) і “Шаўчэнкава дарога ў Беларусь”. Атрымліваў я поштай кнігі з Кіева і Харкава — ад Юр’я Герасіменкі, Тамары Каламіец, Соф’і Майданьскай, Віктара Тэраня”.

(Скобла: ) “Зноў актуалізавалася драматычная сытуацыя вакол Дому літаратара. У вас на стале я бачу каляндар “Родны край”, у якім 21 траўня пазначана як сьвяточная дата — 30 гадоў з часу адкрыцьця Дому літаратара. Дык ці адзначаць пісьменьнікі гэтае сьвята ў колішнім сваім доме?”

(Вярцінскі: ) “Мне як чалавеку, які працаваў тады ў Саюзе пісьменьнікаў і прымаў разам з Максімам Танкам і Іванам Шамякінам сымбалічны ключ ад Дому ад будаўнікоў, надзвычай добра помніцца той травеньскі дзень, тая ўзрушлівая атмасфэра, якая суправаджала адкрыцьцё Дому літаратара. Падзея нават натхніла на наступныя радкі: “Дом будавалі талакой… Каб сьцены сталі навакол — патрэбна ўзяцца талакой! І каб страха над галавой — патрэбна ўзяцца талакой!”. Сёньня тыя сьцены і тая страха не належаць Саюзу пісьменьнікаў, літаратарам, для якіх і дзеля якіх яны ўзводзіліся. Таму ў згаданым календары “Родны край” трэба было б дапісаць: “Спаўняецца 9 гадоў з таго часу, як паводле распараджэньня кіраўніка краіны №182 ад 1 ліпеня 1997 году Дом літаратара быў перададзены ў апэратыўнае кіраваньне Кіраўніцтва справаў Прэзыдэнта РБ і ператвораны ў адміністрацыйны будынак №6 па вуліцы Фрунзэ, 5”. Запіс гэты можна было б яшчэ дапоўніць словамі зь Бібліі: “Ты жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў”.

(Скобла: ) “Ваша ўкраінская кніга мае назву “Беларускі гадзіньнік”. У Менску і Кіеве — адзін часавы пояс. Гэта паводле геаграфіі. А калі паводле гісторыі?”

(Вярцінскі: ) “У адным зь вершаў, зьмешчаных у зборніку, сёньняшні беларускі соцыюм параўноўваецца з гадзіньнікавай майстэрняй, дзе кожны гадзіньнік паказвае свой час. Сапраўды, мы, беларусы, жывем сёньня па розных гадзіньніках, ня вельмі імкнучыся зьвяраць іх. Мы — народ бяз спраўнага, адзінага для ўсіх гадзіньніка, што выразна ілюструе выбарчая кампанія. Як сёньня зарыентавацца дэмакратычна настроенаму выбарніку, за каго аддаць свой голас — за Мілінкевіча, Пазьняка ці Казуліна?”

(Скобла: ) “Як вам сёньня працуецца? Алесь Разанаў, ненадоўга прыехаўшы ў Беларусь зь Нямеччыны, напісаў: “Словы ня маюць куды казацца”. А вашы словы маюць?”

(Вярцінскі: ) “Сёньня я пішу ў шуфляду. Як, дарэчы, за савецкім часам. Прычым, пішу не на поўную моц. Не хапае стымулу. Усё-такі для літаратара патрэбен стымул, хоць бы магчымасьць друкавацца. А паколькі магчымасьць такая ў нас вельмі абмежаваная, то аднаго ўнутранага тонусу недастаткова”.

Анатоль Вярцінскі. З кнігі “Беларускі гадзіньнік”

Вэрсія

Чаго беларусам не стае? Проста мы самі не свае.

Рэальны выпадак

“Праўды хачу!” — усклікнуў хлус. Ня вынес хлусьні ўласнай груз.

Зьбег палітычных зычных

Разбураюць рэшткі веры, Забрудняюць душаў прасторы Палітычныя браканьеры, Палітычныя марадзёры.

З народнага

Узьлез высока з гразі ды ў князі. Ды ладу няма, ня бачна рамонту. Кажа народ: “У гэткім разе Злазь з даху, ня псуй гонту!”

Беларускі дом

Беларускі дом. Ён — рэальнасьць ці фантом? Ці наяве тая ж хата, Што шыбінай сьлепаватай На сьвет глядзіць вінавата? Толькі хатка, а ня дом?

Беларускі дом. Беларускі сындром — Які ж дом, калі на куце, Выпнуўшы нахабна грудзі, Госьць сядзіць гаспадаром? Ці ж гэта дом?

Беларуская ідэя

Беларуская ідэя. Яна — роспач ці надзея? Гучыць рэха: “…дзе я? дзе я?..” Беларуская ідэя. Толькі слова ці і дзея? Гучыць рэха: “дзе я? дзе я?..” Рэха ў лесе, рэха ў полі. Чаго ў рэху гэтым болей? Болей плачу альбо сьмеху Ў гэтым рэху?

Разнавіднасьць аптымізму

Народ выказваўся ўдала: “Дзе наша не прападала! Хай і тут лясьне!..” Ясна?

Іхнія справы

Канавы рабілі з рэчак, Рабілі з азёраў лужыны, А зь людзей — авечак, Статак недалужны.

Пытаньне да Радзімы

З трывогай пытаюся ў Радзімы: “Твой хлеб надзённы — ня хлеб адзіны? Ды хай і адзіны нават, але ж Ня хлебам адзіным ты жывеш?”

Мастацкая палітра

Фэлікс Янушкевіч: “Мастакам няма дзе выстаўляцца”

Ігар Карней, Менск

У менскай кавярні-фальварку “Добрыя мысьлі” на вуліцы Магілёўскай пачала працаваць выстава мастака з Ракава Фэлікса Янушкевіча. Называецца яна “Адвечнае”. Звычайна выставы падобнага кшталту ладзяць да юбілеяў асабістых ці творчых, альбо як падсумаваньне пэўных эпахальных дасягненьняў. Да чаго прымеркаванае “Адвечнае” Фэлікса Янушкевіча?

(Фэлікс Янушкевіч: ) “Гэта ўсё адбылося, па-першае, крыху спантанна. Была прэзэнтацыя кнігі Разанава. Шчыра кажучы, я наведаў упершыню гэтую кавярню, нечым яна мне імпануе. І, да таго ж, паступіла прапанова ад мастацтвазнаўцы Тацяны Гаранскай зрабіць там выставу. Я звычайна спакойна стаўлюся да ўсіх прапановаў, а тут аказалася, што споўнілася роўна трыццаць гадоў маёй дзейнасьці (першая мая выстава была ў 1976 годзе)”.

(Ігар Карней: ) “Дагэтуль юбілеі вы адзначалі?”

(Янушкевіч: ) “Так, я адзначыў сваё 50-годзьдзе ва ўласнай галерэі. У Беларусі, дарэчы, я адзіны мастак, які валодае ўласнай галерэяй. Ну, і, дарэчы, у Эўропе гэта быў прэцэдэнт, таму што ніводзін мастак у Эўропе не адзначыў свайго 50-годзьдзе ва ўласнай галерэі”.

(Карней: ) “Некаторыя мастакі скардзяцца — няма асяродку, каб сапраўды шырокай публіцы паказаць свае творы…”

(Янушкевіч: ) “Няма ўвогуле мастацкай палітыкі,таму з гэтага пачынаюцца ўсе праблемы. Кожная краіна павінна мець нейкую стратэгію ў выяўленчым мастацтве. Мы бачым гэта на прыкладзе дзяржаваў заходніх, як яны суміруюць здабыткі сваех лепшых мастакоў, укладаючы ў гэта калясальныя сродкі. Мы, як сябры Саюзу мастакоў, маем выстаўныя залі, але трапіць у іх усё больш і больш складана. Яны працуюць амаль што на камэрцыйнай аснове… Тады стаіць пытаньне: дзеля чаго мы зьяўляемся сябрамі гэтых саюзаў? Залі гэтыя таксама ўжо напалову сёньня гандлёвыя крамы; можна зайсьці на выставу, а побач убачыць неверагодна што. На самай справе з асяродкам ёсьць пытаньні — дзе выстаўляцца… Таму можа быць і такі варыянт: у абсалютна невядомай кавярні, каб атрымаць новы дадатковы імпульс да творчасьці. Такім чынам мастацтва набліжаецца да народу! Магчыма, гэта і нармалёвае суіснаваньне: францускі імпрэсіянізм павісеў у кавярнях, а пасьля гэта сталі сур’ёзныя, вядомыя мастакі”.

(Карней: ) “Як вы мяркуеце, ці ёсьць у падсьвядомасьці дзяленьне на сталічных і несталічных мастакоў (“пэрыфэрыйных” будзе гучаць грубавата, таму — рэгіянальных)?”

(Янушкевіч: ) “Так. Мы бачым і цэнтрабежныя высілкі, калі людзі з пэрыфэрыі імкнуцца ў сталіцу. Бо, на самай справе, чым далей ад цэнтраў мастацкіх асяродкаў, тым складаней. Але ўсё зьвязана, хутчэй, з побытава-матэрыяльным станам. Калі б яны былі там моцныя, прыехаць на машыне з прыгожымі карцінамі, дык якая розьніца — за дзьвесьце кілямэтраў ці за трыццаць. У Менску рынак мінімальны, хоць нейкі, але ёсьць. Мастакі тут могуць сябе больш-менш адчуваць людзьмі. Тым больш, насамрэч, калі сума мастакоў перавышае нейкую маленькую суму, то атрымліваецца асяродак. Нават на вуліцы калі ты сустрэнесься дзесяць разоў на дзень з мастакамі, то паверыш, што яно існуе”.

(Карней: ) “У Ракаве вы адзін ствараеце асяродак?”

(Янушкевіч: ) “У мяне брат таксама ёсьць, а нашая галерэя так і называецца — “Янушкевічы”. Брат у мяне скульптар, я жывапісец. Па асяродку мы не сумуем, тым больш, што гэта вельмі блізка ад Менску — пятнаццаць хвілінаў язды, гэта не адлегласьць сёньня. Ракаў — унікальнае месца, і нам пашанцавала”.

(Карней: ) “Ракаў у вашай творчасьці ці прадстаўлены?”

(Янушкевіч: ) “Прадстаўлены моцна. Шчыра кажучы, зь яго ўсё і пачалося. Таму што, нарадзіўшыся там, імпульсы прыгажосьці ракаўскай зямлі засталіся назаўсёды. Тым больш, гэта адметная зямля для нашай краіны — высакагор’е. Самы высокі пункт нашай краіны каля Ракава. А людзі заўсёды імкнуцца ў горы… Дух творчасьць там абавязкова лунае. І невыпадкова, што ў гэтым раёне нарадзіўся, стварыў свае творы і памёр Фэрдынанд Рушчыц — знакавая постаць. Зямля ў гэтым пляне цікавая. Узяць такія постаці, як Чарняўскі, — легендарная постаць, яшчэ за саветамі ператлумачыў Стары і Новы Запавет. Гэта было зноў жа на нашым высакагор’і. І таму рэгіён патрабуе сур’ёзнай увагі з боку выяўленчага мастацтва”.

(Карней: ) “Нават пералік тых людзей, якія вы ўвасобілі, сапраўды шмат пра што сьведчыць. Вы сябе ў добрым сэнсе адчуваеце нацыяналістам?”

(Янушкевіч: ) “Нашаму пакаленьню пашанцавала, бо ўжо на наша пакаленьне прыйшоўся распад Савецкага Саюзу. І гэта не было акцыяй аднадзённай. Гэта быў доўгі працэс і рыхтаваўся ўсімі нацыянальнымі сіламі ўсіх рэспублік той краіны. Мы калі прыйшлі ў выставачную дзейнасьць (маёй першай выставай была выстава да 100-годзьдзя Цёткі). Мне было 22 гады, і з гэтага пайшоў каскад выставаў, прысьвечаным нашым нацыянальным дзеячам, пра якіх раней маглі і не гаварыць. Тым больш, мастацкай выяўленчай формай. Мы, як кажуць, з галавой увайшлі з гэты працэс, і калі была ўтворана пасьля Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва (ужо ў новым часе), нашая Акадэмія зрабілі некалькі выставаў у працяг той сэрыі. Так, была выстава, прысьвечаная апошняму канцлеру Вялікага Княства Храптовічу, потым — Рушчыцу, Міндоўгу. Фактычна гэтая справа яшчэ і сёньня ня скончылася, бо гэтыя постаці мусяць быць адлюстраваныя, ва ўсялякім выпадку, мастацкімі сіламі нашай краіны. Гэты шэраг ня скончыўся. Ён важны для мастакоў, асабліва прафэсіяналаў. Тыя, хто працуюць з партрэтам, з выявамі могуць гэта зрабіць”.

(Карней: ) “Фэлікс Янушкевіч займае адметнае месца ў мастацкай культуры Беларусі — і як мастак, і як грамадзкі дзеяч. Досыць сказаць, што дыплёмная праца Янушкевіча прысьвячалася гераічнай асобе Кастуся Каліноўскага (трыпціх “Мужыцкая праўда”). Фэлікс Янушкевіч нарадзіўся ў Ракаве ў 1954 годзе. Скончыў Акадэмію мастацтваў; ад 1976-га бярэ ўдзел ў мастацкіх выставах. Ад сярэдзіны 1980-х — сябра Беларускага Саюзу мастакоў. У 1995-м стварае Акадэмію выяўленчага мастацтва, абраны яе прэзыдэнтам. Роўна дзесяць гадоў таму на радзіме, у Ракаве, заснаваў пэрсанальную галерэю”.

Нотны сшытак

Ларыса Геніюш. “Жыць для Беларусі” — музычны альбом на вершы паэткі

Зьміцер Падбярэскі, Менск

18 студзеня заля Дому літаратара ў Менску не змагла зьмясьціць усіх тых, хто прыйшоў на прэзэнтацыю музычнага альбому “Жыць для Беларусі” на вершы Ларысы Геніюш і яе кнігі “Каб вы ведалі”. Варта адзначыць, што ўпершыню маштабна да спадчыны паэткі ў 1997 годзе зьвярнуўся музыкант “Песьняроў” Аляксандар Кацікаў, у выніку чаго паўстаў альбом “Жывем”. Недзе гады з два таму ў студыі Радыё Свабода я гутарыў з Алесем Лосем, які прадстаўляў запісаны ім альбом “сьпяванай паэзіі”, заснаваны на вершах Ларысы Геніюш. І вось — новая работа беларускіх музыкантаў, вельмі разнастайны што да музычнай стылістыкі зборнік, які паказвае творы ў выкананьні як вядомых музыкантаў, так і пачаткоўцаў.

Сваё жаданьне паўдзельнічаць у альбоме “Жыць для Беларусі” Віктар Шалкевіч, напрыклад, патлумачыў наступным:

(Віктар Шалкевіч: ) “Хацелася б, канечне, каб яна гэта ўсё ўбачыла і пачула падчас жыцьця… Прайшло дваццаць ці болей там колькі гадоў, і нарэшце мы дадумаліся да таго, каб ушанаваць паэтку і знайсьці ёй належнае месца. Я перадусім, як перачытваў кнігі Геніюш, асэнсоўваў тое, што яна перажыла, я проста зразумеў, што ёй элемэнтарна зламалі жыцьцё. І зламалі жыцьцё бальшавікі”.

(Падбярэскі: ) “Як-небудзь гэта адбілася на тым, што ты менавіта напісаў, на той музыцы?”

(Шалкевіч: ) “Мне проста чарговы раз горка, што чалавек мог бы пайсьці абсалютна другой дарогай і пісаць абсалютна другія вершы. Яны была пастаўлена ў такія ўмовы, і таму рабіла менавіта тое, што яна рабіла. А магла яна значна больш, і ў гэтым вялікая яе трагедыя. Яшчэ раз крыўдна тое, што яна ўжо памерла, а ёй усё спакою не даюць. Круцяць яе, нажываюцца на ёй, гэтае, другое, трэцяе, чацьвертае… Шкада!”

(Падбярэскі: ) “Ты збольшага пішаш песьні на ўласныя вершы. А як табе ў дадзеным выпадку пісалася?”

(Шалкевіч: ) “Гэта проста лёгкая, нармальная песьня. Называецца верш “Беларусы”. А сэнс — у апошніх радках: “вокам у сябра гляджу на касу, асялок кранаю рукою, не, на злом яе не панясу, няхай павісіць пад страхою”. І зноў я падумаў, што вось рэдактар прайшоўся і сказаў: “Ларыса, нельга пра касу пісаць! Давай во лепш пра Беларусь, гэта ваабшчэ обшчэпанятнае, што мы такая нацыя…” Усюды вот гэты савецкі яд да гэтай пары выплывае”.

(Падбярэскі: ) “Паэзія Ларысы Геніюш прыцягнула ўвагу Алеся Лося даўно. Цэлая нізка баляднага характару песень пад гітару мае збольшага камэрнае гучаньне. Я пацікавіўся ў Алеся, ці думаў ён тады, што ўвасабленьне вершаў Геніюш у музыцы атрымае працяг?”

(Алесь Лось: ) “Я ня думаў. Я быў пэўны, што працяг будзе, таму што Ларыса Геніюш — неўміручая. Тут гісторыя будзе складацца па-за часам. Гэта як бы тэст на нашае сумленьне, на нашую рэакцыю на слова “патрыятызм”. Геніяльнасьць Геніюш у тым, што яна па-за часам. Дарэчы, калі чытаеш вершы, напісаныя ў 1930-я гады, у 1940-я і чытаеш вершы, напісаныя ў 1960-я, ты адчуваеш, што магутнасьць прысутнічае і там і там”.

(Падбярэскі: ) “Ці магчыма ўвасобіць Ларысу Геніюш у сучаснай музычнай стылістыцы?”

(Лось: ) “Калі казаць пра жанры музыкі, дык, напрыклад, тое, што спрабавала зрабіць Ларыса Сімаковіч, — гэта таксама цікава, гэта іншы ракурс, таму могуць быць і рокавыя рэчы. Важна, каб гэта было зроблена з густам і ў стылі. Я думаю, тут не павінна быць нейкіх межаў, што вось Ларыса Геніюш сьпяваецца толькі вось так ці чытаецца толькі гэтак. Яна да канца яшчэ не раскрыта, і таму, думаю, будучыня будзе яшчэ ведаць гэтае імя”.

(Падбярэскі: ) “Зборнікі, падобныя альбому “Жыць для Беларусі”, здараецца, часта прыносяць сюрпрызы, калі гаворка ідзе пра малавядомых выканаўцаў. Прынамсі, на прэзэнтацыі ў Доме літаратара ня толькі мяне прыемна зьдзівіў малады калектыў “Ростра”. Упэўненае, чыстае і, галоўнае, — музыкальнае выступленьне зьвярнула на сябе агульную ўвагу. Цікава, што ва ўдзельнікі праекту з музыкай на фрагмэнт з паэмы “Куфар” група трапіла выпадкова”.

(Музыкант: ) “Таму што мы больш нічога не знайшлі. У Інтэрнэце быў толькі “Куфар” на беларускай мове напісаны, але мы вырашылі, што сьпяваць на расейскай мове будзе ня вельмі добра, і таму ўзялі “Куфар”. Мы раней сьпявалі толькі па-расейску, але вырашылі паспрабаваць прасьпяваць на беларускай мове. І вось з удзелу ў гэтым праекце і пачалася нашая беларускамоўная праграма. Мы яшчэ робім песьні на вершы Янкі Купалы і трохі пачынаем самі пісаць на беларускай мове. І лічым, што зь цягам часу поўнасьцю пяройдзем на беларускую мову”.
XS
SM
MD
LG