Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэклярацыі прэтэндэнтаў: чым валодаюць Мілінкевіч, Пазьняк, Скрабец, Фралоў?


Радыё Свабода Разам з подпісамі на карысьць свайго вылучэньня прэтэндэнты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка мусяць падаць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці – уласных і сваіх бліжэйшых родзічаў. Ужо цяпер яны клапоцяцца пра падрыхтоўку адпаведных дакумэнтаў, наведваюць падатковыя інспэкцыі, Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, ДАІ. У мінулую нядзелю “Свабода” паведамляла, якія маюць даходы і маёмасьць Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін, Аляксандар Лукашэнка, сёньня – пра астатніх прэтэндэнтаў.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч цяпер рыхтуе дэклярацыі аб маёмасьці і даходах на сябе і бліжэйшых родзічаў:

(Мілінкевіч: ) “Мне патрэбныя дэклярацыі на мяне, на жонку, на маіх дзяцей, на брата з жонкай, на бацькоў маёй жонкі”.

Зь нерухомасьці Аляксандар Мілінкевіч мае бацькоўскі дом зь невялікім участкам зямлі й гаражом у Горадні, у якім жыве ягоны сын, аднапакаёвую кватэру і дом, збудаваны уласнаручна спадаром Мілінкевічам ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна:

(Мілінкевіч: ) “Дом бацькоўскі – гэта драўляны будынак, які да вайны збудавалі, невялікага памеру, а той, што я сам пабудаваў,– гэта на вёсцы, зусім невялікі, шэсьць на шэсьць мэтраў, драўляны будынак у два паверхі”.

Мае спадар Мілінкевіч “Мэрсэдэс” 1983 года выпуску, старэйшы сын мае два аўтамабілі. Бацькі жонкі маюць кватэру, дачу і аўтамабіль.

За мінулы год Аляксандар Мілінкевіч меў даходу каля 5 мільёнаў рублёў – заробак у Фондзе падтрымкі лякальнага разьвіцьця і аплату за навуковыя распрацоўкі. Як і іншыя патэнцыйныя супернікі А. Лукашэнкі, вялікіх даходаў ён ня мае.

(Мілінкевіч: ) “Трэба сказаць, што на Беларусі прэтэндаваць на прэзыдэнцтва могуць або пэнсіянэры або беспрацоўныя або людзі, якія не працуюць у дзяржаўных установах, бо калі чалавек працуе ў дзяржаўнай установе, яму адразу па лапах дадуць, каб ён ня лез у прэзыдэнты. Некаторых нават у турму саджаюць”.

Іншы прэтэндэнт Зянон Пазьняк жыве на эміграцыі ў Польшчы:

(Пазьняк: ) “Тут у мяне няма ніякай маёмасьці, ніякіх даходаў, таму мая сытуацыя тут найбольш бядотная. Там, у Менску ёсьць кватэра, у якой жыве маці. Я не атрымліваю нават пэнсіі, якую б ужо мог атрымліваць”.

Спадар Пазьняк кажа, што зьяўляецца адзіным чалавекам зь беларускай эміграцыі, які прафэсійна займаецца палітыкай.

Палітвязень Сяргей Скрабец быў калісьці бізнэсоўцам, але цяпер ягонае прадпрыемства зьліквідаванае,– сьведчыць жонка Скрабца Аляксандра:

(Скрабец: ) “У Сяргея ўсе дакумэнты ёсьць, калі ён рыхтаваў іх да выбараў у 2001 годзе, але з таго часу нашая маёмасьць паменшылася – у нас машыны Сяргея не стала”.

Машыну Сяргея прадалі, каб было на што жыць. У жонкі Скрабца засталася свая машына – 20-гадовая “Аўдзі-80”, сям’я мае трохпакаёвую кватэру, гараж у Калодзішчах пад Менскам. Бацькі Сяргея Скрабца маюць сваю кватэру, а ягонай жонкі – дом у Столінскім раёне.

Ніякіх даходаў Сяргей Скрабец ня меў – да арышту ён быў беспрацоўным і хадзіў на біржу, перабіраў бульбу.

(Скрабец: ) “Мы жылі на зарплату маю, на зарплату бацькоў, у яго бацька яшчэ працуе”.

Ігар Азарка, кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова паведаміў, што ў спадара Фралова быў дом, які ён прадаў для таго, каб атрымаць грошы на палітычную дзейнасьць – ён хацеў арганізаваць рэфэрэндум аб скасаваньні кантрактнай сыстэмы. Цяпер спадар Фралоў жыве ў цёшчы, мае “ Мэрсэдэс” 1994 года вырабу і генэральскую пэнсію ў 700 тысяч рублёў.

Гл. таксама • Частка першая: чым валодаюць Гайдукевіч, Казулін, Лукашэнка?
XS
SM
MD
LG