Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна?


Радыё Свабода Падчас сёньняшняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна не адбылося гучных інтэграцыйных прарываў: амбіцыйныя праекты – Канстытуцыйны акт і пераход Беларусі на расейскі рубель адкладзеныя ў доўгую скрыню, дакладней, пакінутыя ў ёй, бо супярэчнасьці бакоў у гэтых пытаньнях засталіся нязьменнымі.

Аднак ці можна сказаць, што сустрэча двух кіраўнікоў, аднаго зь якіх чакаюць хуткія прэзыдэнцкія выбары, ня мела аніякага выніку, што Крэмль ні ў чым не паспрыяў свайму саюзьніку напярэдадні важнай палітычнай кампаніі? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Выглядае, што гэта не зусім так. Падаецца, што найбольш важнымі рашэньнямі сёньняшняй сустрэчы, асабліва ў сьвятле менавіта выбарчай пэрспэктывы, зьяўляецца шэраг пагадненьняў аб роўных умоваў для грамадзянаў Беларусі ў Расеі і Расеі ў Беларусі.

Гэта тычыцца і падаткаабкладаньня, і мэдычнага абслугоўваньня, і права грамадзянаў абедзьвюх краінаў пры знаходжаньні на тэрыторыі іншай краіны не праходзіць рэгістрацыю ў органах міліцыі на працягу месяца, і права на свабоду перасоўваньня па тэрыторыі іншай краіны.

Відавочна, што гэтыя пагадненьні тычацца ў значна большай ступені беларускіх грамадзянаў. Толькі некалькі тысячаў чалавек з пашпартамі РФ жывуць у Беларусі, у той жа час як працоўная міграцыя зь Беларусі ў Расею мае даволі ўнушальныя памеры – паводле апытаньняў кожны чацьверты грамадзянін Беларусі ці сам у апошнія 5 гадоў езьдзіў працаваць у Расею ці туды езьдзілі ягоныя родныя ці знаёмыя.

Варта прыгадаць, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў 2004 годзе Ўладзімер Пуцін, гуляючы на баку Віктара Януковіча, абяцаў украінцам таксама не зьліцьцё ў адзіным рускім моры, а падобныя простыя рэчы, якія тым ня менш вельмі істотныя для значнай колькасьці ўкраінцаў, якія ці самі ці іх родныя працуюць ў Расеі.

Зараз падобны крок робіцца адносна беларусаў, прычым робіцца напярэдадні выбарчай кампаніі.

На практыцы гэта, па-першае, няблага – чым лепшыя ўмовы жыцьця будуць мець беларусы, што працуюць у Расеі, тым лепш, а па-другое, з прычыны таго, што беларускіх грамадзянаў у Расеі жыве больш, чым расейскіх – у Беларусі, роўныя ўмовы азначаюць пэўныя ахвяры з боку Расеі, беларусы атрымліваюць больш спрыяльныя ўмовы працаўладкаваньня ў Расеі, чым грамадзяне іншых краінаў, скажам, тыя ж украінцы.

Але такі падарунак робіцца беларусам, так бы мовіць, праз Лукашэнку, дамовы падпісваюцца менавіта зь ім, прычым напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Такім чынам гэтыя дамовы робяцца перадвыбарчым падарункам і самому Лукашэнку".
XS
SM
MD
LG