Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін – за паглыбленьне беларуска-расейскай інтэграцыі


Радыё Свабода Сёньня ў Канстанцінаўскім палацы, непадалёк ад Санкт-Пецярбургу, адбыліся перамовы сам-насам кіраўнікоў Беларусі й Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Паводле афіцыйных крыніцаў, кіраўнікі краінаў абмеркавалі “актуальныя пытаньні саюзнай краіны, а таксама беларуска-расейскага ўзаемадзеяньня”. Пасьля гэтых перамоваў пачалося паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету так званага саюзу Беларусі й Расеі.

На пачатку сустрэчы ў прысутнасьці журналістаў Уладзімер Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку са значнымі вынікамі ў разьвіцьці эканомікі за мінулы год:

(Пуцін: ) “Усё ж такі 9 зь лішнім працэнтаў росту ВУП пры менш чым 8 працэнтах інфляцыі і 8 працэнтах росту рэальных прыбыткаў насельніцтва – гэта вельмі добрыя паказьнікі з пункту гледжаньня ўмацаваньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне”.

Кіраўнік Беларусі падзякаваў прэзыдэнту Расеі за такую ацэнку:

(Лукашэнка: ) “Сапраўды, мы вельмі стараліся ў гэтым годзе. Гэта быў апошні год нашай другой пяцігодкі ў навейшай гісторыі Беларусі. Таму мы стараліся яе закончыць добра. Мы сапраўды яе нядрэнна закончылі”.

Лукашэнка падзякаваў таксама прэзыдэнту Расеі за падтрымку, якая аказваецца цяпер Беларусі. Падчас паседжаньня так званага Вышэйшага дзяржсавету Лукашэнка заявіў аб падпісаньні 12 пагадненьняў, а самыя важныя сярод іх, паводле Лукашэнкі, аб прадстаўленьні роўных правоў грамадзянам абедзьвюх краін. Перш за ўсё гаворка ідзе пра свабоду перамяшчэньня. Іншыя пагадненьні тычацца мэдычнага і сацыяльнага абслугоўваньня.

Лукашэнка адзначыў, што праца ў справе забесьпячэньня роўных правоў грамадзян значна актывізавалася. “Хачу асабліва падкрэсьліць: беларуска-расейскае супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканомікай. Мы стратэгічныя партнэры,”– заявіў Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што за мінулыя гады выпрацаваны мэханізм узаемнай абароны і прасоўваньня інтарэсаў абедзьвюх краін на міжнароднай арэне, узмоцнена адзіная абаронная прастора, вядзецца актыўнае супрацоўніцтва ў праваахоўнай сфэры.

Аднак пакуль нічога не было сказана адносна Канстытуцыйнага акту "саюзнай дзяржавы", праект якога выносіўся на абмеркаваньне.

Прэзыдэнт Расеі прапанаваў працягнуць дзеяньне беларуска-расейскіх праграмаў у сфэры зьнешнепалітычнага ўзаемадзеяньня і абсталяваньня зьнешняй мяжы саюзнай краіны. Пуцін таксама выказаўся за паглыбленьне беларуска-расейскай інтэграцыі. Ён таксама адзначыў, што цягам апошніх гадоў многа зроблена для таго, каб вызначыць аптымальную мадэль саюзнага будаўніцтва, якая ўлічвае падобныя тэндэнцыі і асаблівасьці нацыянальнага разьвіцьця абедзьвюх краін. Паводле Пуціна, гэтая мадэль павінна “аптымальна працаваць на дасягненьне галоўнай мэты – аб’яднаньня патэнцыялаў абедзьвюх краін у інтарэсах якаснага падвышэньня ўзроўню жыцьця грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG