Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамісты прэзэнтавалі праект праграмы Мілінкевіча ў Брусэлі


Радыё Свабода Сёньня прадстаўнікі Нацыянальнага камітэту аб''яднаных дэмакратычных сілаў і экспэртнай супольнасьці Беларусі Яраслаў Раманчук і Леанід Заіка прадстаўляюць у Брусэлі праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

Падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту, Эўрапейскай камісіі й дыпляматычных службаў Раманчук і Заіка распавядаюць пра праект плятформы “Стань гаспадаром ў сваёй краіне”.

Як патлумачыў падчас онлайн-канфэрэнцыі на "Свабодзе" Аляксандар Мілінкевіч – "гэта праект плятформы аб’яднаных дэмакратычных сілаў, вынесены на ўсеагульнае абмеркаваньне Нацыянальным камітэтам. З улікам заўвагаў, дапаўненьняў і прапановаў да прапанаванага праекту, будзе завершана і мая праграма" – заявіў Аляксандар Мілінкевіч.

Падчас сустрэчаў у Брусэлі размова ішла ня толькі пра праграмныя палажэньні апазыцыі. Яраслаў Раманчук падкрэсьліў, што пасьля таго, як афіцыйны Менск запрасіў на выбары назіральнікаў ад АБСЭ, Эўразьвяз павінен асьцерагацца прызнаньня легітымнасьці Лукашэнкі ў выпадку фальсыфікацый. Намесьнік старшыні АГП заклікаў аб’яднаную Эўропу глядзець на сытуацыю па-за межамі выбарчых працэдураў.

(Раманчук: ) "Я рэкамэндаваў бы і я прасіў бы краіны Эўразьвязу накіраваць як мага больш людзей – нават бяз статусу назіральнікаў, паколькі размова ідзе не пра назіраньне, а пра падтрымку народу, які бы дзейнічаў пасьля выбараў.

Людзі з краінаў Эўразьвязу маглі б прыехаць за дзень-два да выбараў і застацца на наступныя два дні пасьля выбараў, паколькі асноўныя падзеі могуць разгарнуцца 20 сакавіка. Гэта можа быць сутыкненьнем сілаў, і гэта будзе рэальнай сутнасьцю гэтай палітычнай кампаніі".

І Яраслаў Раманчук і Леанід Заіка папярэдзілі, што пасьля абвяшчэньня перамогі Лукашэнкі могуць абвастрыцца адносіны з Расеяй, калі Лукашэнка насуперак дамоўленасьцяў адмовіцца аддаць “Газпрому” беларускую газатранспартную сыстэму. У гэтай сытуацыі Лукашэнка можа пачаць гуляць ролю абаронцы беларускай незалежнасьці і зьвярнуцца да Эўразьвязу па падтрымку, што паставіць аб’яднаную Эўропу перад жорсткім выбарам.

Эканаміст Леанід Заіка паведаміў, што беларуская эканоміка ўсё болей аддаляецца ад расейскай.

(Заіка: ) "Сытуацыя незвычайная. Можна меркаваць, што зыходзячы з палітычнага выбару Лукашэнкі, Расея стратэгічны партнэр беларускага лідэра. Ён зарыентаваны на кантакты з Расеяй, але ў рэчаіснасьці адбываецца пашырэньне эканамічных кантактаў з Эўразьвязам і скарачэньне іх з Расеяй".

Раманчук і Заіка заявілі, што пасьля абвяшчэньня перамогі Лукашэнкі рэзка павялічыцца колькасьць моладзі й прадпрымальнікаў, якія захочуць пакінуць краіну. Яраслаў Раманчук заклікаў Эўразьвяз скарэктаваць цяперашнюю палітыку, паводле якой адбываюцца кантакты зь недзяржаўнымі арганізацыямі, але Эўропа ўстрымліваецца ад наўпроставых кантактаў з апазыцыяй. Паводле палітыка Эўразьвяз павінен знайсьці наўпроставыя шляхі падтрымкі беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG