Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за "шпіёнскім скандалам" у Расеі?


Радыё Свабода Расейскія праваабронцы лічыць, што зьяўленьне сюжэту на тэлеканале “Расея” пра “брытанскіх шпіёнаў” накіраванае на разбурэньне праваабарончай супольнасьці ў Расеі напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі наладзіла сустрэчу з групай адабраных расейскіх журналістаў для абмеркаваньня “шпіёнскага скандалу”, які распачаўся пасьля нядзельнай перадачы на тэлеканале “Расея”, у якой брытанскіх дыпляматаў абвінавацілі ў шпіянажы і фінансаваньні няўрадавых арганізацый.

Прэсавы сакратар ФСБ Сяргей Ігнаценка распавёў пра сцэнар шпіёнскай апэрацыі, калі выведнік і агент зьвязваліся праз перадатчык, закладзены ў камень на маскоўскай вуліцы.

(Ігнаценка: ) “Ноў-хаў у тым, што выведнік можа зьвязвацца са сваім агентам без сустрэчы. Агент, які павінен перадаць інфармацыю, гуляючы побач з каменем, набліжаецца на адлегласьць каля 20 мэтраў і перадае праз спэцыяльнае прыстасаваньне. Ужо непасрэдна выведнік, гэтаксама гуляючы, атрымлівае інфармацыю і дае ўжо новыя інструкцыі для свайго агента”.

Паводле Ігнаценкі, усё гэта спэцслужбам паведаміў арыштаваны расейскі агент, які прызнаўся ў шпіянажы на брытанскія спэцслужбы.

Прадстаўнік ФСБ гэтаксама сьцьвярджае, што адзін з супрацоўнікаў брытанскай дыпмісіі адказваў за фінансаваньне з фонду глябальных магчымасьцей МЗС Вялікай Брытаніі 12 расейскіх недзяржаўных арганізацыяў – у тым ліку Камітэту супраць катаваньняў, Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі, фонду "Эўразія" і Маскоўскай Хэльсынскай групы. Кіраўніца апошняй Людміла Аляксеева паведаміла "Свабодзе", што Маскоўская Хэльсынская група сапраўды атрымлівала грошы ад брытанскай амбасады ў 2004 годзе.

Паводле спадарыні Аляксеевай, на гэтыя сродкі актывісты арганізацыі езьдзілі ў Вялікую Брытанію для вывучэньня міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў чалавека.

Людміла Аляксеева мяркуе, што скандал сфабрыкаваны з доўгатэрміновымі мэтамі, каб вынішчыць іншадумства напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбраў у Расеі ў 2007 і 2008 гадах.

(Аляксеева: ) "Наколькі я разумею, ідэя такая – падрыхтаваць грамадзкую думку да разгрому праваабарончай супольнасьці, найбольш актыўнай і найбольш незалежнай часткі трэцяга сэктара і грамадзянскай супольнасьці ў Расеі. Каб маўчалі ўсе ў 2007, 2008 годзе і надалей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG