Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Ластоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

У гэты дзень, 23 студзеня 1938 году, куля ката ў форме НКВД абарвала нітку жыцьця Вацлава Ластоўскага.

Яго называюць неадменным сакратаром Адраджэньня. Маецца на ўвазе Беларускае Адраджэньне пачатку XX стагодзьдзя. Але глыбіня й шматстайнасьць талентаў, якімі быў шчодра адораны Ластоўскі, міжволі прыводзяць на памяць волатаў эпохі эўрапейскага Адраджэньня.

Палітык, што браў непасрэдны ўдзел у абвяшчэньні незалежнасьці БНР і ўзначальваў яе Кабінэт міністраў, а пазьней баронячы нацыянальныя правы беларусаў, наведаў Францыю, Бэльгію, Чэхаславакію, Нямеччыну, Італію, Ватыкан...

Гісторык, пяру якога належаць славутыя “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі “ і “Кароткая гісторыя Беларусі”, што ўпершыню зьявілася на старонках “Нашае Нівы”, дзе ён, дарэчы, пяць гадоў быў рэдакцыйным сакратаром...

Філёляг, укладальнік і выдавец ня менш славутага “Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка, які мы зь сябрамі ў 1980-я гады прывезьлі ад Ларысы Геніюш і выпусьцілі ў самвыдаце ў колькасьці 25 асобнікаў і які ў 1990-м быў перавыдадзены 10-тысячным накладам...

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музэю, які ў 1928-м асабіста ўзначаліў адмысловую экспэдыцыю ў Полацак й знайшоў нацыянальную сьвятыню – Крыж сьвятой Эўфрасіньні...

Неадменны сакратар маладой Беларускай Акадэміі навук...

Гэта ўсё ён, Вацлаў Ластоўскі.

А вось для мяне, прызнаюся, ён – найперш выдатны пісьменьнік. Аўтар аповесьці “Лябірынты”, якую называюць самай містычнай і патаемнай аповесьцю беларускай літаратуры. Аўтар непаўторных, надзеленых магутнай энэргетыкай вершаў.

...я горад збудаваў...

І от нахлынуў вораг многі.

Ударыў я у звон трывожны. Дзынеў патужна цяжкі сьпіж...

Аднак на клік мой зоўны ніхто ка мне не пасьпяшыў:

у горадзе маім – такім мацоўным – адзін я быў!..

Можа, якраз гэтыя роспачныя радкі гучалі ў яго сьвядомасьці перад расстрэлам?..

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG