Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі не адбыўся суд над камунізмам?


Радыё Свабода Адказы на пытаньні слухачоў “Свабоды”. Сёньня на пытаньні нашых слухачоў адказалі Мікалай Лазавік, Сяргей Калякін і Станіслаў Шушкевіч.

Пытаньне з SMS-паведамленьня: “Шаноўная “Свабода”! Колькі людзей могуць удзельнічаць у выбарах (з улікам грамадзянаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі)? Слухачка, Валожын”.

Аадказвае сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Сьпісы грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, будуць пададзены ва ўчастковыя выбарчыя камісіі за два тыдні да пачатку выбараў. Таму сёньня назваць дакладную лічбу ўдзельнікаў галасаваньня яшчэ няма магчымасьці. Але агульная лічба будзе дзесьці каля сямі мільёнаў чалавек. Гэтая лічба можа быць і іншай: можа больш будзе, можа менш, цяжка сказаць. Тым больш, што міграцыйныя працэсы — яны адрозьніваюцца ад тых, што былі пяць гадоў таму. І на сёньняшні дзень я такой лічбы назваць не магу таму, што яе ў мяне няма”.

Пытаньне з тэлефанаваньня на аўтаадказьнік: “Ці зьбіраюцца дэмакратычныя сілы арганізоўваць апытаньне выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў для галасаваньня? Ці зноў даверым гэтую справу “лукамолу”?”

На пытаньне адказвае кіраўнік штабу дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Сёньня ў Беларусі, на жаль, не існуе сваіх незалежных інстытутаў, яны зьнішчаны. Мы ня маем такіх інстытутаў, якія маглі б праводзіць гэтую працу прафэсійна. Таму мы спадзяемся, што гэта зробяць міжнародныя сацыялягічныя ўстановы. Мы працуем зь міжнароднай супольнасьцю, каб было арганізавана міжнароднае назіраньне і каб адбыўся экзыт-пол на выхадзе з выбарчых участкаў. Каб незалежнае сацыялягічнае апытаньне незалежнымі інстытутамі ў дзень выбараў было праведзена”.

Мікалай Бельскі патэлефанаваў на аўтаадказьнік: “Чаму ў Беларусі не адбыўся суд над камунізмам? І ці надоўга народу Беларусі спатрэбіцца моцная рука? Што ёсьць перамогай у вайне для абаронцаў цяперашняй улады, для апазыцыі ўлады: сьвята плянэтарнае, сьвята дзяржаўнае, памінкі? Чаму ў дзяржаўных мэдыях дапускаецца адносна вольная мурзатая крытыка на адрас апазыцыі? І як гэта ўплывае на дэмакратызацыю грамадзтва?”

Адказвае былы старшыня Вярхоўнага савету, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Суд над камунізмам у Беларусі не адбыўся зь вельмі простай прычыны: таму што беларуская камуністычная партыя ня дзейнічала такім агідным чынам як, да прыкладу дзейнічалі камуністы ў Чэхаславакіі. І таму пайсьці шляхам люстрацыі было проста небясьпечна. Таму што і адзін і другі абраныя Вярхоўныя Саветы, якія павінны былі прымаць аб гэтым рашэньне, такога рашэньня ніколі б не прынялі. Я думаю, што маглі быць прынятыя рашэньні наконт дзейнасьці некалькіх асобаў, ня больш. Але яны адышлі ад той дрэннай і агіднай працы, якую вялі супраць беларускага народу. Таму, паколькі ўсё грамадзтва павінна жыць у міры, то й шукаўся шлях, каб знайсьці паразуменьне ўсіх прадстаўнікоў грамадзтва. Таму ў Беларусі не прадугледжваліся люстрацыя і суд над камунізмам.

А суд над камунізмам, як рухам — як над фашызмам — гэта не залежыць ад Беларусі. Гэта павінна быць больш шырокае мерапрыемства. І яно, фактычна, у сьвеце адбылося, у многіх краінах. У Беларусі на сёньняшні дзень гэта немагчыма, бо на старых камуністычных прынцыпах сёньня будуецца грамадзтва. Ну, а што да мас-мэдыяў дзяржаўных, то яны падтрымліваюцца прэзыдэнтам, прэзыдэнт можа плаціць вялікія грошы, бо ягоны бюджэт не кантралюецца. Ва ўмовах дыктатуры гаварыць аб нейкіх патрабаваньнях дэмакратызацыі да сродкаў масавай інфармацыі — гэта абсалютна пустая справа. Трэба мяняць палітычны лад, а тады ўсё будзе добра са сродкамі масавай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG