Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падпісаліся гарадзенцы за магчымых кандыдатаў?


Радыё Свабода Наш карэспандэнт пацікавіўся ў гарадзенцаў: ці ставілі яны свой подпіс за ахвотных удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, а калі ня ставілі — дык чаму? Жыхары Горадні таксама называлі прозьвішчы вядомых ім прэтэндэнтаў.

(Спадар: ) “Я яшчэ ні за каго ня ставіў подпіс, але за каго-небудзь паставіць трэба, канечне”.

(Дзяўчына: ) “Я свайго подпісу ня ставіла яшчэ. Мы іх нікога ня ведаем, я толькі чула, што за Пазьняка зьбіраюць”.

(Сяброўка: ) “Я іх ня ведаю, нікога з кандыдатаў па тэлевізары не паказвалі”.

(Спадар: ) “Я подпісу ня ставіў. Я толькі аднаго кандыдата ведаю — самага вядомага, іншых не чуваць”.

(Сябар: ) “Так, дакладна, толькі пра яго чуваць. Да мяне зьвярталіся, але я подпісу не паставіў”.

(Спадар: ) “Я доктар і прытрымліваюся правіла: лекар па-за палітыкай, таму пра выбары я нічога ня ведаю”.

(Спадар: ) “Я падпісаўся за Мілінкевіча, ён мой зямляк, мой знаёмы, ён проста падабаецца мне як чалавек, як колішні віцэ-мэр, як навуковец. А што датычыць Казуліна, Фралова — іхны ўдзел абсалютна недарэчны, кажу гэта як звычайны абывацель, таму што гэта звычайнае расьцягваньне сілаў”.

(Маладзён: ) “Ні за каго подпісу ня ставіў, і да мяне ніхто не зьвяртаўся. Мяне задавальняе варыянт “супраць усіх”. Чаму? Таму што большасьць — людзі невядомыя, “каты ў мяху”. А што датычыць “бацькі”, за яго проста грэх інтэлігентнаму чалавеку галасаваць”.

(Спадарыня: ) “Не, я яшчэ ні за каго не падпісвалася, не зьвярталіся”.

(Спадар: ) “Я не расьпісваўся за кандыдатаў, але ведаю пра Лукашэнку, Мілінкевіча. З тых старых ведаю Гайдукевіча, але гэта — мінулы варыянт. Мы ведаем кандыдатаў з таго часу. Патрэбны новы, і каб яго раскруціць — вось гэта вартая справа”.

(Маладзён: ) “Ні за каго подпісу ня ставіў і не прыняў рашэньня — ці ўвогуле ставіць?”

(Спадар: ) “Ні за каго подпісу ня ставіў і ня буду, гэта нявартая справа”.

(Спадар: ) “Я яшчэ ня ставіў подпісу, але мяркую, што за цяперашняга прэзыдэнта пастаўлю”.

(Спадар: ) “Інфармацыя ёсьць толькі пра аднаго кандыдата. Я сам не падпісваўся, хаця сам меўся ўдзельнічаць у працы штабу Казуліна, але адмовіўся і ад штабу, і ад гэтай кампаніі”.

(Малады спадар: ) “Да мяне зьвярталіся, і за Мілінкевіча прапаноўвалі расьпісацца, і за Лукашэнку. Я адмовіўся, бо я апалітычны чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG