Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Познань: Маршалак адмяніў сустрэчу з паслом Беларусі, запрасіў актывістаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Маршалак Вялікапольскага ваяводзтва (беларускі адпаведнік – старшыня аблвыканкаму) са сталіцай у Познані адмовіўся ад заплянаванай раней сустрэчы з паслом Беларусі ў Польшчы, а замест гэтага сустрэўся зь беларускімі актывістамі, якія мелі намер наладзіць пікет пратэсту каля месца сустрэчы маршалка і пасла.

Маршалак Вялікапольскага ваяводзтва Марэк Возьняк меў намер сустрэцца з паслом Беларусі ў Польшчы Паўлам Латушкам ў аўторак а 12.30 у будынку маршалкоўскай управы. Паводле намесьніцы дырэктара палітычнага кабінэту маршалка Крыстыны Чайкі, ініцыятарам сустрэчы быў беларускі бок. Сёньня ў Познані пачаўся буйны будаўнічы кірмаш “Будма”, у якім бяруць удзел і беларускія фірмы, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з польскімі партнэрамі. Гэтаму, паводле спадарыні Чайкі, і павінна была быць прысьвечаная сустрэча.

(Чайка: ) “Спатканьне ні ў якім разе ня мела б палітычнага характару. Але калі мы даведаліся, што супраць гэтай сустрэчы плянуецца правесьці пікет, спадар маршалак вырашыў адмовіцца ад спатканьня з паслом. Ён заявіў, што не хацеў, каб тыя людзі, якія ладзілі акцыю пратэсту, мелі праблемы з паліцыяй. Калі пачаліся пытаньні, чаму было прынятае такое рашэньне, дык спадар маршалак вырашыў прыняць гасьцей”.

Між тым, паводле польскага заканадаўства, на вулічныя акцыі, у якіх бяруць удзел менш чым 15 чалавек, ніякі дазвол ці папярэдняе ўзгадненьне з уладамі не патрэбныя, а да ваяводзкай управы прышлі менш за 15 асобаў, таму паліцыя ня мела б законных падставаў каб спыніць акцыю.

Адным зь сёньняшніх гасьцей маршалка Марка Возьняка быў Віталь Воранаў зь Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані – паводле ягоных словаў, праблемы з паліцыяй гэта толькі афіцыйнае, дыпляматычнае тлумачэньне. Гэтая арганізацыя, а таксама некалькі іншых, калі даведаліся пра сустрэчу маршалка зь беларускім паслом, вырашылі правесьці акцыю пратэсту. Паводле спадара Воранава, тое, што маршалак адмовіўся ад сустрэчы з паслом, але прыняў беларускіх актывістаў, вельмі сымбалічна.

(Воранаў: ) “Нечакана нас запрасіў спадар маршалак. Ён адмовіўся ад сустрэчы з амбасадарам, але прыняў прадстаўнікоў Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру. Пытаўся пра тое, чым мы займаемся, як можа дапамагчы ў будучым. Маршалак сказаў, што ён асабіста быў на Майдане ў Кіеве і жадае беларусам, каб у нас адбылося тое ж самае. Тое, што спадар Возьняк прыняў замест пасла прадстаўнікоў беларускай арганізацыі, якая стаіць у выразнай апазыцыі да цяперашніх уладаў, гэта вельмі сымбалічна і важна для нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG