Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд адхіліў скаргу чытача “Народнай Волі”


Радыё Свабода Сёньня калегія Гомельскага абласнога суду пад старшынёўствам Леаноры Буянковай адхіліла касацыйную скаргу чытача газэты “Народная Воля” Ўладзімера Няпомняшчых на адмову суду Чыгуначнага раёну разглядаць пазоў да рэспубліканскага прадпрыемства сувязі “Белпошта”.

Прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых — сталы чытач “Народнай Волі”. Аднак у 17-м аддзяленьні сувязі Гомелю ён ня змог выпісаць патрэбнай яму газэты на першае паўгодзьдзе. “Народнай Волі” не аказалася ў каталёгу “Белпошты”. Паводле закону “Аб паштовай сувязі”, прадпрыемства “Белпошта” са сваімі структурамі займаецца распаўсюдам сродкаў масавай інфармацыі й на падставе публічнай дамовы абавязана аказваць такую паслугу кожнаму, хто зьвяртаецца.

Спадар Няпомняшчых падаў пазоў у суд Чыгуначнага раёну. Чытач лічыць, што “Белпошта” ды ейныя структуры парушылі ня толькі ягоныя правы як спажыўца паслугаў сувязі, але і канстытуцыйнае права на атрыманьне вольнай інфармацыі. Чыгуначны суд, аднак, ня стаў разглядаць пазову чытача “Народнай Волі”. Спаслаўся на тое, што “Белпошта” знаходзіцца ў Менску. Маўляў, у Ленінскі суд сталіцы і трэба зьвяртацца з пазовам.

З гэтым сёньня пагадзілася і калегія абласнога суду, адхіліўшы касацыйную скаргу чытача незалежнай газэты.

У пазове спадар Няпомняшчых патрабаваў спагнаць зь “Белпошты” 100 мільёнаў рублёў за маральныя страты. Чаму такая сума? Адказвае Ўладзімер Няпомняшчых:

(Няпомняшчых: ) “Суму я браў, скажам так, з вопыту. У свой час злачынца (прызнаны судом злачынца) Ягор Рыбакоў прад’явіў “Народнай Волі” за публікацыю пра становішча ў “Белтэлерадыёкампаніі” патрабаваньне кампэнсацыі за маральныя страты на 100 мільёнаў. Адбылося гэта праз два гады пасьля публікацыі. “Народная Воля” вымушана была на падставе рашэньня суду сплачваць 50 мільёнаў. Калі злачынцу такія грошы выплачваюць, то чаму ня могуць плаціць законапаслухмянаму грамадзяніну за парушэньне ягоных правоў? Я хачу чытаць тую газэту, якую я лічу патрэбнай. Хачу ведаць праўдзівую інфармацыю пра тое, што робіцца ў Рэспубліцы Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG