Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трапіць у Беларусь замежным грамадзянам стане складаней


Ігар Карней, Менск Новая рэдакцыя закону “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, які пачне дзейнічаць 5 лютага, мае шэраг палажэньняў, зьвязаных з рэжымам знаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі краіны. У прыватнасьці, пабольшала падставаў для адмовы ня толькі ва ўезьдзе ў Беларусь, але і выезьдзе з тэрыторыі краіны.

Таксама любога замежніка, які едзе празь Беларусь нават транзытам, могуць на неакрэсьлены тэрмін спыніць для высьвятленьня ягонай асобы і мэтаў паездкі. У МУС гэтыя дзеяньні называюць “рэгуляваньнем міграцыйных працэсаў”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў, якое адказвае за гэтую галіну, лічаць, што надышоў час больш пільна прыгледзецца, зь якімі мэтамі ў краіну прыяжджаюць замежнікі. Пра некаторыя новаўводзіны расказвае прадстаўнік МУС Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Прадугледжваецца ўвядзеньне міграцыйнай карты, накіраванай на ўрэгуляваньне міграцыйных працэсаў на тэрыторыі дзяржавы. Уведзены тры новыя палажэньні: часовае знаходжаньне, часовае пражываньне і пастаяннае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усё робіцца з той мэтай, каб рэгуляваць міграцыйныя працэсы. Закон набудзе сілу 5 лютага гэтага году”.

Ці азначаюць новыя правілы, што консульскія службы беларускага МЗС, якія выдаюць візы замежнікам, таксама будуць больш пільныя да візавых заяваў? Прадстаўнік МЗС Андрэй Папоў кажа, што пакуль ніякіх карэктываў у працы беларускіх дыппрадстаўніцтваў не адбылося.

(Папоў: ) “Мяркую, ня варта сходу рабіць такія высновы. Спачатку трэба вывучыць пытаньне — што тут маецца на ўвазе. Але, прынамсі, нейкай дадатковай інфармацыяй я на гэты момант не валодаю. Мы зыходзім з таго, што МЗС ёсьць складнікам Савету Міністраў і арыентуемся на тыя рамкі, якія нам акрэсьлівае вышэйшая інстанцыя”.

У прадстаўніцтвах замежных краінаў у Беларусі заяўляюць, што гатовы абараняць інтарэсы сваіх грамадзянаў. Пры гэтым, як апавялі ў амбасадзе Нямеччыны ў Менску, ёсьць выпадкі, калі афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, нібы замежнікі прыяжджаюць у краіну з мэтай дэстабілізаваць сытуацыю, а дыпмісіі дапамагаюць ім і прадстаўнікам беларускай апазыцыі, якія выязджаюць на Захад. Гаворыць супрацоўнік амбасады Шміт Ноербэрг:

(Ноербэрг:) “Былі такія выказваньні, што ў нас тэндэнцыя адкрываць візы толькі ў тым выпадку, калі заяўнікі бяруць удзел… у апазыцыйных дэманстрацыях. Гэта, канечне, неабгрунтавана, дзіка і да абсурднага сьмешна. Прынамсі, у гэтым сэнсе мы чакаем прабачэньняў”.

Ад пачатку студзеня ўжо дзейнічаюць папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія прадугледжваюць немалыя тэрміны зьняволеньня за перадачу замежным урадам, арганізацыям і асобным замежнікам “ілжывай інфармацыі” пра беларускую ўладу і ўсе бакі жыцьця беларускага грамадзтва.

Сёньня кіраўнік МУС Уладзімер Навумаў падпісаў распараджэньне забесьпечыць грамадзкі парадак на пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG