Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватных таксоўшчыкаў падначалілі дзяржаўнаму аўтапарку


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

У сёньняшняй “БДГ” – эксклюзіўнае інтэрвію са слынным кампазытарам Раймандам Паўлсам, якому споўнілася 70 год. Расказвае намесьнік галоўнага рэдактара Анатоль Смольскі.

(Смольскі: ) “Райманд Паўлс дае інтэрвію: “Пашанцавала б болей, каб ня быў дурнем і ўмеў прадаваць тое, што стварыў”. А ўвогуле тэма нумару – усебеларускі сход. “Генэральны хурал: мы ня першыя”. Праводзяцца паралелі з Кубай і Туркмэністанам”.

Пра тэму сёньняшняга наваполацкага “Хіміка” расказвае журналіст Андрэй Аляксандраў.

(Аляксандраў: ) “Галоўная тэма – маразы. Пазамярзалі банкаматы, а ў нас вельмі шмат народу карыстаецца плястыкавымі карткамі. Таму вялікія праблемы з тым, каб зьняць грошы: ў банках утварыліся чэргі з тых, чые карткі банкамат праглынуў за выходныя з-за маразоў. Увогуле Наваполацк добра спраўляецца з маразамі. Вялікіх здарэньняў не было”.

“Бобруйский курьер” паведамляе пра закрыцьцё Бабруйскай футравай фабрыкі. Апошнія гады яна працягвала жабрацкае існаваньне, работнікі ня мелі ні грошай, ні працы. Цяпер Цэнтар занятасьці мусіць паклапаціцца пра новых беспрацоўных. Затое «Белшына» атрымала расейскія сэртыфікаты на тры новыя мадэлі шынаў – для легкавікоў, для цяжкіх грузавікоў і для дальніх аўтобусаў. Дзякуючы сэртыфікацыі, шыны можна прадаваць ня толькі ў Расею, але й у Эўропу.

Івацэвіцкая “Газета для Вас” паведамляе, што прыватных таксоўшчыкаў падначальваюць дзяржаўнаму аўтапарку. Адзін з прадпрымальнікаў абураецца: “Я атрымаў ліцэнзію індывідуальнага прадпрымальніка, затраціў больш за мільён рублёў на афармленьне дакумэнтаў і набыцьцё абсталяваньня. Штомесяц плачу вялікія падаткі дзяржаве. А цяпер мне ставяць камандзіра, які будзе вырашаць, куды ехаць і за які кошт!”

Дырэктар аўтапарку Лявонцій Зайка спасылаецца на адпаведнае палажэньне Міністэрства транспарту, а таксама рашэньне гарвыканкамe, паводле якіх дыспэтчарам усіх пасажырскіх перавозак вызначаны аўтапарк № 14. Газэта піша, што шмат хто з гарадзкіх таксоўшчыкаў працуе нелегальна.
XS
SM
MD
LG