Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці адбываецца рэальнае аб’яднаньне дэмакратычных сілаў?


Уладзімер Глод, Менск Клясычная прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў краінах сталай дэмакратыі прадугледжвае, што кожны з прэтэндэнтаў працуе выключна на сябе. У Беларусі дэмакратычныя кандыдаты часам гавораць: для іх больш важна нават ня стаць прэзыдэнтам, а дамагчыся паразы Аляксандра Лукашэнкі. Ці павінны ў такіх варунках супрацоўнічаюць паміж сабой дэмакратычныя кандыдаты на ролю палітычнага лідэра краіны?

Я паразмаўляў практычна з усімі патэнцыйнымі прэтэндэнтамі. І ўсе выказваюцца аднолькава: такое супрацоўніцтва – неабходнае. Калі ж ім задаеш пытаньне, а чаму яно неабходнае, дык адказ таксама аднолькавы: толькі так можна дамагчыся перамогі над кандыдатам ад улады.

Але насамрэч выходзіць зусім інакш – тэза, якую прымаюць усе, на практыцы фактычна нікім не ажыцьцяўляецца, усе ідуць асобнымі калёнамі. У найлепшым выпадку абмеркаваць сумесную дзейнасьць патэнцыйныя прэтэндэнты гатовыя толькі пасьля рэгістрацыі іх Цэнтравыбаркамам. Чаму так атрымліваецца? Вось як адказвае на гэтае пытаньне палітоляг Вячаслаў Оргіш:

(Оргіш: ) “Прычын некалькі. Але ж галоўная, здаецца, палягае ў тым, што ўсё ж такі праблема яднаньня дэмакратычных сілаў не акрэсьленая канцэптуальна. Усе кажуць: будзем аб''ядноўвацца. Але вакол чаго, па якіх праблемах, ніхто канкрэтна не фармулюе”.

Вакол якіх ідэяў было б пажадана аб’яднацца? Што гавораць пра гэта прадстаўнікі дэмакратычных сілаў? Той жа Вячаслаў Оргіш прапаноўвае некалькі, на ягоную думку, найважнейшых пазыцыяў:

(Оргіш: ) “Ёсьць праблема доступу апазыцыйных кандыдатаў, наагул апазыцыі, да дзяржаўных мэдыяў? Ёсьць. Давайце аб’яднаемся вакол гэтай праблемы і будзем спрабаваць яе вырашаць. Ёсьць праблема дэмакратызацыі Выбарчага кодэксу? Ёсьць. Давайце і яе будзем вырашаць. І праблему незалежнага назіраньня за выбарамі таксама трэба вырашаць”.

На Кангрэсе дэмакратычных сілаў адзіным кандыдатам абралі Аляксандра Мілінкевіча. З гэтага можна было зразумець, што прадстаўнікі большасьці партыяў і грамадзкіх арганізацыяў стануць працаваць выключна на Мілінкевіча. Але ж вядома многа фактаў, калі яны зьбіраюць галасы і за іншых кандыдатаў. У чым тут прычына?

Я асабіста ведаю некаторых зьбіральнікаў, якія нават былі дэлегатамі Кангрэсу, але зьбіраюць цяпер подпісы ня толькі за Мілінкевіча, але й за іншых дэмакратычных кандыдатаў. Яны тлумачаць гэта так: па-першае, закон не забараняе ўваходзіць у склад некалькіх ініцыятыўных групаў. Па-другое, на сёньняшні дзень няма ніякіх гарантыяў, што кагосьці з прэтэндэнтаў не “зарубяць” пры рэгістрацыі. І далей: ёсьць, прыкладам, сяброўскія адносіны. Скажам, Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец добра знаёмыя з часу абраньня Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Таму сярод зьбіральнікаў подпісаў за Фралова і Скрабца нямала тых самых асобаў.
XS
SM
MD
LG