Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтан беларуска-расейскіх адносінаў: камэнтары з Масквы і Менску


Радыё Свабода Сёньня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка плянуе ўзяць удзел у паседжаньні так званага вышэйшага дзяржсавету саюзнай краіны і міждзяржаўнага савету Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна плянуецца разгледзець 12 пытаньняў, сярод якіх праект Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, увядзеньне адзінай валюты ды іншыя.

Яшчэ ў лістападзе мінулага году плянавалася абмеркаваць праект Канстытуцыйнага акту. Аднак напярэдадні сустрэчы ў вярхах расейскі бок унёс дадатковыя прапановы, і яе перанесьлі на сярэдзіну сьнежня. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што хацеў бы правесьці перамовы ў Менску, бо Беларусь, маўляў, знаходзіцца ў авангардзе інтэграцыі. Напрыканцы мінулага году сустрэча так і не адбылася. Кіраўнік Беларусі зьвінаваціў Крэмль у тым, што новыя папраўкі зацягваюць працэс аб’яднаньня дзьвюх краін. Нарэшце паседжаньне прывязалі да саміту краінаў-удзельніц ЭўрАзЭС. Камэнтуе палітоляг, сустаршыня беларуска-расейскай праваабарончай камісіі Рады пры прэзыдэнту Расеі Сяргей Караганаў.

(Караганаў: ) “Я крайне скептычна стаўлюся, слава Богу, ужо гадоў пяць да ўсіх гэтых канстытуцыйных актаў, да іх амаль 20-ці рэдакцыяў. Я думаю, альбо гэта будзе зусім пустая папера, альбо яе ня будзе, таму што кіраўніцтва Беларусі, зусім відавочна, ня хоча ніякага канстытуцыйнага акту, ніякай рэальнай саюзнай краіны”.

Спадар Караганаў мяркуе, што расейская палітыка адносна Беларусі павінна рэзка памяняцца. І толькі ў такім выпадку можа быць жыцьцяздольным інтэграцыйны праект.

(Караганаў: ) “Гэтая палітыка павінна сыходзіць з таго, што нам выгадная лібэралізацыя эканомікі і дэмакратызацыя палітыкі Беларусі. У адваротным выпадку, нехта паклапоціцца бяз нас аб тым, каб яе лібэралізаваць і дэмакратызаваць. Гэта не азначае, што мы павінны навязваць Беларусі якую-небудзь палітыку, беларусы самі павінны вырашаць, што ім рабіць. Але дапамагаць і стымуляваць іх да гэтага неабходна”.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў нагадвае, што падчас знаходжаньня ў Докшыцах Аляксандар Лукашэнка заявіў: уступленьне Беларусі ў склад Расеі немагчымае. Таму Канстытуцыйны акт, паводле спадара Фёдарава, калі і будзе прыняты, то стане паўтарэньнем пройдзенага. Вялая саюзная рыторыка, аднак, палітычна выгадная абодвум бакам.

(Фёдараў: ) “Значная частка электарату, цяпер ужо ў Беларусі ў меншай ступені, а ў Расеі ўсё яшчэ ў большай, прагне вяртаньня ў тым ці іншым выглядзе Савецкага Саюзу. Гэтая інтэграцыйная тэма, так ці інакш, гэтыя надзеі падтрымлівае. І таму, безумоўна, кіраўніцтву абедзьвюх дзяржаў гэта выгадна, хоць на самой справе шляхі прынцыпова паціху пачынаюць разыходзіцца па розных накірунках. Напрыклад, у эканоміцы ўжо безумоўна. Ва ўнутранай палітыцы, яны, здаецца, якраз збліжаюцца. Галоўнае, гэта зрабіць уражаньне на свой электарат”.
XS
SM
MD
LG