Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На 13 мільёнаў кубамэтраў зьнізіліся пастаўкі расейскага газу ў Беларусь


Радыё Свабода Зьнізіўся аб’ём дастаўкі расейскага газу ў Беларусь. Толькі ў сыстэме канцэрну “Белэнэрга” сталі штодня атрымліваць на 13 мільёнаў кубамэтраў паліва меней. Для кампэнсаваньня недахопу газу, у краіне пакуль выкарыстоўваюць іншыя віды паліва, напрыклад, больш дарагі мазут.

Прычынай зьніжэньня аб’ёму дастаўкі сталі моцныя маразы, якія ўсталяваліся ў Расеі. Такое можна назіраць кожную зіму, калі здараецца рэзкае пахаладаньне, растлумачыў галоўны спэцыяліст канцэрну “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба:

(Кардуба: ) "Заўсёды, калі ў Расеі адбываецца пахаладаньне й паніжаецца тэмпэратура ніжэй за -15 градусаў, газу становіцца меней у трубе. Другі пасыл – калі ў Эўропе адбываецца пахаладаньне, тое самае павялічваецца дастаўка ў Эўропу газу. Гэта таксама прыводзіць да нейкіх абмежаваньняў па краіне".

Да пахаладаньня прадпрыемствы і арганізацыі канцэрну “Белэнэрга” (гэта пераважна цеплавыя электрацэнтралі і станцыі) штодня спажывалі да 43 мільёнаў кубамэтраў газу. Цяпер, калі яны сталі атрымліваць штодня на 13 мільёнаў кубамэтраў меней, даводзіцца выкарыстоўваць мазут.

На выпадак розных заштатных сытуацыяў, калі з дастаўкамі газу могуць быць праблемы, кожную восень рэзэрвуюць каля 400 тысячаў тонаў мазута, кажа спадар Кардуба. Гэта, аднак, вядзе да лішніх выдаткаў: тысяча кубамэтраў газу каштуе амаль 47 даляраў, тона мазута – 170 даляраў. Аднак ніякіх абмежаваньняў у спажываньні цеплавой энэргіі ў краіне ўводзіць не плянуюць, запэўнівае спэцыяліст канцэрну “Белэнэрга”.
XS
SM
MD
LG