Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры зноў паўстане беларускае пытаньне


Радыё Свабода У францускім Страсбуры пачала працу Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ). У часе так званых тэрміновых дэбатаў парлямэнтары абмяркуюць палітычную сытуацыю ў шэрагу постсавецкіх краінаў. Абмеркаваньне беларускага пытаньня заплянаванае на чацьвер.

Заўтра ўдзельнікі сэсіі азнаёміцца з тэкстам адмысловай справаздачы па Беларусі, якую падрыхтаваў папярэдні дакладчык па беларускай праблематыцы Азім Малазадэ. Як паведаміў "Свабодзе" аўтар дакладу, ў сваім паведамленьні ён канстатаваў адсутнасьць палітычнага прагрэсу ў гэтай краіне цягам апошніх гадоў, а таксама даў пэўныя рэкамэндацыі ў гэтым напрамку.

Мяркуецца, што напярэдадні абмеркаваньня дакладу парлямэнтары заслухаюць выступы беларускіх гасьцей. Падкрэсьліваецца, што ўсё яны – як сябры Палаты прадстаўнікоў на чале з Уладзімерам Канаплёвым, так і апазыцыя на чале з Аляксандрам Мілінкевічам, маюць неафіцыйны статус.

Як паведамілі “Свабодзе” крыніцы ў ПАРЭ, напярэдадні з боку асобных дэпутатаў чуліся прапановы адносна аднаўленьня сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы. Аднак большая частка парлямэнтароў ўсё ж выказалася супраць гэтага, паколькі “у гэтай краіне няма дэмакратычных выбараў, існуе палітычная дыскрымінацыя, ёсьць палітычныя вязьні і апазыцыя ня мае свабоднага доступу да СМІ”.

Расейская дэлегацыя на чале з Канстанцінам Касачовым выказалася супраць прапановы запрасіць на дэбаты ў Страсбур беларускую апазыцыю, паколькі гэта, паводле спадара Касачова, “магло стаць відавочным умяшальніцтвам асамблеі у выбарчую кампанію ў Беларусі”.

У выніку было вырашана запрасіць прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў, якія бяруць удзел у гэтай кампаніі”, – сказаў кіраўнік расейскай дэлегацыі Канстанцін Касачоў.

Паводле сябра ПАРЭ, немца Райндэра Штэйнблёка, усё выступы беларускіх гасьцей будуць заслуханыя і ўлічаныя пры прыняцьці рэзалюцыі па Беларусі. Спадар Штэйнблёк называе сябе прадстаўніком парлямэнцкай большасьці ў ПАРЭ.

(Штэйнблёк: ) “Так, я ўпэўнены ў гэтым, паколькі я ёсьць крытыкам рэжыму Лукашэнкі і лічу, што ён нясе адказнасьць за тое, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Я быў зусім нядаўна ў Беларусі – напрыканцы сьнежня мінулага году. Магу сказаць, што эканамічная сытуацыя тут стала лепш, але тое, што тычыць правоў чалавека і ўмоваў, у якіх знаходзіцца апазыцыя, ніколькі не палепшылася.

Канечне, працэс дэмакратызацыі ў Беларусі патрабуе агульных намаганьняў і нямала часу. Цяпер галоўнае, каб Рада Эўропы змагла даслаць сваіх назіральнікаў у гэтую краіну, і каб назіральнікі змаглі там паразмаўляць з самымі рознымі прадстаўнікамі насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG